Дзеі 16 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна
Прыбыў у Дэрбэ і Лістру. Быў там адзін вучань па імені Цімафей, сын жанчыны юдэйкі, якая паверыла, і бацькі грэка.
І прыйшоў ён у Дэрбу і Лістру. І вось, быў там адзін вучань, на імя Цімафей, сын аднае жанчыны Юдэйскае вернае і ба́цькі Грэка.
Браты ў Лістры і Іконіі добра сведчылі пра яго.
Пра яго сьведчылі браты ў Лістры і Іконіі.
Таму Павел захацеў узяць яго з сабою. Узяўшы, абрэзаў яго дзеля юдэяў, якія былі ў тых мясцінах. Бо ўсе ведалі, што бацька ягоны быў грэкам.
Павал захацеў, каб ён пайшоў з ім, і, узяўшы яго, абрэзаў дзеля Юдэяў, якія былі ў тых месцах, бо ўсе ведалі ба́цьку ягонага, што быў Грэк.
Калі праходзілі праз гарады, наказвалі ім захоўваць пастановы, прынятыя Апосталамі і старэйшынамі ў Ерузалеме.
Калі ж яны праходзілі праз гарады, перадавалі [цэрквам] захоўваць пастановы, вызначаныя апосталамі і старостамі ў Ерусаліме.
Касцёлы ж умацоўваліся ў веры і штодня ўзрасталі ў колькасці.
А цэрквы ўмацоўваліся ў веры і ўзрасталі штодня лікам.
Прайшлі Фрыгію і краіну галатаў, а Дух Святы стрымліваў іх ад абвяшчэння слова ў Азіі.
Прайшоўшы ж праз Фрыгію і Галятыйскую краіну, забараніў ім Сьвяты Дух гаварыць слова ў Азіі.
Прыйшоўшы ў Мізію, спрабавалі ісці ў Бітынію, але Дух Езуса не дазволіў ім.
Прыйшоўшы ў Мізію, спрабавалі ісьці ў Бітынію; і не дазволіў ім Дух.
Тады яны прайшлі Мізію і сышлі ў Трааду.
Дык абмінуўшы Мізію, яны зыйшлі ў Трааду.
І меў Павел уначы бачанне: стаяў перад ім чалавек, нейкі македонец, і прасіў яго, кажучы: «Прыйдзі ў Македонію і дапамажы нам!»
І ўгледзеў Павал уначы ві́дзеж: нейкі муж, Македонец, стаяў, просячы яго і кажучы: «Перайшоўшы ў Македонію, дапамажы нам».
Пасля гэтага бачання мы адразу вырашылі адправіцца ў Македонію, упэўненыя, што Бог паклікаў нас абвяшчаць там Евангелле.
Калі ж убачыў ён ві́дзеж, мы адразу шукалі, каб ісьці ў Македонію, разумеючы, што Госпад паклікаў нас дабравесьціць ім.
Калі мы адплылі з Траады, прыбылі проста ў Саматракі, а на другі дзень у Неапаль,
Дык паплыўшы з Траады, мы наўпрост прыйшлі ў Саматракію, а на заўтра — у Нэапаль,
і адтуль у Філіпы, першы ў той частцы Македоніі горад, калонію. У гэтым горадзе мы прабылі некалькі дзён.
і адтуль — у Філіпы, што ёсьць першы горад тае часткі Македоніі, калёнія. І былі мы ў гэтым горадзе некалькі дзён.
У дзень шабату выйшлі за браму да ракі, дзе, як мы лічылі, адбывалася малітва. Сеўшы, мы размаўлялі з жанчынамі, якія сабраліся.
І ў дзень суботы выйшлі мы за горад да рэчкі, дзе звычайна адбывалася малітва, і, пасеўшы, гаварылі да сабраных жанчынаў.
Адна жанчына, па імені Лідзія, гандлярка пурпурам з горада Тыятыра, якая пакланялася Богу, таксама слухала. Пан адкрыў яе сэрца, каб яна прыняла словы Паўла.
І слухала адна жанчына, на імя Лідзія, гандлярка пурпурам, з гораду Тыятыра, якая пакланялася Богу, і Госпад адчыніў сэрца ейнае, каб зважала на прамову Паўла.
Калі ж яна разам з домам сваім ахрысцілася, папрасіла, кажучы: «Калі лічыце, што я верная Пану, увайдзіце ў мой дом і заставайцеся». І прымусіла нас.
А калі ахрысьцілася яна і дом ейны, яна прасіла, кажучы: «Калі вы лічыце мяне вернай Госпаду, увайшоўшы ў дом мой, жывіце». І затрымала нас.
Калі мы ішлі на малітву, нам сустрэлася адна служанка, якая мела духа прадбачання і прадказаннямі здабывала сваім гаспадарам вялікія сродкі.
Сталася ж, як ішлі мы на малітву, сустрэла нас нейкая служка, якая мела духа вешчага і, варожачы, вялікі заробак давала гаспадарам сваім.
Ідучы за Паўлам і за намі, яна крычала: «Гэтыя людзі — слугі Найвышэйшага Бога, яны абвяшчаюць нам шлях збаўлення».
Яна, ідучы за Паўлам і намі, крычала, кажучы: «Людзі гэтыя — слугі Бога Найвышэйшага, якія прапаведуюць нам шлях збаўленьня!»
Так рабіла яна шмат дзён. Але Павел, раззлаваўшыся, павярнуўся і сказаў духу: «У імя Езуса Хрыста загадваю табе выйсці з яе». І той адразу выйшаў.
А рабіла яна гэта шмат дзён. Павал жа, узлаваўшыся, павярнуўся і сказаў духу: «Загадваю табе ў імя Ісуса Хрыста выйсьці з яе!» І ён выйшаў у той жа час.
Тады гаспадары яе, убачыўшы, што знікла надзея на іхні заробак, схапілі Паўла і Сілу і пацягнулі на рынак да правадыроў.
А гаспадары ейныя, бачачы, што прапала надзея заробку іхняга, схапіўшы Паўла і Сілу, пацягнулі на рынак да начальнікаў.
Прывёўшы іх да кіраўнікоў, сказалі: «Гэтыя людзі, будучы юдэямі, падбухторваюць наш горад
І прывёўшы іх да войтаў, сказалі: «Гэтыя людзі трывожаць наш горад, а яны — Юдэі,
і прапаведуюць звычаі, якія нам, рымскім грамадзянам, нельга прымаць і выконваць».
і прапаведуюць звычаі, якіх нам, Рымлянам, ня сьлед ані прыймаць, ані рабіць».
Тады натоўп паўстаў супраць Паўла і Сілы, а кіраўнікі сарвалі з іх адзенне і загадалі біць розгамі.
І паўстаў натоўп супраць іх, і войты, сарваўшы з іх адзеньне, загадалі біць іх кіямі.
Нанёсшы ім шмат удараў, кінулі ў вязніцу і загадалі вартаўніку пільна сцерагчы іх.
І зрабіўшы ім шмат ранаў, кінулі іх у вязьні́цу, загадаўшы ахоўніку старанна пільнаваць іх.
Атрымаўшы такі загад, ён кінуў іх ва ўнутраную вязніцу і надзеў ім на ногі калодкі.
Ён, атрымаўшы гэткі загад, кінуў іх ва ўнутраную вязьні́цу і ногі іхнія паўшчамляў у калоду.
Каля поўначы Павел і Сіла маліліся, спяваючы гімны Богу, а вязні слухалі іх.
Каля паўночы Павал і Сіла, молячыся, сьпявалі Богу, а вязьні чулі іх.
Раптам пачаўся вялікі землятрус, так што задрыжэлі падмуркі вязніцы. Адразу адчыніліся ўсе дзверы і апалі ўсе путы.
Раптам стаўся вялікі землятрус, так што захісталіся падмуркі вязьні́цы; і адразу адчыніліся ўсе дзьверы, і ў-ва ўсіх паслаблі путы.
Калі вартаўнік прачнуўся і ўбачыў адчыненыя дзверы вязніцы, выцягнуў меч і хацеў забіць сябе, думаючы, што ўсе вязні ўцяклі. Але Павел ускрыкнуў моцным голасам:
Ахоўнік жа, прачнуўшыся і бачачы адчыненыя дзьверы вязьні́цы, дастаўшы меч, меўся забіць сябе, думаючы, што вязьні паўцякалі.
«Не рабі сабе нічога благога, бо ўсе мы тут».
А Павал закрычаў моцным голасам, кажучы: «Не рабі сабе ніякага ліха, бо ўсе мы тут!»
Папрасіўшы святла, вартаўнік увайшоў і, трасучыся, упаў перад Паўлам і Сілам.
Ён жа, папрасіўшы сьвятла, убег і, трасучыся, упаў перад Паўлам і Сілаю,
Затым вывеў іх вонкі і сказаў: «Панове, што мне трэба рабіць, каб збавіцца?» Яны адказалі яму:
і, выводзячы іх вонкі, сказаў: «Панове, што я мушу рабіць, каб быць збаўленым?»
«Вер у Пана Езуса, і збавішся ты і дом твой».
А яны сказалі: «Вер у Госпада Ісуса Хрыста, і будзеш збаўлены ты і дом твой».
І абвясцілі слова Пана яму і ўсім, хто быў у яго доме.
І гаварылі слова Госпадава яму і ўсім, хто ў доме ягоным.
У тую ж гадзіну ночы ён прыняў іх, абмыў раны і адразу ж ахрысціўся сам і ўся яго сям’я.
І ў тую ж гадзіну ўначы ён, узяўшы іх, памыў ім раны, і адразу быў ахрышчаны сам і ўсе ягоныя.
Потым завёў іх у свой дом, накрыў ім стол і з усімі хатнімі сваімі цешыўся, што паверыў у Бога.
І завёўшы іх у дом свой, паставіў стол і радаваўся з усім домам, што паверыў у Бога.
Калі настаў дзень, кіраўнікі паслалі ліктараў, кажучы: «Вызвалі гэтых людзей!»
А як настаў дзень, паслалі войты жандараў, кажучы: «Вызваль людзей гэтых».
Вартаўнік паведаміў пра гэта Паўлу: «Кіраўнікі сказалі адпусціць вас. Таму цяпер выходзьце і ідзіце ў супакоі».
Ахоўнік жа паведаміў словы гэтыя Паўлу: «Войты паслалі, каб цяпер вызваліць вас. Дык, выйшаўшы, ідзіце ў супакоі».
Але Павел сказаў ім: «Нас, рымскіх грамадзянаў, прылюдна білі, кінулі ў вязніцу, а цяпер нас употай выпускаюць. Не, няхай прыйдуць і самі вывядуць нас».
А Павал прамовіў да іх: «Нас, людзей Рымскіх, без суду зьбіўшы прынародна, кінулі ў вязьні́цу, і цяпер цішком выганяюць нас? О, не! Але няхай самі, прыйшоўшы, вывядуць нас».
Ліктары паведамілі гэтыя словы кіраўнікам. Тыя спалохаліся, пачуўшы, што гэта рымскія грамадзяне.
Жандары абвясьцілі словы гэтыя войтам, і тыя спалохаліся, пачуўшы, што яны — Рымляне.
Таму прыйшлі і перапрасілі іх. І, вывеўшы, папрасілі пакінуць горад.
І, прыйшоўшы, перапрашалі іх, і, вывеўшы, прасілі пайсьці з гораду.
Калі яны выйшлі з вязніцы, прыйшлі да Лідзіі, а калі ўбачылі братоў, далі ім настаўленні і адышлі.
Выйшаўшы ж з вязьні́цы, яны прыйшлі да Лідзіі, і, убачыўшы братоў, суцяшалі іх, і пайшлі.