Міхея 3 разьдзел

Кніга прарока Міхея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І сказаў я: слухайце, галовы Якава і князі дома Ізраілевага: ці ж ня вам трэба ведаць праўду?
 

А вы ненавідзіце добрае і любіце ліхое; лупіце зь іх скуру іхнюю і плоць з касьцей іхніх,
 

ясьце плоць народу Майго і лупіце зь іх скуру іхнюю, а косьці іх ламаеце і крышыце як бы ў горшчык, і плоць — як бы ў кацёл.
 

І будуць яны заклікаць да Госпада, але Ён не пачуе іх і схавае аблічча Сваё ад іх на той час, як яны зладзейнічаюць.
 

Так казаў Гасподзь на прарокаў, якія ўводзяць у аблуду народ Мой, якія грызуць зубамі сваімі — і прапаведуюць мір, а хто нічога не кладзе ім у рот, супроць таго абвяшчаюць вайну.
 

Таму ноч будзе вам замест уявы і цемра — замест прадказаньняў; зойдзе сонца над прарокамі і пацямнее дзень над імі.
 

І пасаромеюцца празорліўцы, і пасаромленыя будуць варажбіты, і замкнуць вусны свае ўсе яны, таму што ня будзе адказу ад Бога.
 

А я напоўнены сілаю Духа Гасподняга, праўды і цьвёрдасьці, каб выказаць Якаву злачынства яго і Ізраілю — грэх ягоны.
 

Слухайце ж гэта, галовы дому Якаўлевага і князі дому Ізраілевага, якія грэбуюць правасудзьдзем і скрыўляюць усё простае,
 

будуюць Сіён крывёю і Ерусалім — няпраўдаю!
 

Галовы яго судзяць за дарункі і сьвятары яго вучаць за плату і прарокі яго прадказваюць за грошы, а тым часам абапіраюцца на Госпада, кажучы: «ці не сярод вас Гасподзь? Не спасьцігне нас бяда!»
 

Таму за вас Сіён узараны будзе як поле, і Ерусалім зробіцца грудай руінаў, і гара дома гэтага будзе лясістым пагоркам.