Ераміі 47 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Слова Госпада, якое было Ерамію пра Філістымлян, перш чым фараон разьбіў Газу.
 

Так кажа Гасподзь: вось, падымаюцца воды з поўначы і зробяцца патокам павадкавым, і затопяць зямлю і ўсё, што напаўняе яе, горад і жыхароў яго; тады залямантуюць людзі, і загалосяць усе насельнікі краіны.
 

Ад шумнага тупату капытоў дужых коней ягоных, ад стукату калясьніц ягоных, бацькі не азірнуцца на дзяцей сваіх, бо рукі ў іх апусьцяцца
 

ад таго дня, які прыйдзе зьнішчыць усіх Філістымлян, адабраць у Тыра і Сідона ўсіх астатніх памочнікаў, бо Гасподзь спустошыць Філістымлян, рэшту горада Кафтора.
 

Аблысела Газа, гіне Аскалон, рэшта даліны іхняй.
 

Дакуль будзеш сячы іх, о, мечу Гасподні! дакуль ты ня ўрымсьцішся? вярніся ў похвы твае, перастань і супакойся.
 

Але як табе супакоіцца, калі Гасподзь даў загад супроць Аскалона і супроць берагу марскога? туды Ён скіраваў яго.