Захарыі 9 разьдзел
Кніга прарока Захарыі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
І прарочае слова Госпада на зямлю Хадрах, і на Дамаску яно спыніцца; бо вока Госпада на ўсіх людзей, як і на ўсе плямёны Ізраілевыя,
Прысуд. «Слова Госпада ў зямлі Гадрах і ў Дамаску, дзе будзе яго адпачынак, бо Госпадава ёсць вока Арама, як і ўсе пакаленні Ізраэля.
і на Эмат, сумежны зь ім, і на Тыр і Сідон, бо ён вельмі ўмудрыўся.
Таксама Эмат у яго межах, і Тыр, і Сідон, які з’яўляецца вельмі мудрым.
І зладзіў сабе Тыр крэпасьць, назапасіў срэбра, як пылу, і золата, як вулічнай гразі.
І Тыр пабудаваў свой вал абароны і назбіраў срэбра, як пылу, і золата, быццам смецця на дарогах.
Вось, Гасподзь зрабіў яго бедным і паб’е сілу ягоную ў моры, і сам ён будзе зьнішчаны агнём.
Вось, Госпад авалодае ім і знішчыць моц яго на моры; і ўсё будзе спалена агнём.
Угледзіць гэта Аскалон і жахнецца, і Газа, і затрымціць моцна, і Экрон; бо паганьбіцца надзея яго: ня будзе цара ў Газе, і Аскалон будзе незаселены.
Убачыць гэта Аскалон — і спалохаецца, і Газа ўстрывожыцца надта, ды Акарон, бо пасаромлена яго надзея; і прападзе цар Газы, і Аскалон стане бязлюдным.
Чужое племя будзе жыць у Азоце, і Я зьнішчу пыху Філістымлянаў.
І ў Азоце будзе жыць народ, што народжаны па-за шлюбам, ды сатру пыхлівасць філістынца.
Вырву кроў з вуснаў яго і мярзоты ягоныя зь яго зубоў, і ён дастанецца Богу нашаму і будзе, як тысячнік у Юдзе, і Экрон будзе, як Евусэй.
І выму яго кроў з вуснаў яго і агіднасць яго з зубоў яго, і ён таксама будзе пакінуты Богам нашым, і будзе як бы правадыром у Юдзе, і Акарон, як евусей.
І Я разьмяшчу табар каля дома Майго супроць войска, супроць тых, што ходзяць наперад і назад, і ня будзе больш прыходзіць прыгнятальнік; бо сёньня Маімі вачыма Я буду глядзець на гэта.
І Я пастаўлю дом Свой, як абарону ад уваходзячых і выходзячых; і не ўвойдзе болей да іх крыўдзіцель, бо Я цяпер гляджу Маімі ўласнымі вачамі.
Весяліся ад радасьці, дачка Сіёна: радуйся, дачка Ерусаліма: вось, Цар твой ідзе да цябе, праведны і ратавальны, лагодны, седзячы на асьліцы і на маладым асьле, сыне пад’ярэмнай.
Цешся радасна, дачка Сіёна, гамані, дачка Ерузаліма. Вось, ідзе да цябе Валадар твой, Ён справядлівы і збаўца, ціхмяны, Які сядзіць на асліцы і на асляняці, сыне пад’ярэмнай.
Тады зьнішчу калясьніцы ў Яфрэма і коней у Ерусаліме, і зламаны будзе баявы лук; і Ён абвесьціць мір народам, і валадарства Ягонае будзе ад мора да мора і ад ракі да краёў зямлі.
І Я знішчу калясніцы Эфраіма і коней у Ерузаліме; і будзе зламаны лук ваенны, і Ён абвясціць супакой народам. І Яго валадаранне ад мора аж да мора, і ад ракі аж да канцоў зямлі.
А што да цябе, дзеля крыві запавету твайго Я вызвалю вязьняў тваіх з рова, у якім няма вады.
Ты таксама: дзеля крыві прымірэння твайго выцягваю вязняў тваіх са студні, у якой няма вады.
Вяртайцеся на цьвярдыню вы, палонныя з надзеяю! Што цяпер узьвяшчаю, аддам табе ўдвая.
Вярніцеся ў крэпасць, вязні надзеі; сёння таксама абвяшчаю, што аддам табе ў два разы.
Бо як лук Я напну Сабе Юду і напоўню лук Яфрэмам, і падыму сыноў тваіх, Сіёне, супроць сыноў тваіх, Янія, і зраблю цябе мечам барацьбіта.
Бо нацягнуў Сабе Юду, як лук, напоўніў Эфраім; і падыму сыноў тваіх, Сіёне, супраць сыноў тваіх, Грэцыя, і зраблю з цябе меч магутны.
І явіцца над імі Гасподзь, і, як маланка, вылеціць страла Яго, і загрыміць Гасподзь Бог трубою і крочыць будзе ў бурах паўдзённых.
І з’явіцца над імі Госпад, і, як маланка, вылеціць яго страла; і загрыміць Госпад Бог у трубу, і пойдзе ў бурах паўднёвых.
Гасподзь Саваоф будзе абараняць іх, і яны будуць зьнішчаць і таптаць прашчавыя камяні і будуць піць і шумець як ад віна, і напоўняцца як ахвярныя чашы, як куты ахвярніка.
Госпад Магуццяў бараніць іх будзе; і знішчаць яны, і стопчуць камяні прашчаў, і будуць піць, шумець, як віно, і напоўняцца, як ахвярныя чашы і як рогі ахвярніка.
І выратуе іх Гасподзь Бог іхні ў той дзень, як авечак, народ Свой; бо, падобна да каменя ў вянку, яны зазьзяюць на зямлі Ягонай.
І ў той дзень збавіць іх Госпад, Бог іх, як статак народа Свайго, бо яны, як каштоўныя камяні ў вянцы, будуць свяціцца над Яго зямлёй.
О, якая вялікая даброць ягоная і якое хараство Яго! Хлеб ажывіць язык у хлопцаў і віно — у дзяўчатак!
Што бо ёсць добрае ў Яго і што ёсць прыгожае ў Яго! Збожжа будзе расціць юнакоў, і маладое віно — дзяўчын.