Да Каласянаў 2 разьдзел
Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна
Бо я хачу, каб вы ведалі, якую барацьбу я маю за вас і за тых, што ў Ляодыкіі і за ўсіх, што ня бачылі аблічча майго ў целе,
Бо хачу, каб вы ведалі, якую вялікую барацьбу я ма́ю дзеля вас і дзеля тых, што ў Ляадыкеі, і дзеля ўсіх, якія ня бачылі аблічча майго ў целе,
каб сталіся ўсьцешанымі сэрцы іхныя, злу́чаныя ў любові, і дзеля ўсяго багацьця паўнаты разуменьня, дзеля пазнаньня тайны Бога і Ба́цькі і Хрыста,
каб суцешыліся сэрцы іхнія, злучаныя ў любові і дзеля ўсякага багацьця пэўнага разуменьня, дзеля пазнаньня тайны Бога — і Айца, і Хрыста,
у Якім усе скарбы мудрасьці і разуменьня схаваны.
у Якім усе скарбы мудрасьці і веданьня схаваныя.
А кажу вам гэтае, каб хто-небудзь ня зьвёў вас ілжэпераконваючымі словамі.
А кажу гэта, каб хто ня ўвёў вас у зман пераканаўчымі словамі.
Бо хаця я целам і адсутнічаю, але духам я разам з вамі, радуючыся і бачучы ваш парадак і цьвёрдасьць веры вашай у Хрыста.
Бо хоць я і адсутны целам, але духам я з вамі, радуючыся і бачачы ваш парадак і ўмацаванасьць веры вашае ў Хрыста.
Таму, як вы прынялі Хрыста Ісуса, Госпада, гэтак і хадзіце ў Ім,
Дык як вы прынялі Хрыста Ісуса, Госпада, так хадзіце ў Ім,
будучы ўкарэненымі і будуемымі на Ім, і мацуемымі ў веры, як вы навучаны, збыткуючы ў ёй з удзячнасьцю.
укарэненыя і збудаваныя ў Ім, і сьцьверджаныя ў веры, як вы былі навучаныя, багацеючы ў ёй з падзякаю.
Глядзіце, каб ніхто вас ня захапіў хвілязохвіяй і пустым ашуканствам паводля традыцыі людзей, паводля стыхіяў гэтага сьвету, а ня паводля Хрыста;
Глядзіце, каб хто не збаламуціў вас філасофіяй і пустым падманам паводле традыцыі чалавечай, паводле стыхіяў сьвету, а не паводле Хрыста.
таму што ў Ім прабывае ўся паўната Боства цялесна,
Бо ў Ім жыве ўся поўня Боства цялесна,
і вы напоўнены ў Ім, Які ёсьць Галава ўсякага начальства і ўлады.
і вы напоўненыя ў Ім, Які ёсьць галава ўсякага начальства і ўлады.
У Ім і вы абрэзаны абразаньнем нярукатворным, зьмярцьвеньнем цела грахоў, плоці, абразаньнем Хрыстовым,
У Ім і вы абрэзаныя абразаньнем, не рукою зробленым, якое зьняла цела грахоў цялесных, абразаньнем Хрыстовым.
быўшы пахаванымі зь Ім у хрышчэньні, у якім і ўваскрэсьлі зь Ім праз веру ў сілу Бога, Які ўваскрасіў Яго зь мёртвых.
Пахаваныя з Ім у хрышчэньні, у Ім вы і ўваскрэсьлі праз веру ў дзеяньне Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых,
І вас, якія былі мёртвымі ў грахах і ў няабразаньні плоці вашай, Ён ажывіў зь Ім, дараваўшы нам усе грахі,
і вас, якія былі мёртвыя ў грахах і неабразаньні цела вашага, Ён ажывіў разам з Ім, дараваўшы нам усе грахі,
зьнішчыўшы ру́капіс пастаноў адносна нас і даўгоў нашых, што было супраць нас, Ён узяў яго з асяродку нашага і прыцьвікаваў яго да крыжу;
сьцёршы рукапіс пастановаў, што былі супраць нас; і забраў яго спасярод, прыбіўшы да крыжа,
абяззброіўшы начальствы і ўлады, выставіў іх на пасьмешышча, перамогшы іх ім (крыжам).
распрануўшы начальствы і ўлады, адважна аддаў іх на сорам, трыюмфуючы над імі ў Ім.
Дык вось, няхай ніхто ня асуджае вас за ежу ці пітво, ці за ўдзел у якім-небудзь сьвяце, ці (за сьвяткаваньне) маладзіка, ці за суботу,
Дык няхай ніхто ня су́дзіць вас за ежу, ці за пітво, ці за ўдзел у сьвяце, ці маладзіку́, ці субоце.
усё гэтае зьяўляецца це́нем будучага, а цела — Хрыста.
Гэта ёсьць цень таго, што мае быць, а цела — Хрыстовае.
Няхай ніхто ня зводзіць вас паказнымі ціхасьцю і мудрасьцю ды служэньнем Ангелаў, урываючыся ў тое, чаго ня бачыў, марна хванабэрачыся плацкім розумам сваім
Няхай ніхто не пазбавіць вас нагароды праз самавольнае ўпакорваньне і набажэнства анёлам, уваходзячы ў тое, чаго ня бачыў, дарэмна ўзганарыўшыся розумам цела свайго
і ня трымаючыся Галавы ад Якой усё цела суставамі і зьвязкамі, злучанае і змацаванае, расьце ростам Божым.
і не трымаючыся Галавы, ад якое ўсё цела, вязямі і вузламі змацаванае і злучанае, расьце ўзрастаньнем Божым.
Дык калі вы памерлі з Хрыстом для стыхіяў гэтага сьвету, то чаму вы падпарадкоўваецеся пастановам, быццам тыя, што жывуць па-сьвецку:
Дык калі вы памерлі разам з Хрыстом для стыхіяў сьвету, чаго ж, быццам жывучы́ ў сьвеце, трымаецеся пастановаў:
«ня чапай, ня еш, і ня дакранайся» (да таго),
«Не дакранайся, і не каштуй, і не чапай»,
што ўсё ёсьць на тленьне ад ужываньня? (А вы падпарадкуецеся) адпаведна прыказаньням і навуцы чалавечым.
што ўсё [вядзе] да сапсутасьці праз [само] ўжываньне, паводле пастановаў і навукі чалавечае?
Гэта мае толькі выгляд ціхасьці і мудрасьці ў выдуманым служэньні са змардаваньнем цела і абясцэненьнем клопату аб правільным насычэньні цела.
Гэтае слова нібыта мае мудрасьць у самавольным набажэнстве, упакорваньні і мардава́ньні цела, не ў паша́не да таго, што насычае цела.