Езэкііля 14 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2002
І прышлі да мяне людзі із старцоў ізраельскіх, і селі перад імною.
І было слова СПАДАРОВА імне, кажучы:
«Сыну людзкі! гэтыя людзі ўнесьлі балваны ў сэрца свае й пастанавілі спадман бяспраўя свайго перад відам сваім: ці дазволіць Імне каб яны запраўды пыталіся ў Мяне?
Затым гукай ім і скажы ім: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Кажнаму з дому Ізраелявага, што ўзносе балваны свае ў сэрца свае, і станове спадман бяспраўя свайго перад відам сваім, і прыходзе да прарокі, Я, СПАДАР, адкажу таму, хто прыходзе, подле множасьці балваноў ягоных,
Што Я схаплю дом Ізраеляў у сэрцу іхным, бо яны адвярнуліся ад мяне з прычыны балваноў сваіх’".
Затым кажы дому Ізраеляваму: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Лякайцеся й адвярніцеся ад балваноў сваіх, і ад усіх агідаў сваіх адвярніце віды свае;
Бо кажнай людзіне з дому Ізраелявага альбо чужаземцу, што жывець у Ізраелю, каторы адхінаецца ад Мяне і ўносе балваны свае ў сэрца свае, і станове спадман бяспраўя свайго перад відам сваім, ды прыходзе да прарокі папытацца ў яго празь Мяне, — Я, СПАДАР, адкажу яму Сам,
І зьвярну від Свой супроці тае людзіны, і ўчыню яе знакам а прыказямі, і адатну яе ад люду Свайго; і пазнаеце, што Я — СПАДАР.
І прарока, калі ён зьведзены й гукае слова, — Я, СПАДАР, ізьвёў таго прароку; Я выцягну руку Сваю на яго й выгублю яго з пасярод люду Свайго Ізраеля.
І яны будуць пакараны за бяспраўе свае: кара прароку будзе, як кара пытаючаму,
Каб наперад дом Ізраеляў ня блудзіў ад Мяне, і наперад ня плюгавілі сябе ўсімі выступамі сваімі, але каб яны былі людам Імне, а Я быў Богам ім’, — агалашае Спадар СПАДАР"».
І было слова СПАДАРОВА імне, кажучы:
«Сыну людзкі! калі зямля ізгрэша перад Імною, ізрадліва ізраджаючы, тады Я выцягну руку Сваю на яе і патрышчу падпору хлеба ейнага, і пашлю галадоў на яе, і выгублю зь яе чалавека й статак.
Хоць бы гэтыя тры мужы, — Ной, Данель а Ёў, — былі ў ёй, яны сваёй справядлівасьцю спасьлі б толькі душы свае, — агалашае Спадар СПАДАР. —
Каліб Я напусьціў благія зьвяры на зямлю, і яны прычынілі спабыцьцё дзяцей яе, ажно яна запусьцела, што ні водная людзіна не магла прайсьці з прычыны зьвяроў;
Жыў Я, — агалашае Спадар СПАДАР, — і гэтыя тры мужы ў ёй ня выратавалі б ані сыноў, ані дачок, адно ўратаваліся б яны, але зямля будзе спусьцелаю.
Альбо калі б Я навёў меч на гэтую зямлю й сказаў: "Мечу! прайдзі па зямлі, ажно адцяў бы людзіну й жывёлу зь яе";
Жыў Я, — агалашае Спадар СПАДАР, — і гэтыя тры мужы ў ёй ня выратавалі б ані сыноў, ані дачок, але адно ўратаваліся б самы.
Альбо ліпучку паслаў бы на гэтую зямлю й выліў на яе палкі гнеў Свой у крыві, каб выгубіць ізь яе людзіну й жывёлу;
Хоць бы Ной, Данель а Ёў былі ў ёй, жыў Я, — агалашае Спадар СПАДАР, — яны ня вывальнілі б ані сына, ані дачкі; яны вывальнілі б справядлівасьцяй сваёй толькі душы свае»;
Бо гэтак кажа Спадар СПАДАР: «Як шмат болей, як Я пашлю на Ерузалім Свае чатыры балючыя суды: меч а галадоў а дзікія зьвяры а ліпучку, каб адцяць ізь яго людзіну й жывёлу;
Але гля, застанецца ў ім астача, што будзе выведзена, сынове й дачкі; вось, яны прыйдуць да вас, і вы абачыце дарогу іхную а ўчынкі іхныя, і вы пацешыцеся зь ліха, каторае Я навёў на Ерузалім, з усёга, што Я навёў на яго.
І яны пацешаць вас, як абачыце дарогі іхныя а ўчынкі іхныя, і вы даведаецеся, што не бяз прычыны Я ўчыніў усе, што Я ўчыніў у ім», — агалашае Спадар СПАДАР.