Адкрыцьцё 6 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

І я ўбачыў, як Ягняк зьняў адну з пячаткаў, і (я) пачуў адну з чатырох жывёлаў, гаворачы быццам голасам грому: Ідзі і глядзі.
 

І я глянуў, і вось, конь белы, і коньнік на ім, які меў лук, і даны быў яму вянок; і выйшаў ён перамагаючы і каб перамагчы.
 

І, калі (Ён) зьняў другую пячатку, я пачуў другую жывёлу, гаворачы: Ідзі і глядзі.
 

І выйшаў іншы конь, руды; і коньніку на ім дана было яму ўзяць супакой ізь зямлі, і каб адзін аднаго забівалі, і даны быў яму меч вялікі.
 

І калі (Ён) зьняў трэйцюю пячатку, я пачуў трэйцюю жывёлу, гаворачы: Ідзі і глядзі. І я глянуў, і вось конь вараны, і коньнік на ім ма́ючы вагу́ ў руцэ сваёй.
 

І я пачуў голас пасярод чатырох жывёлаў, гаворачы: хінікс пшаніцы за дынар, і тры хíніксы ячме́ню за дынар; а аліўкавага алею і віна ня марнуй.
 

І калі (Ён) зьняў чацьвёртую пячатку, я пачуў голас чацьвёртай жывёлы, гаворачы: Ідзі і глядзі.
 

І я глянуў, і вось конь бле́ды, і коньнік на ім, імя якому сьмерць; і пекла ішло разам зь ім; і дана ім улада над чацьвёртай (часткай) зямлі забіваць мечам і голадам, і сьмерцяй, і дзікімі зьвярамі зямлі.
 

І калі (Ён) зьняў пятую пячатку, я ўбачыў пад ахвярнікам душы забітых за Слова Бога і за сьведчаньне, якое яны мелі.
 

І яны крычалі моцным голасам, кажучы: дакуль, Валадару, Сьвяты і Праўдзівы, ня судзіш і ня спаганяеш за кроў нашую з тых, што жывуць на зямлі?
 

І даны былі кожнаму вопраткі бе́лыя, і было ска́зана ім, каб супакоіліся яшчэ на малы час, пакуль (лік іх) ня дапоўняць і іхныя суслужнікі і браты іхныя, якія маюць быць забітымі, як і яны.
 

І я глянуў як (Ён) зьняў пячатку шостую, і вось стаўся вялікі землятрус, і сонца сталася чорным, як валасяніца, і месяц стаўся, як кроў.
 

І зоры нябесныя ўпалі на зямлю, як смакоўніца скіда́е нясьпелыя смоквы свае, тре́сеная моцным ветрам.
 

І неба зьвілося, як скрутак, які скручваецца; і ўсякая гара і востраў былі зру́шаны са сваіх мейсцаў.
 

І валадары зямлі і магнаты, і багацеі, і тысячнікі, і асілкі, і ўсякі раб, і кожны вольны схаваліся ў пячоры і між скалаў гор,
 

і кажуць горам і скалам: упадзеце на нас і схавайце нас ад Аблічча Сядзячага на Пасадзе і ад гневу Ягняка́.
 

Таму што прыйшоў вялікі Дзень гневу Ягонага. І хто можа выстаяць?