Адкрыцьцё 2 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Ангелу царквы (што) у Эхвесе напішы: Гэта гаворыць Той, што трымае сем зор у правай (Руцэ) Сваёй, (і) што ходзіць пасярод сямі сьветачаў залатых:
А́нгелу Эфе́скай Царквы́ напішы́: так ка́жа Той, Хто трыма́е сем зорак у пра́вай руцэ́ Сваёй, Хто хо́дзіць сяро́д сямí залаты́х свяцíльнікаў:
Ведаю ўчынкі твае і працу тваю, і цярпеньне тваё, і што ты ня можаш трываць нягодных, і выпрабаваў тых, што называюць сябе апосталамі, але ня ёсьць (такімі), і знайшоў, што яны ілгуны.
«ве́даю спра́вы твае, і пра́цу тваю, і сто́йкасць тваю, і тое, што ты не можаш трыва́ць ліхíх людзе́й, і ты вы́прабаваў тых, якія называ́юць сябе апо́сталамі, а імі не з’яўля́юцца, і вы́явіў, што яны лжы́выя;
А ты (шмат) ператрываў і маеш цярпеньне, і дзеля Імені Майго натужна працаваў і ня зьнямагаўся.
ты мно́гае вы́трываў і маеш сто́йкасць, і дзе́ля імя́ Майго працава́ў ты і не знямо́г.
Але (Я) маю супраць цябе (тое), што ты занядбаў першую любоў тваю.
Але ма́ю су́праць цябе тое, што ты пакíнуў пе́ршую любо́ў тваю.
Дык успомні, адкуль ты выпаў, і пакайся, і рабі першыя чыны твае; а калі не, дык хутка прыйду да цябе і зру́шу сьветач твой зь мейсца ягонага, калі ня пакаешся.
Дык вось, згада́й, адку́ль ты ўпаў, і пака́йся, і рабí тыя спра́вы, што і ране́й; а калі не, то ху́тка прыйду́ да цябе і зру́шу свяцíльнік твой з ме́сца яго, калі не пака́ешся.
Аднак тое маеш, што нянавідзіш учынкі мікалаітаў, якія і Я нянавіджу.
Адна́к тое маеш добрае, што ненавíдзіш ты спра́вы мікалаíтаў, якія і Я ненавíджу.
Хто мае вуха, пачуй, што Дух гаворыць цэрквам: хто пераможа, таму дам есьці ад дрэва жыцьця, якое ёсьць пасярод раю Бога.
Хто ма́е ву́ха, няха́й чу́е, што́ Дух ка́жа Цэ́рквам: перамо́жцу дам спажыва́ць ад дрэ́ва жыцця́, якое пасяро́д ра́ю Божага».
І ангелу царквы ў Сьмірне напішы: Вось што кажа Першы і Апошні, Які быў мёртвы і ажыў:
І А́нгелу Смíрнскай Царквы́ напішы́: так ка́жа Пе́ршы і Апо́шні, Які быў мёртвым — і ажы́ў:
Ведаю твае ўчынкі і бяду (тваю) і ўбожства (тваё), але ты багаты; і зьнявагу (ад) тых, што называюць сябе юдэямі, ды ня зьяўляюцца (такімі), але сынагога шатана.
«ве́даю твае спра́вы, і го́ра, і гале́чу, — адна́к ты бага́ты, — і знява́гі ад тых, якія ка́жуць пра сябе, што яны Іудзе́і, але яны не Іудзе́і, а збо́рышча сатанíнскае.
Ня бойся нічога, што ты маеш цярпець. Вось д’ябал маніцца ўкінуць (нікаторых) з вас у вязьніцу, каб вы былі спаку́шаны, і будзеце мець гора дзесяць дзён. Будзь верны аж да сьмерці, і дам табе вянок жыцьця.
Не бойся нічога з таго, што табе давядзе́цца перацярпе́ць. Вось, дыя́вал будзе кíдаць некато́рых з вас у цямнíцу, каб вы́прабаваць вас, і бу́дзеце ў го́ры дзе́сяць дзён. Будзь ве́рны да сме́рці, і дам табе вяне́ц жыцця́.
Хто мае вуха, пачуй, што Дух кажа цэрквам: хто пераможа, ня будзе пашкоджаны ад другой сьмерці.
Хто ма́е ву́ха, каб чуць, няха́й чу́е, што́ Дух ка́жа Цэ́рквам: перамо́жца не зазна́е шко́ды ад друго́й сме́рці».
І ангелу царквы ў Пергаме напішы: Вось што кажа Той, Хто мае меч двусечны востры:
І А́нгелу Перга́мскай Царквы́ напішы́: так ка́жа Той, Хто ма́е двухбаковаво́стры меч:
Ведаю ўчынкі твае, і дзе ты жывеш — там, дзе пасад шата́на, і трымаеш Імя Маё ды ня адрокся ад веры Маёй нават у тыя дні, у каторыя Анціпа, сьведка Мой верны, быў забіты ў вас, дзе жыве шатан.
«ве́даю спра́вы твае і тое, дзе ты жыве́ш: там, дзе прасто́л сатаны́; і ты трыма́ешся íмені Майго, і не адро́кся ад ве́ры Маёй на́ват у тыя дні, калі ў вас, там, дзе жыве́ сатана́, быў забíты ве́рны све́дка Мой Анцíпа.
Аднак маю супраць цябе няшмат, бо маеш тамака такіх, што трымаюцца навукі Балаама, які навучыў Балака пакласьці спакусу перад сынамі Ізраэля есьці ахвяры балваном і блудадзейнічаць.
Аднак ма́ю і не́шта су́праць цябе, бо ёсць там у цябе тыя, што трыма́юцца вучэ́ння Валаа́ма, які навучыў Вала́ка ўве́сці ў спаку́су сыно́ў Ізра́ілевых, каб яны е́лі ідалаахвя́рнае і жылí распу́сна.
Таксама і ты маеш такіх, што трымаюцца навукі мікалаітаў, якую Я нянавіджу.
Таксама ёсць у цябе і тыя, што трыма́юцца вучэ́ння мікалаíтаў, якое Я ненавíджу.
Пакайся, а калі не, (дык) хутка прыйду да цябе і буду ваяваць зь імі мечам Вуснаў Маіх.
Пака́йся; а калі не, то ху́тка прыйду́ да цябе і буду ваява́ць з імі мячо́м ву́снаў Маіх.
Хто мае вуха, пачуй, што Дух гаворыць цэрквам: Хто пераможа, дам таму спажыць ад манкі схаванай і дам яму камень белы, а на ка́мені імя новае напісанае, якога ніхто ня пазнаў, акрамя таго, хто атрымаў.
Хто ма́е ву́ха, каб чуць, няхай чу́е, што́ Дух ка́жа Цэ́рквам: перамо́жцу дам спажыва́ць ма́нну тае́мную, і дам яму ка́мень белы і напíсанае на ка́мені імя́ но́вае, якога ніхто не ве́дае, акрамя́ таго, хто атры́млівае».
І ангелу царквы ў Тыатырах напішы: Гэта кажа Сын Бога, Які мае Вочы Свае, як полымя агню, а Ногі Ягоныя падобныя да халкалівану (быццам у печы распа́леныя):
І А́нгелу Фіяты́рскай Царквы́ напішы́: так кажа Сын Божы, у Якога во́чы — як по́лымя во́гненнае, і но́гі падо́бны да ліва́нскай ме́дзі:
Ведаю ўчынкі твае і любоў (Божую), і служэньне, і веру, і цярплівасьць тваю, і ўчынкі твае ды што апошнія большыя за першыя.
«ве́даю твае спра́вы, і любо́ў, і служэ́нне, і ве́ру, і сто́йкасць тваю, і тое, што апо́шнія спра́вы твае бо́льшыя за пе́ршыя.
Але маю крыху супраць цябе: бо дазваляеш жанчыне Язабэлі, што называе сябе прарочыцай, вучыць і зводзіць Маіх рабоў блудадзейнічаць і есьці ахвяры балваном.
Адна́к ма́ю і не́шта су́праць цябе, бо ты дазваля́еш жанчы́не Іезаве́лі, якая сябе называ́е праро́чыцай, навуча́ць і ўво́дзіць у зман рабо́ў Маіх, каб яны жылí распу́сна і е́лі ідалаахвя́рнае.
І Я даў ёй час, каб пакаялася ў блудадзействе сваім, але яна ня пакаялася.
Я даў ёй час пака́яцца ў распу́сце яе, але яна не пака́ялася.
Вось Я кíдаю яе на ложак і тых, што чужаложаць зь ёю ў вялікую тугу, калі ня пакаюцца ва ўчынках сваіх.
Вось, Я кíдаю яе на ло́жа хваро́бы, а тых, што пралюбадзе́йнічаюць з ёю, — у бяду́ вялікую, калі не пака́юцца ў спра́вах сваіх.
І дзяцей яе на сьмерць заб’ю. І даведаюцца ўсе цэрквы, што Я ёсьць Дасьледчык думкаў і сэрцаў. І аддам вам кожнаму па ўчынках вашых.
І дзяце́й яе паражу́ сме́рцю, і зразуме́юць усе Цэ́рквы, што Я Той, Хто спазнае́ ду́мкі і пачу́цці; і адплачу́ кожнаму з вас паво́дле спраў вашых.
Вам жа кажу і астатнім, каторыя ў Тыатырах — усім, каторыя ня маюць гэтага вучэньня і каторыя, як кажуць, ня пазналі глыбінь шата́на, ня ўскладу на вас іншага цяжару,
Вам жа і аста́тнім, хто ў Фіятыры, усім, якія не трыма́юцца гэтага вучэ́ння і якія не ве́даюць так зва́ных глыбíнь сатанíнскіх, кажу́, што не ўскладу́ на вас іншага цяжа́ру;
аднак, што маеце, утрымайце да таго часу, пакуль прыйду́.
толькі тое, што ма́еце, трыма́йце, паку́ль прыйду́.
І таму, хто пераможа і хто выканае да канца ўчынкі Мае, таму дам уладу над паганамі.
А перамо́жцу і таму, хто выко́нвае спра́вы Мае́ да канца́, дам ула́ду над язы́чнікамі —
І будзе пасьвіць іх кіям жалезным; як посуд гліняны яны будуць пакрышаны, як і Я атрымаў (уладу) ад Ба́цькі Майго;
і будзе па́свіць іх жазло́м жале́зным; падо́бна по́суду гліня́наму, яны будуць разбíты, — як і Я атрыма́ў уладу ад Айца Майго;
і дам яму зорку ранішнюю.
і дам яму зорку ра́нішнюю.
Хто мае вуха, пачуй, што Дух гаворыць цэрквам.
Хто ма́е вуха, каб чуць, няхай чу́е, што́ Дух ка́жа Цэ́рквам».