Езэкііля 11 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2002
І ўзьняў мяне дух, і занёс мяне да ўсходняе брамы дому СПАДАРОВАГА, зьверненай на ўсход. І вось, у варотах брамы дваццаць пяцёх мужоў, меж іх бачыў я Яазаню Азуронка а Пеляту Венаёнка, князёў люду.
І сказаў Ён імне: «Сыну людзкі! гэтыя людзі выдумляюць шкоду й даюць благую раду ў гэтым месьце:
Яны кажуць: "Ня блізка; стаўма дамы; гэтае места гаршчок, а мы мяса".
Дык праракай на іх, праракай, сыну людзкі!»
І паў на мяне Дух СПАДАРОЎ, і сказаў імне: «Кажы: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Гэтак вы кажаце, бо Я ведаю, што прыходзе вам удум.
Вы павялічылі сваіх забітых у гэтым месьце і напоўнілі забітымі вуліцы яго’.
Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Забітыя вашы, каторых вы палажылі ў ім, — мяса, а места гэтае — гаршчок; але вас Я вывяду зь яго.
Вы баіцеся мяча, і Я навяду на вас меч, — агалашае Спадар СПАДАР. —
І вывяду вас ізь яго, і аддам у рукі чужаземцаў, і ўчыню суды над вамі.
Ад мяча вы загінеце; на граніцы Ізраельскай буду судзіць вас, і даведаецеся, што Я — СПАДАР.
Гэтае места ня будзе вам казаном, і вы ня будзеце мясам у ім; на граніцах Ізраельскіх буду судзіць вас.
І даведаецеся, што Я — СПАДАР, бо вы не хадзілі ў вуставах Маіх і ня слухалі судоў Маіх, але рабілі подле звычаёў паган, што навокал вас’"».
І сталася, як я праракаў, што Пелята Венаёнак памер; і паў я на від свой, і загаласіў вялікім голасам, і сказаў: «Ах, Спадару СПАДАРУ! Ты канец робіш астачы Ізраеля?»
Ізноў слова СПАДАРОВА было да мяне, кажучы:
«Сыну людзкі! братом тваім, братом тваім, сваяком тваім і ўсяму дому Ізраеляваму кажуць жыхары Ерузаліму: "Здальцеся ад СПАДАРА; нам дана зямля гэтая ў дзяржаньне".
Затым кажы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Дарма што Я аддаліў іх да меж народаў, і дарма што Я рассыпаў іх па краёх, буду Я, адылі, малою сьвятыняю ім у краёх, куды яны пайшлі’".
Затым скажы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Я зьбяру вас зь людаў, і зьбяру вас із краёў, ідзе вы рассыпаныя, і дам вам зямлю Ізраеляву’".
І яны прыйдуць туды, і адкінуць усі абрыдлыя рэчы яе і ўсі агіды яе адгэнуль.
І дам ім адно сэрца, і дух новы ўлажу ў нутр іхны, і выму каменнае сэрца зь цела іхнага, і дам ім сэрца цялеснае,
Каб хадзілі ў вуставах Маіх, і дзяржалі загады Мае, і паўнілі іх; і яны будуць людам Імне, а Я буду ім Богам.
А чые сэрца ходзе за брыдамі а агідамі сваімі, Я абярну дарогі тых на галавы іхныя», — кажа Спадар СПАДАР.
Тады распусьцілі херувы крылы свае, і колы сталі ля іх, і слава Бога Ізраелявага зьверху над імі.
І ўзьнялася слава СПАДАРОВА з пасярод места, і стала на гары, што на ўсходнім баку места.
Адлі дух падняў мяне і прынёс мяне ў відзені Духам Божым да Хальдэі, да палону. І відзень, што я бачыў, паднялася ад мяне.
І гукаў я да тых із палону ўсі справы СПАДАРОВЫ, што Ён паказаў імне.