2 да Карынфянаў 13 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2017
Ужо трэці раз прыходжу да вас: вуснамі двух ці трох сведкаў пацвердзіцца кожнае слова.
Вось, я ўжо трэці раз выбіраюся да вас: «На вуснах двух або трох сведкаў угрунтуецца ўсякая справа».
Я гаварыў раней, калі быў у вас другі раз, і цяпер, калі далёка, паўтараю тым, якія раней зграшылі, і ўсім астатнім, што, калі зноў прыйду, не пашкадую.
Сказаў я ўжо і паўтараю, як быўшы ў вас за другім разам і непрысутны цяпер, тым, што ўжо раней зграшылі, ды ўсім іншым, што, калі зноў прыбуду, не пашкадую,
Вы шукаеце доказу, што праз мяне гаворыць Хрыстус, які не бяссільны перад вамі, але моцны ў вас.
бо вы шукаеце доказаў на тое, ці гаворыць ува мне Хрыстос, Які не слабы адносна вас, але моцны ў вас.
Хоць Ён быў укрыжаваны праз бяссілле, але жыве дзякуючы моцы Божай. Мы таксама бяссільныя ў Ім, але будзем жыць разам з Ім дзякуючы моцы Божай у вас.
Хоць Ён быў укрыжаваны ў кволасці, аднак жыве моцай Божай. І мы таксама бяссільныя ў Ім, але жыць будзем з Ім моцай Божай у вас.
Выпрабоўвайце саміх сябе, ці вы трываеце ў веры? Саміх сябе правярайце. Ці вы не ведаеце, што Езус Хрыстус у вас? А можа, вы нягодныя?
Самі сябе даследуйце, ці трымаецеся веры; самі сябе выпрабуйце. Ці не ведаеце аб саміх сабе, што Ісус Хрыстос у вас? Хіба толькі вы нягодныя?
Спадзяюся, што вы даведаецеся, што мы годныя.
Спадзяюся, што пазнаеце, што мы не нягодныя.
Молімся да Бога, каб вы не рабілі ніякага зла. Не для таго, што мы паказаліся годнымі, але каб вы рабілі дабро, а мы былі як нягодныя.
Таму просім Бога, каб вы нічога благога не рабілі, не дзеля таго, каб мы паказаліся годнымі, але дзеля таго, каб вы рабілі дабро, а мы былі быццам бы нягодныя.
Мы нічога не можам рабіць супраць праўды, толькі дзеля праўды.
Бо не можам нічога супраць праўды, але для праўды.
Таму радуемся, калі мы слабыя, а вы моцныя. Аб гэтым і молімся, аб вашай дасканаласці.
Бо мы цешымся, калі мы слабыя, а вы дужыя; аб гэтым жа і молімся — аб вашай дасканаласці.
Дзеля гэтага я і пішу гэтае, каб, будучы сярод вас, не паступіў сурова паводле ўлады, якую даў мне Пан для будавання, а не для руйнавання.
Таму, вось, адсутны, я пішу, каб прысутны ў вас не мусіў паступаць больш сурова, па ўладзе, якую даў мне Госпад на збудаванне, а не на руйнаванне.
Урэшце, браты, радуйцеся, будзьце дасканалымі, суцяшайцеся, будзьце аднадумцамі, жывіце ў спакоі, і Бог любові і спакою будзе з вамі.
Урэшце, браты, радуйцеся, будзьце дасканалымі, суцяшайце адзін аднаго, будзьце адной думкі, майце супакой, і Бог любові і супакою хай будзе з вамі.
Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе святыя.
Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе святыя.
Ласка Пана Езуса Хрыста і любоў Бога, і еднасць Духа Святога з усімі вамі.
Ласка Госпада Ісуса Хрыста, і любоў Бога, і лучнасць Духа Святога з усімі вамі. Амін.