Да Каласянаў 2 разьдзел

Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Бо я хачу, каб вы ведалі, якую барацьбу я маю за вас і за тых, што ў Ляодыкіі і за ўсіх, што ня бачылі аблічча майго ў целе,
 

каб сталіся ўсьцешанымі сэрцы іхныя, злу́чаныя ў любові, і дзеля ўсяго багацьця паўнаты разуменьня, дзеля пазнаньня тайны Бога і Ба́цькі і Хрыста,
 

у Якім усе скарбы мудрасьці і разуменьня схаваны.
 

А кажу вам гэтае, каб хто-небудзь ня зьвёў вас ілжэпераконваючымі словамі.
 

Бо хаця я целам і адсутнічаю, але духам я разам з вамі, радуючыся і бачучы ваш парадак і цьвёрдасьць веры вашай у Хрыста.
 

Таму, як вы прынялі Хрыста Ісуса, Госпада, гэтак і хадзіце ў Ім,
 

будучы ўкарэненымі і будуемымі на Ім, і мацуемымі ў веры, як вы навучаны, збыткуючы ў ёй з удзячнасьцю.
 

Глядзіце, каб ніхто вас ня захапіў хвілязохвіяй і пустым ашуканствам паводля традыцыі людзей, паводля стыхіяў гэтага сьвету, а ня паводля Хрыста;
 

таму што ў Ім прабывае ўся паўната Боства цялесна,
 

і вы напоўнены ў Ім, Які ёсьць Галава ўсякага начальства і ўлады.
 

У Ім і вы абрэзаны абразаньнем нярукатворным, зьмярцьвеньнем цела грахоў, плоці, абразаньнем Хрыстовым,
 

быўшы пахаванымі зь Ім у хрышчэньні, у якім і ўваскрэсьлі зь Ім праз веру ў сілу Бога, Які ўваскрасіў Яго зь мёртвых.
 

І вас, якія былі мёртвымі ў грахах і ў няабразаньні плоці вашай, Ён ажывіў зь Ім, дараваўшы нам усе грахі,
 

зьнішчыўшы ру́капіс пастаноў адносна нас і даўгоў нашых, што было супраць нас, Ён узяў яго з асяродку нашага і прыцьвікаваў яго да крыжу;
 

абяззброіўшы начальствы і ўлады, выставіў іх на пасьмешышча, перамогшы іх ім (крыжам).
 

Дык вось, няхай ніхто ня асуджае вас за ежу ці пітво, ці за ўдзел у якім-небудзь сьвяце, ці (за сьвяткаваньне) маладзіка, ці за суботу,
 

усё гэтае зьяўляецца це́нем будучага, а цела — Хрыста.
 

Няхай ніхто ня зводзіць вас паказнымі ціхасьцю і мудрасьцю ды служэньнем Ангелаў, урываючыся ў тое, чаго ня бачыў, марна хванабэрачыся плацкім розумам сваім
 

і ня трымаючыся Галавы ад Якой усё цела суставамі і зьвязкамі, злучанае і змацаванае, расьце ростам Божым.
 

Дык калі вы памерлі з Хрыстом для стыхіяў гэтага сьвету, то чаму вы падпарадкоўваецеся пастановам, быццам тыя, што жывуць па-сьвецку:
 

«ня чапай, ня еш, і ня дакранайся» (да таго),
 

што ўсё ёсьць на тленьне ад ужываньня? (А вы падпарадкуецеся) адпаведна прыказаньням і навуцы чалавечым.
 

Гэта мае толькі выгляд ціхасьці і мудрасьці ў выдуманым служэньні са змардаваньнем цела і абясцэненьнем клопату аб правільным насычэньні цела.