Да Рымлянаў 14 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Слабога ў веры прымайце бяз спрэчак аб (ягоных) поглядах.
Сла́бага ў веры прымайце без спрэчак пра яго меркаванні.
Адзін верыць (што можна) есьці ўсё, а слабы есьць гародніну.
Бо адзін верыць, што можна есці ўсё, а другі, сла́бы, есць гародніну.
Той хто есьць, ня прыніжай таго, хто ня есьць; і той, хто ня есьць, ня асуджай таго, хто есьць, таму што Бог яго прыняў.
Хто есць, няхай не прыніжа́е таго, хто не есць; і хто не есць, няхай не асуджа́е таго, хто есць; таму што Бог прыня́ў яго.
Ты хто такі, што судзіш чужога раба? Перад сваім Госпадам стаіць ён ці падае. І ён будзе пастаўлены: бо Бог ду́жы паставіць яго.
Хто ты такі, што асуджаеш чужога раба? Перад сваім Госпадам ён стаіць альбо па́дае; і будзе стаяць, бо ма́е Бог сілу падняць яго.
Іншы адрозьнівае дзень ад дня, другі ж судзіць аб кожным дні (аднолькава). Кожны хай будзе ўпэўнены ў сваім разуменьні.
Адзін адрознівае дзень ад дня, а другі ставіцца аднолькава да ўсякага дня. Няхай кожны трымаецца свайго меркавання.
Хто шануе (пэўны) дзень, той для Госпада шануе, а хто ня шануе (гэты пэўны) дзень — для Госпада ня шануе. (Той) хто есьць — для Госпада есьць, бо дзякуе Богу, і хто ня есьць — для Госпада ня есьць і дзякуе Богу.
Хто вылуча́е дні — дзеля Госпада вылуча́е; і хто не вылуча́е дзён — дзеля Госпада не вылуча́е. Хто есць — дзеля Госпада есць, бо дзякуе Богу. І хто не есць — дзеля Госпада не есць і дзякуе Богу.
Бо ніхто із нас ня жыве для сябе, і ніхто ня памірае для сябе;
Бо ніхто з нас не жыве дзеля сябе і ніхто не памірае дзеля сябе,
бо калі (мы) жывём — для Госпада жывём; калі ж паміраем — для Госпада паміраем. Дык пагэтаму ці жывём, ці паміраем — мы Госпадавы.
а калі жывём — дзеля Госпада жывём, калі паміраем — дзеля Госпада паміраем. І таму, ці жывём мы, ці паміраем — мы Гасподнія.
Бо для гэтага Хрыстос і памёр і ўваскрос, і ажыў, каб мець (Яму) уладу і над мёртвымі і над жывымі.
Бо Хрыстос дзеля таго і памёр, і ўваскрэс, і ажыў, каб быць Госпадам і для мёртвых, і для жывых.
А ты чаму судзіш брата твайго? Альбо і ты чаму зьняважаеш брата твайго? Бо ўсе мы станем перад судом Хрыста.
А ты чаму асуджаеш брата свайго? Альбо і ты, чаму прыніжаеш брата свайго? Усе ж мы будзем стаяць на судзе Хрыстовым.
Бо напісана: «Жыву Я, — кажа Госпад, — перада Мною ўкленчыць усякае калена, і ўсякі язык вызнае Бога».
Бо напісана: «жыву Я, — кажа Гасподзь, — перада Мною схíліцца ўсякае калена, і ўсякі язык будзе вызнава́ць Бога».
Пагэтаму кожны з нас дасьць справаздачу за сябе Богу.
Дык вось, кожны з нас за сябе дасць адказ перад Богам.
Ня будзем жа больш судзіць адзін аднаго, але лепш падумайце аб тым, як бы ня ставіць перад братам перашкоду альбо спакусу.
Давайце ж не будзем больш судзíць адзін аднаго, а лепей судзíце пра тое, як не даць брату спатыкну́цца альбо спакусíцца.
Я ведаю і перакана́ны ў Госпадзе Ісусе, што нічога няма нячыстага ў самім сабе, а толькі таму, хто лічыць што-небудзь нячыстым, яму нячыста.
Я ведаю і ўпэўнены ў Госпадзе Іісусе, што няма нічога ў сабе самім нячыстага; толькі калі хто лíчыць нешта нячыстым, то для яго гэта нячыстае.
Калі ж з-за яды засмучаецца твой брат, то ты ўжо ня паводля любові ходзіш. Ядой тваёй ня губі таго, за каторага памёр Хрыстос.
Калі ж з-за ежы засмучаецца брат твой, то ты ўжо не па любові жывеш; не губі сваёю ежаю таго, за каго Хрыстос памёр.
Хай ня будзе зьняслаўленае вашае добрае.
Няхай не будзе знява́жана ваша дабро.
Бо Валадарства Бога ня ёсьць яда і пітво, але праведнасьць і мір, і радасьць у Духу Сьвятым.
Бо Царства Божае — не ежа і пітво, а праведнасць, і мір, і радасць у Духу Святым.
Бо той, хто гэтым служыць Хрысту, той даспадобы Богу і ўхваляемы людзьмі.
Хто гэтым слу́жыць Хрысту, той угодны Богу і паважа́ны людзьмі.
Пагэтаму будзем імкнуцца да міру і да ўзаемнага збудаваньня.
Дык будзем імкнуцца да таго, што слу́жыць міру і ўзае́мнаму ўмацава́нню.
Ня руйнуй справы Бога дзеля яды. Бо ўсё чыста, але гора чалавеку, які есьць на спакусу (другому).
З-за ежы не разбура́й справы Божай: бо ўсё — чыстае, але кепска робіць чалавек, які есць на спакусу.
Добра ня есьці мяса і ня піць віна, і ня (рабіць таго) ад чаго брат твой спатыкаецца ці спакушаецца, альбо зьнямагае.
Лепш не есці мяса, не піць віна і не рабіць таго, з-за чаго брат твой спатыка́ецца, ці спакуша́ецца, ці знемага́е.
Ты маеш веру? Май яе сам у сабе перад Богам. Шчасьлівы, хто ня судзіць сябе ў тым, што лічыць даказаным.
Ты маеш веру́ дык май яе сам у сабе, перад Богам. Блажэнны, хто не асуджа́е сябе за рашэнне, якое прымае.
А хто сумняваецца, калі есьць, асуджаны, таму што (есьць) ня па веры; а ўсё, што ня па веры — грэх.
Калі ж хто есць сумняваючыся, дык ён асу́джаны, бо не па веры; а ўсё, што не па веры, — грэх.