Да Рымлянаў 14 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Слабога ў веры прымайце бяз спрэчак аб (ягоных) поглядах.
 
Слабога ў веры прымайце, ня ўступаючы зь ім у сподумныя спрэчкі.

Адзін верыць (што можна) есьці ўсё, а слабы есьць гародніну.
 
Іншы бо верыць, што можна есьці ўсё, а слабаверны есьць толькі гародніну.

Той хто есьць, ня прыніжай таго, хто ня есьць; і той, хто ня есьць, ня асуджай таго, хто есьць, таму што Бог яго прыняў.
 
Хто есьць, хай ня грэбуе тым, што ня есьць; а хто ня есьць, хай не дакарае таму, хто есьць, Бог бо яго прыняў.

Ты хто такі, што судзіш чужога раба? Перад сваім Госпадам стаіць ён ці падае. І ён будзе пастаўлены: бо Бог ду́жы паставіць яго.
 
Ты хто такі, што судзіш чужога слугу? Пры сваім Гаспадару стаіць ён або падае; і астоіцца, Бог мае сілу утрымаць яго.

Іншы адрозьнівае дзень ад дня, другі ж судзіць аб кожным дні (аднолькава). Кожны хай будзе ўпэўнены ў сваім разуменьні.
 
Адзін адрожнівае дзень ада дня, для іншага-ж кажны дзень адзінакавы: кажны хай пры сваёй думцы застаецца.

Хто шануе (пэўны) дзень, той для Госпада шануе, а хто ня шануе (гэты пэўны) дзень — для Госпада ня шануе. (Той) хто есьць — для Госпада есьць, бо дзякуе Богу, і хто ня есьць — для Госпада ня есьць і дзякуе Богу.
 
Хто дні разрожнівае, для Бога іх разрожнівае; і хто есьць, дзеля Бога есьць, бо-ж дзякуе Богу; ды хто ня есьць, дзеля Бога ня есьць і аддае падзяку Богу.

Бо ніхто із нас ня жыве для сябе, і ніхто ня памірае для сябе;
 
Ніхто бо з нас ня жыве для сябе і ніхто для сябе ня ўмірае.

бо калі (мы) жывём — для Госпада жывём; калі ж паміраем — для Госпада паміраем. Дык пагэтаму ці жывём, ці паміраем — мы Госпадавы.
 
Калі жывём, дык для Бога жывём, калі ўміраем, дык для Бога ўміраем. Восьжа — ці жывём, ці ўміраем — мы заўсёды Госпадавы.

Бо для гэтага Хрыстос і памёр і ўваскрос, і ажыў, каб мець (Яму) уладу і над мёртвымі і над жывымі.
 
Натое-ж Хрыстус умёр і згробуўстаў, каб над мяртвымі й жывымі валадарыць.

А ты чаму судзіш брата твайго? Альбо і ты чаму зьняважаеш брата твайго? Бо ўсе мы станем перад судом Хрыста.
 
А ты нашто асуджаеш брата свайго? Або чаму пагарджаеш сваім братам? Усе мы станем на судзе Хрыстовым,

Бо напісана: «Жыву Я, — кажа Госпад, — перада Мною ўкленчыць усякае калена, і ўсякі язык вызнае Бога».
 
напісана бо: Жыву Я — кажа Госпад — усякае калена ўвагнецца прада Мною, і ўсякі язык вызнаваціме Бога. (Із. 45:24).

Пагэтаму кожны з нас дасьць справаздачу за сябе Богу.
 
Гэтак вось кажны з нас дасьць за сябе адказ Богу.

Ня будзем жа больш судзіць адзін аднаго, але лепш падумайце аб тым, як бы ня ставіць перад братам перашкоду альбо спакусу.
 
Дык не асуджайма болей адзін другога, а лепш думайце аб тым, каб ня быць абразай, або згоршаннем для брата.

Я ведаю і перакана́ны ў Госпадзе Ісусе, што нічога няма нячыстага ў самім сабе, а толькі таму, хто лічыць што-небудзь нячыстым, яму нячыста.
 
Я ведаю й перакананы ў Езусе Усеспадару, што няма нічога самога ў сабе нячыстага, толькі для таго ёсьць нячыстым, хто ўважае гэта за нячыстае.

Калі ж з-за яды засмучаецца твой брат, то ты ўжо ня паводля любові ходзіш. Ядой тваёй ня губі таго, за каторага памёр Хрыстос.
 
Калі твой брат цярпіць прыгнобу дзеля стравы, то ты ўжо ня кіруешся любасьцю: ня губі тваёю страваю таго, за каго памёр Хрыстус.

Хай ня будзе зьняслаўленае вашае добрае.
 
Каб не зьняважалася нашае дабро.

Бо Валадарства Бога ня ёсьць яда і пітво, але праведнасьць і мір, і радасьць у Духу Сьвятым.
 
Бо валадарства Божае гэта не яда й не напітак, але справядлівасьць, супакой ды радасьць у Духу Святым.

Бо той, хто гэтым служыць Хрысту, той даспадобы Богу і ўхваляемы людзьмі.
 
Хто ў гэтым служыць Хрыстусу, той і Богу мілы, і людзям даўспадобны.

Пагэтаму будзем імкнуцца да міру і да ўзаемнага збудаваньня.
 
Дбайма, восьжа, пра тое, што вядзе да супакою ды ўзаемнага павучэння.

Ня руйнуй справы Бога дзеля яды. Бо ўсё чыста, але гора чалавеку, які есьць на спакусу (другому).
 
Не разбурай праз яду дзеля Божага; ўсё чыстае фактычна, але дрэнна чалавеку, які есьць праз спакусу.

Добра ня есьці мяса і ня піць віна, і ня (рабіць таго) ад чаго брат твой спатыкаецца ці спакушаецца, альбо зьнямагае.
 
Добра ня есьці мяса, ня піць віна ды не рабіць таго, што маглоб твайго брата згоршыць, або зьняможыць.

Ты маеш веру? Май яе сам у сабе перад Богам. Шчасьлівы, хто ня судзіць сябе ў тым, што лічыць даказаным.
 
Ты маеш веру? Май яе сам у сабе перад Богам. Шчасьлівы, хто ня сумляваецца ў тым, што пастанаўляе.

А хто сумняваецца, калі есьць, асуджаны, таму што (есьць) ня па веры; а ўсё, што ня па веры — грэх.
 
А хто сумляваецца, той калі есьць, ужо засуджаны, бо ня робіць у добрай веры; ўсё бо, што ня зь веры — грэх.