Дзеі 8 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна
Саўл жа быў згодны з ягоным забойствам.У той дзень пачаўся вялікі пераслед Касцёла ў Ерузалеме. Усе, акрамя Апосталаў, разышліся па краінах Юдэі і Самарыі.
А Саўл згаджаўся на забойства яго. Сталася ж у той дзень вялікае перасьледваньне царквы ў Ерусаліме. І ўсе, акрамя апосталаў, былі расьцярушаныя па ваколіцах Юдэі і Самарыі.
Стэфана пахавалі пабожныя людзі і ўчынілі па ім вялікі плач.
А Стэфана пахавалі мужы пабожныя і ўчынілі па ім галашэньне вялікае.
А Саўл нішчыў Касцёл, уваходзіў у дамы, забіраючы мужчын і жанчын і кідаючы іх у вязніцу.
Саўл жа нішчыў царкву, уваходзячы ў дамы, і, цягнучы мужчынаў і жанчынаў, аддаваў [іх] у вязьні́цу.
Тыя ж, хто рассеяўся, хадзілі, абвяшчаючы слова Евангелля.
А тыя, што расьцярушыліся, хадзілі, дабравесьцячы слова.
Філіп жа прыйшоў у самарыйскі горад і абвяшчаў там Хрыста.
Філіп жа, зыйшоўшы ў горад Самаранскі, абвяшчаў ім Хрыста.
А людзі аднадушна слухалі і прымалі тое, што казаў Філіп, бо бачылі ўчыненыя ім знакі.
І натоўпы прыслухоўваліся да ўсяго, што казаў Філіп, аднадушна слухаючы і бачачы знакі, якія ён чыніў.
З многіх апантаных выходзілі з вялікім крыкам нячыстыя духі, шмат паралізаваных і кульгавых было аздароўлена.
Бо з многіх, якія мелі духаў нячыстых, яны выходзілі, крычучы моцным голасам, а шмат спараліжаваных і кульгавых былі аздароўленыя.
І была вялікая радасць у тым горадзе.
І сталася радасьць вялікая ў горадзе тым.
Быў нейкі чалавек, па імені Сымон, які раней у тым жа горадзе займаўся чарадзействам і здзіўляў народ Самарыі, выдаючы сябе за кагосьці вялікага.
А быў раней у гэтым горадзе нейкі муж на імя Сымон, які чараваў і зьдзіўляў народ Самарыі, называючы сябе некім вялікім.
Усе, ад малога да вялікага, прыслухоўваліся да яго, кажучы: «У ім — моц Божая, якая завецца вялікай».
І прыслухоўваліся да яго ўсе ад малога да вялікага, кажучы: «Ён ёсьць вялікая моц Божая».
І слухаліся яго, бо ён доўгі час здзіўляў іх чарадзействам.
Прыслухоўваліся ж да яго дзеля таго, што ён даволі часу чараваньнем зьдзіўляў іх.
Калі ж яны паверылі Філіпу, які абвяшчаў Евангелле пра Валадарства Божае і імя Езуса Хрыста, то пачалі прымаць хрост, і мужчыны, і жанчыны.
А калі паверылі Філіпу, які дабравесьціў пра Валадарства Божае і імя Ісуса Хрыста, былі ахрышчаны як мужчыны, так і жанчыны.
Паверыў і сам Сымон і, прыняўшы хрост, трымаўся Філіпа; бачачы знакі і цуды, ён моцна дзівіўся.
Дый Сымон і той паверыў, і, ахрысьціўшыся, трываў пры Філіпе. А бачачы знакі і цуды вялікія, што рабіліся, дзівіўся.
Калі ж Апосталы ў Ерузалеме пачулі, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна,
Апосталы ж, што былі ў Ерусаліме, пачуўшы, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна,
якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб яны прынялі Духа Святога,
якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб атрымалі Духа Сьвятога,
таму што Ён яшчэ не сыходзіў ні на кога з іх, бо яны былі толькі ахрышчаныя ў імя Пана Езуса.
бо Ён ня быў на нікога з іх зыйшоўшы, а толькі былі яны ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса.
Тады Апосталы ўскладалі на іх рукі, і яны атрымлівалі Духа Святога.
Тады яны ўсклалі на іх рукі, і яны атрымалі Духа Сьвятога.
Калі ж Сымон убачыў, што праз ускладанне рук Апосталаў удзяляецца Дух Святы, прынёс ім грошы,
Сымон жа, пабачыўшы, што праз ускладаньне рук апосталаў даецца Дух Сьвяты, прынёс ім грошы,
кажучы: «Дайце і мне такую ўладу, каб кожны, на каго ўскладу рукі, атрымаў Духа Святога».
кажучы: «Дайце і мне гэткую ўладу, каб той, на каго ўскладу рукі, атрымаў Духа Сьвятога».
Але Пётр сказаў яму: «Срэбра тваё няхай будзе з табой на пагібель, бо ты думаў за грошы набыць дар Божы.
Пётар жа сказаў яму: «Няхай срэбра тваё будзе з табой на загубу, бо дар Божы ты думаў за грошы здабыць.
Няма табе ў гэтым ні часткі, ні долі, бо тваё сэрца няшчырае перад Богам.
Няма табе часткі і жэрабя ў слове гэтым, бо сэрца тваё ня шчырае перад Богам.
Таму адвярніся ад свайго зла і прасі Пана, можа тады даравана будзе табе задума твайго сэрца.
Дык навярніся ад гэтай ліхоты тваёй і прасі Бога, можа, будзе адпушчана табе задума сэрца твайго.
Бо я бачу, што ты напоўнены горкай жоўцю і знаходзішся ў путах несправядлівасці».
Бо бачу цябе ў гарчыні жоўці і ў вузьле няправеднасьці».
Сымон адказаў: «Маліцеся за мяне да Пана, каб не напаткала мяне нішто са сказанага вамі».
А Сымон, адказваючы, сказаў: «Маліцеся вы за мяне да Госпада, каб не прыйшло на мяне тое, што вы сказалі».
Тады яны, даўшы сведчанне і абвясціўшы слова Пана, пайшлі назад у Ерузалем і абвяшчалі Евангелле ў многіх самарыйскіх паселішчах.
Яны ж, засьведчыўшы і расказаўшы слова Госпадава, вярнуліся ў Ерусалім, дабравесьцячы ў многіх мястэчках Самаранскіх.
Анёл Пана сказаў Філіпу: «Устань і ідзі на поўдзень на дарогу, што вядзе з Ерузалема ў Газу; яна пустая».
А анёл Госпадаў прамовіў да Філіпа, кажучы: «Устань і ідзі на поўдзень, на шлях, які зыходзіць з Ерусаліму ў Газу, той, які пусты».
Той, устаўшы, пайшоў. І вось, муж эфіопскі, еўнух, вяльможа Кандакі, каралевы эфіопаў, пастаўлены над усімі яе скарбамі, які прыязджаў у Ерузалем, каб пакланіцца Богу,
І, устаўшы, ён пайшоў. І вось, муж Этыёпскі, эўнух, можны Кандакіі, валадаркі Этыёпаў, які быў над усімі скарбамі ейнымі і прыйшоў у Ерусалім пакланіцца,
вяртаўся і, седзячы на сваёй павозцы, чытаў прарока Ісаю.
вяртаўся назад, і сядзеў на калясьніцы сваёй, і чытаў прарока Ісаю.
Дух сказаў Філіпу: «Падыдзі і далучыся да яго павозкі».
А Дух сказаў Філіпу: «Падыйдзі і прыстань да калясьніцы гэтай».
Калі Філіп падбег, пачуў, што той чытае прарока Ісаю, і запытаўся: «Ці разумееш, што чытаеш?»
Прыбегшы, Філіп пачуў, што той чытае прарока Ісаю, і сказаў: «Ці разумееш тое, што чытаеш?»
Той адказаў: «Як жа магу разумець, калі ніхто не павучыў мяне?» І папрасіў Філіпа падняцца і сесці з ім.
Той жа сказаў: «Як жа я магу, калі нехта не растлумачыць мне?» І папрасіў Філіпа, узыйшоўшы, сесьці з ім.
А ўрывак з Пісання, якое ён чытаў, быў такі: «Як авечка, якую вядуць на зарэз,як ягня, што маўчыць перад тымі, хто стрыжэ яго,так і ён не адкрыў вуснаў сваіх.
А ўрывак Пісаньня, які ён чытаў, быў гэткі: «Як авечку на зарэз, вялі Яго; і як ягня безгалосае перад тым, хто стрыжэ, гэтак Ён не адчыняе вуснаў Сваіх.
У пакоры сваёй быў асуджаны;і хто раскажа пра ягоны род?Бо забіраюць з зямлі жыццё ягонае».
У паніжэньні Ягоным суд Ягоны ўзяты. А паходжаньне Ягонае хто распавядзе? Бо жыцьцё Ягонае будзе ўзята ад зямлі».
Еўнух спытаўся ў Філіпа: «Прашу цябе, скажы, пра каго гэта кажа прарок? Ці пра сябе, ці пра каго іншага?»
Адказваючы, эўнух сказаў Філіпу: «Прашу цябе, пра каго прарок гаворыць гэтае? Пра самога сябе ці пра каго іншага?»
Тады Філіп раскрыў вусны свае і, пачынаючы з гэтага месца Пісання, абвяшчаў яму Евангелле пра Езуса.
А Філіп, адчыніўшы вусны свае і пачаўшы ад Пісаньня гэтага, дабравесьціў яму Ісуса.
Калі яны ехалі па дарозе, наблізіліся да нейкай вады, і еўнух сказаў: «Вось вада. Што перашкаджае мне ахрысціцца?»
А як ехалі па дарозе, прыйшлі да вады; і кажа эўнух: «Вось вада. Што перашкаджае мне быць ахрышчаным?»
[отсутсвует]
А Філіп сказаў: «Калі верыш з усяго сэрца, можна». Ён жа, адказваючы, сказаў: «Веру, што Ісус Хрыстос ёсьць Сын Божы».
Ён загадаў спыніць павозку. Абодва, Філіп з еўнухам, сышлі ў ваду, і Філіп ахрысціў яго.
І загадаў спыніць калясьніцу. І зыйшлі абодва ў ваду, як Філіп, так і эўнух, і ахрысьціў яго.
Калі выйшлі з вады, Дух Пана падхапіў Філіпа, і еўнух ужо больш не бачыў яго, і працягваў свой шлях, радуючыся.
Калі ж выйшлі яны з вады, Дух Госпадаў падхапіў Філіпа, і эўнух больш ня бачыў яго, бо паехаў у сваю дарогу, радуючыся.
А Філіп прыбыў у Азот і, ідучы, абвяшчаў Евангелле ва ўсіх гарадах, пакуль не прыйшоў у Цэзарэю.
А Філіп апынуўся ў Азоце; і, праходзячы, дабравесьціў па ўсіх гарадах, пакуль прыйшоў у Цэзарэю.