2 да Карынфянаў 3 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

(Дык) няўжо нам ізноў (трэба) пачынаць знаёміцца (з вамі)? Няўжо мы маем патрэбу, як нікаторыя, у рэкамендавальных лістах да вас альбо ў рэкамендавальных лістах ад вас?
 

Вы — наш ліст, (які) напісаны ў сэрцах нашых, (і) які пазнаецца і чытаецца ўсімі людзьмі;
 

які выяўляе, што вы ёсьць ліст Хрыста, праз нашае служэньне, напíсаны ня чарнілам, але Духам Бога Жывога ня на каменных табліцах, але на цялесных табліцах сэрца (нашага).
 

І гэткую ўпэўненасьць (мы) маем цераз Хрыста перад Богам,
 

ня таму, што мы здольныя думаць нешта ад сябе, як із сябе, але здольнасьць нашая ад Бога,
 

Які і зрабіў нас здольнымі (быць) служкамі Новага Запавету, ня літары, але Духа; таму што літара забівае, а Дух творыць жыцьцё.
 

Калі ж служэньне сьмерці, у літарах пазначанае на камнях, было ў такой славе, што сыны Ізраэля ня маглі глядзець на аблічча Масея з-за славы аблічча ягонага, (славы) якая мінае,
 

дык ці ня (тым) больш будзе ў славе служэньне Духа?
 

Калі ж служэньне асуджэньня — слава, дык яшчэ больш багатае славаю служэньне праведнасьці.
 

Бо і тое праслаўленае ня было (настолькі) слаўным у параўнаньні з пераўзыходзячай славай.
 

Бо калі тое, што прамінае, мае славу, дык тым больш тое, што застаецца ў славе.
 

Дык маючы гэткую надзею мы паступаем зь вялікай сьме́ласьцю,
 

а ня гэтак, як Масей, (які) клаў пакрывала на аблічча сваё, каб сыны Ізраэлявыя ня ўглядаліся ў канец таго, што мінае.
 

Але ачарсьцьвелымі былі розумы іхныя; бо да сёньняшняга дня тое самае пакрывала пры чытаньні Старога Запавету застаецца нязьнятым, якое Хрыстом здымаецца.
 

Але нават да сягоньняшняга дня, калі яны чытаюць Масея, пакрывала ляжыць на іхным сэрцы;
 

але, калі (чалавек) навернецца да Госпада, пакрывала гэта здымаецца.
 

Госпад ёсьць Дух; а дзе Дух Госпада, там свабода.
 

А мы ўсе як у люстэрку разглядаючы славу Госпада з адкрытым абліччам, становімся пераабражаемымі ў той самы (Ягоны) Абраз Духам Госпада ад славы ў славу.