Да Рымлянаў 13 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кажная душа будзь паддана вышшай уладзе, бо няма ўлады не ад Бога; існуючыя ж улады Богам устаноўленыя.
 
Усякая душа́ няхай падпарадкоўваецца вышэйшым уладам, бо няма ўлады, каб не ад Бога; а ўлады, якія ёсьць, ад Бога пастаўлены.

Затым, хто працівіцца ўладзе, працівіцца загадзе Божай. А праціўнікі самы сабе рассудак віны прыдбаюць.
 
Так што, хто працівіцца ўладзе, супрацьстаіць Божай пастанове. А тыя, якія супрацьстаяць, самі на сябе прысуд атрымаюць.

Бо начэльнікі ня страх добрым учынкам, але благім. Хочаш не баяцца ўлады? Рабі дабро і адзяржыш пахвалу ад яе;
 
Бо начальнікі страшныя не для тых, якія добрае робяць, але благое. А хочаш не баяцца ўлады, рабі добрае, і будзеш мець пахвалу́ ад яе.

Бо гэта слуга Божы на дабро табе. Але, калі ты дзееш ліха, бойся, бо не дарма ён носе меч; бо ён слуга Божы, помсьнік у гневе на дзеючага ліха.
 
Бо [гэта] Божы служыцель табе на дабро. А калі робіш благое, бойся, бо ён не дарэмна носіць меч, бо ён — Божы служыцель, мсьціўца на гнеў таму, хто робіць ліхое.

Затым надабе быць падданым не адно дзеля гневу, але й дзеля сумленьня.
 
Дзеля гэтага трэба падпарадкоўвацца ня толькі з увагі на гнеў, але і на сумленьне.

Дзеля таго вы й падачкі плаціце, бо яны слугі Божыя, кажначасна гэтым занятыя.
 
Бо дзеля гэтага вы і падаткі пла́ціце, бо яны — Божыя служыцелі, гэтым самым заўсёды занятыя.

Давайце кажнаму належнае: каму падачкі — падачкі; каму мыта — мыта; каму страх — страх; каму чэсьць — чэсьць.
 
Дык аддавайце кожнаму належнае: каму падатак — падатак, каму мы́та — мы́та, каму страх — страх; каму паша́ну — паша́ну.

Нікому ня бывайце нічога вінны, апрача ўзаемнае міласьці; бо хто любе другога, тый споўніў Закон.
 
Ня будзьце вінныя нікому нічога, апрача ўзаемнай любові, бо, хто лю́біць іншага, той споўніў Закон.

Не чужалож, не забівай, не крадзі, ня сьветч хвальшыва, не пажадай,» і калі іншае будзе расказаньне, зьмяідчаюцца ў вадным гэтым слове, наймя: «любі бліжняга свайго, як сябе самога».
 
Бо прыказаньні «Не чужалож», «Не забівай», «Не крадзі», «Ня сьведчы фальшыва», «Не пажадай» і кожнае іншае зьмяшчаюцца ў гэтым слове: «Любі бліжняга твайго як самога сябе».

Любосьць ня робе бліжняму ліха; дык любосьць ё паўніня Закону.
 
Любоў ня робіць благога бліжняму; дык любоў — гэта спаўненьне Закону.

І гэта рабіце, ведаючы час, што ўжо пара нам прачхнуцца, бо цяпер спасеньне да нас бліжшае, чымся як мы ўверылі.
 
І гэтак [рабіце], ведаючы час, што ўжо гадзіна збудзі́цца нам зо-сну, бо цяпер бліжэй да нас збаўленьне, чым калі мы паверылі.

Ноч мінула, а дзень дабліжыўся: дык адкіньма ўчынкі цямноты, а надзеньма зброю сьвятліні.
 
Ноч зыходзіць, а дзень наблізіўся, дык адкінем справы цемры і апранемся ў зброю сьвятла.

Як удзень, паступайма як належа, не ў гасьцінах а п’янчаньню, ані ў бязулстве а жадлівасьці, ані ў звадзе а завідасьці;
 
Як у дзень, будзем хадзіць прыстойна, не ў гулянках і п’янстве, не ў юрлівасьці і бессаромнасьці, не ў сварцы і зайздрасьці,

Але адзеньцеся ў Спадара Ісуса Хрыста, і рупнасьць празь цела не абарачайце ў жаду.
 
але апраніцеся ў Госпада Ісуса Хрыста і не дагаджайце целу ў пажаданьнях.