Адкрыцьцё 19 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Сабілы і Малахава → Дабравесце паводле Марка. З аўдыёкасет

 
 

І пасьля гэтага я пачуў на небе моцны голас народу шматлікага, які гаварыў: галілуя (хваліце вы Ягову)! збаўленьне і слава, і чэсьць, і сіла Госпаду Богу нашаму!
 

Таму што праўдзівыя і праведныя суды Ягоныя, таму што Ён засудзіў блудадзейку вялікую, якая разбэшчвала зямлю блудадзействам сваім, і Ён спагнаў кроў рабоў Сваіх ад рукі ейнай.
 

І паўторна яны сказалі: галілуя (хваліце вы Ягову)! і дым ейны ўздымаецца ў вяках вякоў.
 

Тады ўпа́лі дваццаць чатыры старэйшыны і чатыры жывёлы і пакланіліся Богу, Які сядзеў на Пасадзе, кажучы: амін, галілуя (хваліце вы Ягову)!
 

І выйшаў голас з Пасаду, які мовіў: хваліце Бога нашага ўсе рабы Ягоныя і тыя, што баяцца Яго, і малыя і вялíкія.
 

І я пачуў быццам голас народу шматлікага і быццам шум водаў многіх, і быццам грымоту громаў моцных, якія кажуць: галілуя (хваліце вы Ягову)! таму што заваладарыў Госпад Бог Уседзяржыцель.
 

Радуймася і весялімася, і давайма славу Яму, таму што надыйшло вясельле Ягняка́, і жонка Ягоная прыгатавала сябе.
 

І дадзена было ёй, каб яна апранулася ў віссон чысты і сьветлы; віссон жа ёсьць ўчынкі праведнасьці сьвятых.
 

І (Ангел) гаворыць мне: напішы: шчасьлівыя запрошаныя на вячэру вясельля Ягняка́. І кажа мне: гэтыя словы ёсьць сапраўдныя (Словы) Бога.
 

Тады я ўпаў да ног ягоных, каб пакланіцца яму, але ён гаворыць мне: глядзі, ня (рабі гэтага); (таму што) я суслужнік твой і братоў тваіх, якія маюць сьведчаньне Ісуса. Богу пакланіся, таму што сьведчаньне Ісуса ёсьць дух прароцтва.
 

І я ўбачыў Неба расчыненае. І вось конь белы, і Сядзяшчы на ім, Якога называюць Верны і Праўдзівы; і Ён судзіць і ваюе па справядлівасьці.
 

А Вочы Ягоныя, як полымя агню, і на Галаве Ягонай шмат дыядэмаў. (Ён) мае Імя напісанае, якога ніхто ня ведае, апрача Яго Самога.
 

І (Ён) апрануты ў вопратку, змочаную крывёю. І называецца Імя Ягонае: Слова Бога.
 

І войскі на Небе ішлі ўсьлед за Ім на конях белых, апранутыя ў віссон белы і чысты.
 

І із вуснаў Ягоных выходзіць меч востры, каб ім (Ён) падпарадкаваў народы. І Ён будзе пасьвіць іх ськіпетрам жалезным. І Ён топча чавільню віна помсты і гневу Бога Ўседзяржыцеля.
 

І (Ён) мае на вопратцы і на сьцягне Сваім напíсанае Імя: Кароль (над) каралямі і Госпад валадароў.
 

І я ўбачыў аднаго Ангела, стоячы на сонцы; і ён крыкнуў голасам моцным, кажучы ўсім птушкам, якія лётаюць на ўзвышшы неба: ляціце, зьбірайцеся сюды на вячэру Вялікага Бога,
 

каб пажэрці трупы каралёў і трупы тысячнікаў і трупы ду́жых, і трупы коней і коньнікаў на іх, і трупы ўсіх вольных і рабоў, і малых, і вялікіх.
 

І я ўбачыў зьвера і валадароў зямлі, і войскі іхныя, сабраныя каб учыніць вайну супраць Сядзяшчага на кані і супраць войска Ягонага.
 

І схоплены быў зьвер і зь ім ілжэпрарок, што чыніў знакі перад ім, якімі ён зблудзіў тых, што прынялі кляймо зьвера і тых, што пакланяюцца абразу́ ягонаму: абое жывыя ўкінуты ў возера агню, палаючае серкаю;
 

а астатнія былі забіты мечам Сядзяшчага на кані, які выходзіў з вуснаў Ягоных; і ўсе птушкі насыціліся трупамі іхнімі.