Адкрыцьцё 2 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Ангілу царквы Ефэскае напішы: "Гэта кажа Тый, што дзяржыць сем зораў у правіцы Сваёй, Каторы ходзе сярод сямёх залатых сьветачаў:
 
Анёлу Эфэскае царквы напішы: “Гэта кажа Той, Які трымае сем зорак у правіцы Сваёй і Які ходзіць сярод сямі залатых сьвечнікаў:

Знаю ўчынкі твае, і працу тваю, і трывалкосьць тваю, і тое, што ты ня можаш цярпець благіх, і ты спрабаваў тых, што завуць сябе апосталамі, але ня ё, і знайшоў, што яны манюкі,
 
'Ведаю справы твае, і працу тваю, і цярплівасьць тваю, і што ня можаш пераносіць ліхіх, і дасьведчыў тых, якія называюць сябе апосталамі і ня ёсьць [імі], і знайшоў, што яны хлусы,

І маеш трывалкосьць, і церпіш дзеля імені Майго, і не стамаваўся.
 
і ты перанёс, і маеш цярплівасьць, і дзеля імя Майго працаваў і не зьнямогся.

Але маю супроці цябе тое, што ты пакінуў першую міласьць сваю.
 
Але маю супраць цябе, што ты пакінуў першую любоў тваю.

Дык успомні, скуль ты спаў, і пакайся, і чыні першыя ўчынкі; а калі не, уборзьдзе прыйду да цябе і скрану сьветач ізь месца яго, хіба пакаешся.
 
Дык памятай, адкуль выпаў, і навярніся, і рабі першыя справы твае; а калі не, хутка прыйду да цябе і зрушу сьвечнік твой з месца ягонага, калі не навернешся.

Тое, адылі, ты маеш, што ненавідзіш учынкі Міколцаў, каторых і Я ненавіджу.
 
Але тое ты маеш, што ненавідзіш справы Мікалаітаў, якія і Я ненавіджу'.

Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам: перамагаючаму дам есьці зь дзерва жыцьця, каторае ў раю Божым".
 
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам. Таму, хто пераможа, Я дам есьці ад дрэва жыцьця, што пасярод раю Божага”.

І ангілу царквы Сьмірнскае напішы: "Гэта кажа Першы й Апошні, Каторы быў мертвы і ажыў:
 
І анёлу Сьмірнскае царквы напішы: “Гэта кажа Першы і Апошні, Які быў мёртвы і ажыў:

Знаю атугу тваю а галіту (але ты багаты) а лаянку тых, каторыя кажуць празь сябе, што яны Жыды, а ня ё, але бажніца шайтанская.
 
'Ведаю справы твае, і прыгнёт, і ўбоства, хоць ты багаты, і блюзьнерствы ад тых, якія называюць сябе Юдэямі і ня ёсьць, але ёсьць сынагога шата́на.

Не лякайся нічога з тога, што маеш цярпець. Вось, дзявал укіне з вас у вязьніцу, каб выпрабаваць вас, і будзеце мець атугу дзён дзесяць. Будзь верны аж да сьмерці, і дам табе карону жыцьця.
 
Не палохайся нічога, што маеш выцярпець. Вось, д’ябал мае кідаць [некаторых] з вас у вязьніцу, каб спакусіць вас; і будзеце мець прыгнёт дзесяць дзён. Будзь верны да сьмерці, і Я дам табе вянок жыцьця'.

Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам: хто перамагае, ніякім парадкам ня будзе пашкоджаны другой сьмерцяй".
 
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам. Той, хто пераможа, не дазнае крыўды ад сьмерці другое”.

І ангілу царквы Перґамскае напішы: "Гэта кажа Тый, што мае абаротны войстры меч:
 
І анёлу царквы, што ў Пэргаме, напішы: “Гэта кажа Той, Які мае меч двусечны востры:

Ведаю, ідзе ты жывеш, ідзе пасад шайтана, і дзяржыш імя Мае, і ня выракся веры Мае нават у дні Анціпавы, вернага сьветкі Майго, каторы быў забіты ў вас, ідзе шайтан жыхара.
 
'Ведаю справы твае, і што жывеш там, дзе пасад шата́на, і трымаеш імя Маё, і не адрокся веры Маёй у тыя дні, калі забіты быў у вас, дзе пасяліўся шата́н, Антыпа, Мой верны сьведка.

Але маю крыху супроці цябе, што ты маеш тых, што дзяржацца навукі Валаамовае, каторы вучыў Валака пастанавіць пасадку перад сынамі Ізраелявымі — есьці абраканае балваном і бязуліць.
 
Але маю супраць цябе крыху, бо маеш там тых, якія трымаюцца навукі Білеама, які навучыў Балака кінуць згаршэньне перад сынамі Ізраіля, каб яны елі ахвяры ідалам і жылі распусна.

Дык маеш і ты тых, што дзяржацца таксама навукі Міколцаў, што Я ненавіджу.
 
Таксама маеш і ты тых, якія трымаюцца навукі Мікалаітаў, якую Я ненавіджу.

Дык пакайся, а калі не, уборзьдзе прыйду да цябе і буду ходацца зь імі мячом вуснаў Сваіх.
 
Навярніся, а калі не, хутка прыйду да цябе і буду ваяваць з імі мячом вуснаў Маіх'.

Хто мае вуха, няхай чуе, што Дух кажа цэрквам: перамагаючаму дам схаваную манну, і дам яму белы камень, а на каменю напісанае новае імя, каторага ніхто ня ведае, адно тый, што адзержуе".
 
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам. Таму, хто пераможа, Я дам есьці ад манны схаванае і дам яму каменьчык белы, і на каменьчыку імя новае напісанае, якога ніхто ня ведае, толькі той, хто атрымаў”.

І ангілу царквы Тыятырскае напішы: "Гэта кажа Сын Божы, у Каторага вочы, як поламя агняное, а ногі падобныя да пазорыстае медзі:
 
І анёлу царквы, што ў Тыятыры, напішы: “Гэта кажа Сын Божы, Які мае вочы Свае, як полымя агню, і ногі Свае, падобныя да сьпіжу:

Знаю ўчынкі твае а міласьць а веру а службу а вытрываласьць тваю, і апошнія ўчынкі твае большыя за першыя.
 
'Ведаю справы твае і любоў, і служэньне, і веру, і цярплівасьць тваю, і ўчынкі твае, і што апошнія большыя, чым першыя.

Але маю супроці цябе, што ты дазваляеш жонцы Забэлі, каторая завець сябе прарокаю, вуча й зводзе слугаў Маіх да бязулства й яды абраканага балваном.
 
Але маю супраць цябе крыху, бо ты дазваляеш жанчыне Езабэлі, якая называе сябе прарочыцай, вучы́ць і падманваць слугаў Маіх, [каб яны] жылі распусна і елі ахвяры ідалам.

І Я даў ёй час, каб яна пакаялася зь бязулства свайго, а яна не пакаялася.
 
І Я даў ёй час, каб навярнулася ад распусты сваёй, і яна не навярнулася.

Вось, Я кіну яе на пасьцелю, а тых, што чужаложаць ізь ёю, у вялікую атугу, хіба што пакаяцца з учынкаў сваіх.
 
Вось, Я кідаю на ложак яе і тых, якія чужаложаць з ёю, — у вялікі прыгнёт, калі не навернуцца ад справаў сваіх,

І дзеці ейныя заб’ю сьмерцяй, і даведаюцца ўсі цэрквы, што Я дасьлядую ныркі й сэрцы; і дам вам кажнаму подле ўчынкаў вашых.
 
і дзяцей ейных сьмерцю заб’ю, і даведаюцца ўсе цэрквы, што Я — Той, Які дасьледуе ныркі і сэрца, і Я дам вам кожнаму паводле справаў вашых.

Але вам, засталым у Тыятыры, каторыя ня маюць гзтае навукі, каторыя не пазналі глыбіняў шайтанскіх, як кажуць, кажу, што не накіну на вас якога-колечы іншага цяжару;
 
Вам жа кажу і рэшце, што ў Тыятыры, усім, якія ня маюць гэтае навукі і якія не даведаліся так званых глыбіняў шата́на: “Ня ўскіну на вас іншага цяжару.

Што, адылі маеце, дзяржыце, пакуль прыйду.
 
Толькі тое, што маеце, трымайце, пакуль не прыйду”.

А хто перамагае й дзяржыць учынкі Мае аж да канца, таму дам уладу над народамі,
 
І таму, хто пераможа і захавае справы Мае да канца, Я дам уладу над паганамі,

І ён будзе пасьціць іх прутом зялезным, як і Я адзяржаў ад Айца Свайго: як судзьдзе ганчарскае яны паб’юцца.
 
і ён будзе пасьвіць іх кіем жалезным, як начыньне глінянае, яны будуць скрышаныя, як і Я атрымаў ад Айца Майго,

І дам яму зорку ранічную.
 
і дам яму зорку ранішнюю'.

Хто мае вуха, няхай чуе, што Дух кажа цэрквам".
 
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам”.