Адкрыцьцё 2 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

Ангелу царквы (што) у Эхвесе напішы: Гэта гаворыць Той, што трымае сем зор у правай (Руцэ) Сваёй, (і) што ходзіць пасярод сямі сьветачаў залатых:
 

Ведаю ўчынкі твае і працу тваю, і цярпеньне тваё, і што ты ня можаш трываць нягодных, і выпрабаваў тых, што называюць сябе апосталамі, але ня ёсьць (такімі), і знайшоў, што яны ілгуны.
 

А ты (шмат) ператрываў і маеш цярпеньне, і дзеля Імені Майго натужна працаваў і ня зьнямагаўся.
 

Але (Я) маю супраць цябе (тое), што ты занядбаў першую любоў тваю.
 

Дык успомні, адкуль ты выпаў, і пакайся, і рабі першыя чыны твае; а калі не, дык хутка прыйду да цябе і зру́шу сьветач твой зь мейсца ягонага, калі ня пакаешся.
 

Аднак тое маеш, што нянавідзіш учынкі мікалаітаў, якія і Я нянавіджу.
 

Хто мае вуха, пачуй, што Дух гаворыць цэрквам: хто пераможа, таму дам есьці ад дрэва жыцьця, якое ёсьць пасярод раю Бога.
 

І ангелу царквы ў Сьмірне напішы: Вось што кажа Першы і Апошні, Які быў мёртвы і ажыў:
 

Ведаю твае ўчынкі і бяду (тваю) і ўбожства (тваё), але ты багаты; і зьнявагу (ад) тых, што называюць сябе юдэямі, ды ня зьяўляюцца (такімі), але сынагога шатана.
 

Ня бойся нічога, што ты маеш цярпець. Вось д’ябал маніцца ўкінуць (нікаторых) з вас у вязьніцу, каб вы былі спаку́шаны, і будзеце мець гора дзесяць дзён. Будзь верны аж да сьмерці, і дам табе вянок жыцьця.
 

Хто мае вуха, пачуй, што Дух кажа цэрквам: хто пераможа, ня будзе пашкоджаны ад другой сьмерці.
 

І ангелу царквы ў Пергаме напішы: Вось што кажа Той, Хто мае меч двусечны востры:
 

Ведаю ўчынкі твае, і дзе ты жывеш — там, дзе пасад шата́на, і трымаеш Імя Маё ды ня адрокся ад веры Маёй нават у тыя дні, у каторыя Анціпа, сьведка Мой верны, быў забіты ў вас, дзе жыве шатан.
 

Аднак маю супраць цябе няшмат, бо маеш тамака такіх, што трымаюцца навукі Балаама, які навучыў Балака пакласьці спакусу перад сынамі Ізраэля есьці ахвяры балваном і блудадзейнічаць.
 

Таксама і ты маеш такіх, што трымаюцца навукі мікалаітаў, якую Я нянавіджу.
 

Пакайся, а калі не, (дык) хутка прыйду да цябе і буду ваяваць зь імі мечам Вуснаў Маіх.
 

Хто мае вуха, пачуй, што Дух гаворыць цэрквам: Хто пераможа, дам таму спажыць ад манкі схаванай і дам яму камень белы, а на ка́мені імя новае напісанае, якога ніхто ня пазнаў, акрамя таго, хто атрымаў.
 

І ангелу царквы ў Тыатырах напішы: Гэта кажа Сын Бога, Які мае Вочы Свае, як полымя агню, а Ногі Ягоныя падобныя да халкалівану (быццам у печы распа́леныя):
 

Ведаю ўчынкі твае і любоў (Божую), і служэньне, і веру, і цярплівасьць тваю, і ўчынкі твае ды што апошнія большыя за першыя.
 

Але маю крыху супраць цябе: бо дазваляеш жанчыне Язабэлі, што называе сябе прарочыцай, вучыць і зводзіць Маіх рабоў блудадзейнічаць і есьці ахвяры балваном.
 

І Я даў ёй час, каб пакаялася ў блудадзействе сваім, але яна ня пакаялася.
 

Вось Я кíдаю яе на ложак і тых, што чужаложаць зь ёю ў вялікую тугу, калі ня пакаюцца ва ўчынках сваіх.
 

І дзяцей яе на сьмерць заб’ю. І даведаюцца ўсе цэрквы, што Я ёсьць Дасьледчык думкаў і сэрцаў. І аддам вам кожнаму па ўчынках вашых.
 

Вам жа кажу і астатнім, каторыя ў Тыатырах — усім, каторыя ня маюць гэтага вучэньня і каторыя, як кажуць, ня пазналі глыбінь шата́на, ня ўскладу на вас іншага цяжару,
 

аднак, што маеце, утрымайце да таго часу, пакуль прыйду́.
 

І таму, хто пераможа і хто выканае да канца ўчынкі Мае, таму дам уладу над паганамі.
 

І будзе пасьвіць іх кіям жалезным; як посуд гліняны яны будуць пакрышаны, як і Я атрымаў (уладу) ад Ба́цькі Майго;
 

і дам яму зорку ранішнюю.
 

Хто мае вуха, пачуй, што Дух гаворыць цэрквам.