Дзеі 9 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Саўл усё яшчэ жыў пагрозамі і забойствамі вучняў Пана. Ён прыйшоў да першасвятара
 
Саўл жа, яшчэ дыхаючы пагрозай і забойствам на вучняў Госпадавых, падыйшоў да першасьвятара

і папрасіў у яго лісты да сінагогаў у Дамаску, каб, калі знойдзе якіх-небудзь прыхільнікаў гэтага шляху, мужчын ці жанчын, мог звязаць іх і прывесці ў Ерузалем.
 
і прасіў у яго лісты ў Дамаск да сынагогаў, каб, калі знойдзе некага, хто ёсьць на гэтым шляху, як мужчынаў, так і жанчынаў, зьвязаўшы, весьці ў Ерусалім.

Калі падчас падарожжа ён набліжаўся да Дамаска, раптам святло з неба асвятліла яго.
 
А калі ён ішоў, сталася, як ён наблізіўся да Дамаску, што неспадзявана агарнула яго сьвятло з неба.

Ён упаў на зямлю і пачуў голас, які казаў яму: «Саўле, Саўле, чаму ты пераследуеш Мяне?»
 
І, упаўшы на зямлю, ён пачуў голас, які гаварыў яму: «Саўле, Саўле, чаму ты перасьледуеш Мяне?»

Ён жа сказаў: «Хто Ты, Пане?» А той адказаў: «Я Езус, якога ты пераследуеш.
 
Ён жа сказаў: «Хто Ты, Госпадзе?» А Госпад сказаў: «Я — Ісус, Якога ты перасьледуеш. Цяжка табе супраць ражна ўпірацца».

Устань і ідзі ў горад, там скажуць табе, што ты павінен зрабіць».
 
І ён, дрыжучы і жахаючыся, сказаў: «Госпадзе, што хочаш, каб я рабіў?» І Госпад [кажа] да яго: «Устань і ідзі ў горад, і будзе табе сказана, што ты мусіш рабіць».

Людзі, якія ішлі разам з ім, анямелі, бо чулі голас, але нікога не бачылі.
 
А мужы, якія спадарожнічалі яму, стаялі аслупянеўшы, чуючы голас, а нікога ня бачачы.

Саўл падняўся з зямлі і, хоць вочы былі адкрытыя, нічога не бачыў. Узяўшы за руку, павялі яго ў Дамаск.
 
Саўл жа ўстаў з зямлі, і, адчыніўшы вочы свае, нікога ня бачыў; і ўзяўшы за руку, увялі яго ў Дамаск.

Тры дні ён не бачыў, не еў і не піў.
 
І тры дні ён ня бачыў, і ня еў, і ня піў.

У Дамаску быў адзін вучань па імені Ананія. Пан у бачанні сказаў яму: «Ананія». Той адказаў: «Гэта я, Пане».
 
Быў жа ў Дамаску адзін вучань на імя Ананія. І сказаў да яго Госпад у ві́дзежы: «Ананія!» Ён жа сказаў: «Вось я, Госпадзе!»

Сказаў яму Пан: «Устань і пайдзі на вуліцу, якая завецца Простай, і спытайся ў доме Юды пра Саўла з Тарса, бо ён цяпер моліцца».
 
А Госпад да яго: «Устаўшы, ідзі на вуліцу, называную Простай, і ў доме Юды пашукай Тарсяніна на імя Саўл, бо вось, ён моліцца

А Саўл у візіі ўбачыў чалавека па імені Ананія, які ўвайшоў і ўсклаў на яго рукі, каб ён зноў мог бачыць.
 
і бачыў у ві́дзежы мужа на імя Ананія, які ўвайшоў і ўсклаў на яго руку, каб ён зноў бачыў».

Ананія адказаў: «Пане, шмат ад каго я чуў пра гэтага чалавека, колькі ён учыніў зла Тваім святым у Ерузалеме.
 
Ананія ж адказаў: «Госпадзе, я чуў ад многіх пра мужа гэтага, колькі ліха ўчыніў ён сьвятым Тваім у Ерусаліме;

І тут ён мае ад першасвятароў уладу зняволіць усіх, хто заклікае Тваё імя».
 
і тут ён ма́е ўладу ад першасьвятароў зьвязваць усіх, хто прызывае імя Тваё».

Але Пан сказаў яму: «Ідзі, бо гэты чалавек — Маё выбранае начынне. Ён занясе імя Маё народам, каралям і сынам Ізраэля.
 
А Госпад сказаў да яго: «Ідзі, бо ён — Мая выбраная пасудзіна, каб несьці імя Маё перад паганамі, і валадарамі, і сынамі Ізраіля,

Я пакажу яму, колькі ён павінен выцерпець дзеля Майго імя».
 
бо Я пакажу яму, колькі ён мусіць перацярпець за імя Маё».

Тады пайшоў Ананія і ўвайшоў у дом. І, усклаўшы на яго рукі, сказаў: «Браце Саўле, Пан Езус, які з’явіўся табе на дарозе, якою ты ішоў, паслаў мяне, каб ты зноў мог бачыць і напоўніўся Духам Святым».
 
Ананія пайшоў, і ўвайшоў у той дом, і, усклаўшы на яго рукі, сказаў: «Саўле, браце, Госпад паслаў мяне, Ісус, Які зьявіўся табе на дарозе, па якой ты ішоў, каб ты зноў бачыў і напоўніўся Духам Сьвятым».

Адразу нібы луска спала з ягоных вачэй, і ён стаў бачыць, падняўся і быў ахрышчаны.
 
І адразу нібы луска апала з вачэй ягоных, і стаў бачыць у той жа момант, і, устаўшы, быў ахрышчаны,

А калі спажыў ежу, набраўся сілы. Саўл у Дамаску Некалькі дзён Саўл быў з вучнямі ў Дамаску.
 
і, прыняўшы ежу, умацаваўся. І быў Саўл колькі дзён з вучнямі, што ў Дамаску,

І адразу пачаў абвяшчаць у сінагогах пра Езуса, што Ён — Сын Божы.
 
і адразу абвяшчаў у сынагогах Хрыста, што Ён ёсьць Сын Божы.

Усе, хто чуў, здзіўляліся і казалі: «Ці не той гэта, які пераследаваў у Ерузалеме вызнаўцаў гэтага імя? А сюды прыйшоў для таго, каб зняволіць іх і прывесці да першасвятароў».
 
А ўсе, хто чуў, дзівіліся і казалі: «Ці ня гэта той самы, які нішчыў у Ерусаліме тых, хто прызывае імя гэтае, і сюды прыйшоў дзеля таго, каб іх, зьвязаўшы, весьці да першасьвятароў?»

Але Саўл умацоўваўся яшчэ больш і прыводзіў у замяшанне юдэяў, якія жылі ў Дамаску, даказваючы, што Езус ёсць Хрыстом.
 
А Саўл больш умацоўваўся і трывожыў Юдэяў, якія жылі ў Дамаску, даводзячы, што Гэты [Ісус] ёсьць Хрыстос.

Калі прайшло шмат дзён, юдэі вырашылі забіць яго.
 
Калі ж споўнілася даволі дзён, Юдэі зрабілі нараду, каб забіць яго.

Але Саўл даведаўся пра іх намер. Яны ж удзень і ўначы пільнавалі яго ў брамах, каб забіць.
 
А Саўл даведаўся пра змову іхнюю. І яны сачылі ля брамаў дзень і ноч, каб яго забіць.

Тады вучні ўзялі яго ўначы і спусцілі ў кашы праз мур.
 
А вучні, узяўшы яго, уначы спусьцілі праз мур у кашы́.

Калі ж ён прыйшоў у Ерузалем, спрабаваў далучыцца да вучняў, але ўсе баяліся яго і не верылі, што ён вучань.
 
Прыйшоўшы ж у Ерусалім, Саўл спрабаваў прыстаць да вучняў, і ўсе баяліся яго, ня верачы, што ён — вучань.

Тады Барнаба ўзяў яго і прывёў да Апосталаў і расказаў ім, як у дарозе ён убачыў Пана, і што Пан сказаў яму, і як у Дамаску адважна прапаведаваў у імя Езуса.
 
А Барнаба, узяўшы яго, прывёў да апосталаў і распавёў ім, як у дарозе той бачыў Госпада, і што Ён гаварыў яму, і як ён у Дамаску адважна гаварыў у імя Ісуса.

Як разам з імі ён выходзіў і ўваходзіў у Ерузалем, і адважна прапаведаваў у імя Пана.
 
І быў ён разам з імі, уваходзячы і выходзячы ў Ерусалім, і адважна гаворачы ў імя Госпада Ісуса.

Таксама размаўляў і спрачаўся з эліністамі, якія хацелі забіць яго.
 
Гаварыў таксама і спрачаўся з эліністамі, а тыя намагаліся яго забіць.

Даведаўшыся пра гэта, браты адвялі яго ў Цэзарэю і паслалі ў Тарс.
 
Браты ж, даведаўшыся, вывелі яго ў Цэзарэю і выправілі яго ў Тарс.

А Касцёл па ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі меў спакой, развіваўся і жыў у боязі перад Панам, і напаўняўся суцяшэннем Духа Святога.
 
А цэрквы па ўсёй Юдэі, і Галілеі, і Самарыі мелі супакой, будуючыся і ходзячы ў страху Госпадавым, і праз пацяшэньне Духа Сьвятога памнажаліся.

Калі Пётр абыходзіў усіх, прыйшоў таксама да святых, якія жылі ў Ліддзе.
 
Сталася ж, што Пётар, абыходзячы ўсіх, прыйшоў і да сьвятых, што жылі ў Лідзьдзе.

Там ён знайшоў аднаго чалавека па імені Энэй, які ўжо восем гадоў ляжаў у ложку паралізаваны. Пётр сказаў яму:
 
Знайшоў жа ён там аднаго чалавека, на імя Энэй, які восем гадоў ляжаў у ложку, бо быў спараліжаваны.

«Энэй, Езус Хрыстус аздараўляе цябе, устань і засцялі свой ложак». Той адразу ўстаў.
 
І сказаў яму Пётар: «Энэй, цябе аздараўляе Ісус Хрыстос; устань і пасьцялі сабе». І ён адразу ўстаў.

Бачылі яго ўсе, хто жыў у Ліддзе і Сароне, і навярнуліся да Пана.
 
І бачылі яго ўсе, што жылі ў Лідзьдзе і Сароне, якія зьвярнуліся да Госпада.

У Яфе была адна вучаніца па імені Табіта, што азначае «сарна». Яна рабіла шмат добрых учынкаў і раздавала міласціну.
 
А ў Ёппе была адна вучаніца, на імя Табіта, што ў перакладзе азначае Сарна. Яна была поўная добрых учынкаў і міласьцінаў, якія рабіла.

У тыя дні яна захварэла і памерла. Яе абмылі і паклалі ў святліцы.
 
Сталася ж у тыя дні, што, занядужаўшы, яна памерла. Яе памылі і палажылі ў залі.

Лідда была недалёка ад Яфы, і калі вучні даведаліся, што Пётр там, паслалі да яго двух мужоў з просьбаю: «Прыйдзі неадкладна да нас!»
 
А як Лідда была блізка ад Ёппы, дык вучні, пачуўшы, што там Пётар, паслалі двух мужоў да яго, просячы прыйсьці да іх не марудзячы.

Пётр устаў і пайшоў з імі. А калі ён прыбыў, увялі яго ў святліцу. Усе ўдовы абступілі яго з плачам і паказвалі яму тунікі і вопраткі, якія рабіла Сарна, жывучы з імі.
 
Устаўшы, Пётар прыйшоў да іх, і, як прыйшоў, завялі яго ў залю; і сталі перад ім усе ўдовы, галосячы і паказваючы вопраткі і адзеньне, якія паспраўляла Сарна, як была з імі.

Пётр, адправіўшы ўсіх са святліцы, стаў на калені і памаліўся. Затым павярнуўся да цела і сказаў: «Табіта, устань!» Яна адкрыла свае вочы і, убачыўшы Пятра, села.
 
А Пётар, выслаўшы ўсіх вонкі, укленчыўшы, маліўся і, зьвярнуўшыся да цела, сказаў: «Табіта, устань!» Яна ж адчыніла вочы свае і, убачыўшы Пятра, села.

Ён падаў ёй руку і падняў яе. Пасля паклікаў святых і ўдоваў, і яны ўбачылі яе жывую.
 
А ён, даўшы ёй руку, падняў яе і, клікнуўшы сьвятых і ўдоваў, паставіў яе перад імі жывую.

Пра гэта стала вядома ва ўсёй Яфе, і многія паверылі ў Пана.
 
І сталася ведама па ўсёй Ёппе, і многія паверылі ў Госпада.

А Пётр даволі доўга заставаўся ў Яфе ў нейкага Сымона, гарбара.
 
Сталася ж, што ён даволі дзён заставаўся ў нейкага Сымона гарбара.