Адкрыцьцё 11 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І дана імне трысьціна, падобная да прута, і сказана: «Устань, і памерай дом Божы а аброчнік, і тых, што кланяюцца ў ім.
 
І дадзена мне трысьціна, падобная да кія; і анёл, які стаяў, сказаў: «Паўстань і памерай бажніцу Божую, і ахвярнік, і тых, якія пакланяюцца ў ім,

А навонны панадворак дому Божага вылуч і ня мерай яго, бо ён даны паганам: яны будуць таптаць сьвятое месца сорак два месяцы.
 
а падворак, які перад бажніцаю, кінь прэч і ня мерай яго, бо ён дадзены паганам, і горад сьвяты яны будуць таптаць сорак два месяцы.

І дам сілу двум сьветкам Сваім, і яны будуць праракаць тысяча дзьвесьце шасьцьдзясят дзён, адзеўшыся ў зрэбніну».
 
І Я дам двум сьведкам Маім, і яны будуць прарочыць тысяча дзьвесьце шэсьцьдзясят дзён, апранутыя ў зрэбніцу».

Гэта дзьве аліўкі й два сьветачы, каторыя стаяць перад Богам зямлі.
 
Гэта ёсьць дзьве аліўкі і два сьвечнікі, якія перад Богам зямлі стаяць.

І калі хто захоча ім шкодзіць, дык агонь выйдзе з роту ў іх і пажарэць непрыяцеляў іхных; калі хто захоча ім шкодзіць, гэтак мае быць забіты.
 
І калі хто захоча зрабіць ім шкоду, агонь выйдзе з вуснаў іхніх і зьесьць ворагаў іхніх; і калі хто захоча зрабіць ім шкоду, мусіць ён быць забіты.

Яны маюць уладу зачыніць неба, каб дождж ня йшоў на зямлю за дзён прараканьня іхнага; і маюць уладу над водамі — абарачаць іх у кроў і разіць зямлю ўсялякай болькаю, колькі разоў захочуць.
 
Яны маюць уладу замкнуць неба, каб не ішоў дождж у дні праракаваньня іхняга; і маюць уладу над водамі перамяніць іх у кроў і біць зямлю ўсякімі плягамі, калі толькі захочуць.

І як скончаць яны сьветчаньне свае, зьвер, каторы выходзе зь бяздоньня, будзе ваяваць ізь імі, і пераможа іх, і заб’ець іх,
 
І калі яны скончаць сьведчаньне сваё, зьвер, які выйдзе з бездані, учы́ніць вайну з імі, і пераможа іх, і заб’е іх.

І трупы іхныя будуць на вуліцы вялікага места, каторае духоўна завецца Содома й Ягіпет, ідзе й Спадар нашы ўкрыжаваны.
 
І целы іхнія [будуць ляжаць] на вуліцы вялікага гораду, які называецца духоўна Садом і Эгіпет, дзе і Госпад наш быў укрыжаваны.

І зь людаў а плямёнаў а языкоў а народаў будуць глядзець на трупы іхныя тры дні з палавіцаю, і не дазволяць пакласьці трупы іхныя да грабоў.
 
І з плямёнаў, і каленаў, і моваў, і народаў будуць глядзець на целы іхнія тры дні і паўдня, і не дазволяць пакласьці целы іхнія ў магілы.

І жывучыя на зямлі будуць цешыцца з гэтага а весяліцца, і пашлюць дары адны адным, бо гэтыя два прарокі мучылі жывучых на зямлі.
 
І жыхары зямлі будуць радавацца дзеля іх і весяліцца, і будуць пасылаць адны адным падарункі, бо гэтыя два прарокі мучылі жыхароў зямлі.

Але просьле трох дзён із палавіцаю ўвыйшоў у іх ад Бога дух жыцьця, і яны сталі на ногі свае, і вялікі страх напаў на тых, каторыя глядзелі на іх.
 
І праз тры дні і паўдня дух жыцьця ад Бога зыйшоў на іх, і яны сталі на ногі свае, і страх вялікі прыйшоў на тых, якія бачылі іх.

І я пачуў вялікі голас ізь неба, што казаў ім: «Увыйдзіце сюды». І яны ўзышлі на неба ў булаку; і глядзелі на іх непрыяцелі іхныя.
 
І пачулі яны голас вялікі з неба, які казаў да іх: «Узыйдзіце сюды». І яны ўзыйшлі ў неба ў воблаку, і бачылі іх ворагі іхнія.

І тае ж гадзіны зьдзеялася вялікае трасеньне зямлі, і дзясятая часьць места пала, і сем тысячаў імёнаў людзкіх было забіта ў тым землятрасеньню; і засталыя працяты былі жахам, і ўздалі славу Богу нябёснаму.
 
І ў тую гадзіну стаўся землятрус вялікі, і дзясятая частка гораду завалілася, і былі забітыя ў землятрусе сем тысячаў імёнаў чалавечых; і іншыя сталіся ў страху і аддалі славу Богу Нябеснаму.

Другая бяда мінула; вось, ідзець уборзьдзе трэйцяя бяда.
 
Другое гора прайшло; вось, трэцяе гора прыходзіць хутка.

І сёмы ангіл затрубіў, і разьлягліся на небе вялікія галасы, кажучы: «Гаспадарства сьвету сталася Спадара нашага а Хрыста Ягонага, і будзе гаспадарстваваць на векі вякоў.
 
І сёмы анёл затрубіў, і сталіся вялікія галасы ў небе, якія казалі: «Валадарствы сьвету сталіся [Валадарствам] Госпада нашага і Хрыста Ягонага, і Ён будзе валадарыць на вякі вякоў».

І дваццаць чатырох старых, што сядзелі на пасадах сваіх перад Богам, палі на віды свае й пакланіліся Богу,
 
І дваццаць чатыры старосты, якія сядзелі перад Богам на пасадах сваіх, упалі на абліччы свае і пакланіліся Богу,

Кажучы: «Дзякуем Табе, Спадару Божа ўсемагучы, Каторы ёсьць і быў, што Ты прыняў вялікую сілу Сваю і загаспадарстваваў.
 
кажучы: «Дзякуем Табе, Госпадзе, Бог Усеўладны, Які ёсьць, і Які быў, і Які прыходзіш, што прыняў Ты моц Сваю вялікую і запанаваў.

І ўзлаваліся народы; і прышоў гнеў Твой, і пара судзіць мертвых, і даць адплату слугам Тваім прарокам а сьвятым а тым, што баяцца імені Твайго, малым і вялікім, і загубіць тых, што губілі зямлю».
 
І загневаліся пагане, і прыйшоў гнеў Твой, і пара́ судзі́ць мёртвых і даць нагароду слугам Тваім прарокам і сьвятым, і тым, якія баяцца імя Твайго, малым і вялікім, і вынішчыць тых, якія нішчаць зямлю».

І рашчыніўся дом Божы на небе, і відаць скрыня ўмовы Ягонае ў доме Ягоным; і сталіся маланьні а галасы а громы а трасеньне зямлі а вялікі град.
 
І адчынілася бажніца Божая ў небе, і зьявіўся каўчэг запавету Ягонага ў бажніцы Ягонай; і сталіся маланкі, і галасы, і грымоты, і землятрус, і град вялікі.