Да Габрэяў 3 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Дык, браты сьвятыя, учасьнікі ў нябёсным пагуканьню, разглядайце Апостала й Найвышшага Сьвятара вызнаньня нашага, Ісуса,
 
Браты святыя, удзельнікі нябеснага паклікання, зразумейце Апостала і Першасвятара нашага вызнання, Езуса,

Каторы верны Таму, хто Яго ўстанавіў, як і Масей у вусёй дамове Ягонай.
 
бо Ён верны таму, хто Яго ўстанавіў, як і Майсей ва ўсім доме Яго.

Бо быў уважаны за годнага тым большае славы над Масея, чым большую чэсьць мае будаўнічы чымся дом.
 
Ён варты настолькі большай пашаны, чым Майсей, наколькі большую пашану, чым дом, мае яго будаўнік.

Бо кажны дом збудаваны кімсь, а Тый, хто збудаваў усе, ё Бог.
 
Кожны дом хтосьці будуе, а той, хто збудаваў усё, — гэта Бог.

І Масей запраўды верны ў вусёй дамове Ягонай, як слугачы, дзеля сьветчаньня таго, што мела быць сказана пасьлей.
 
І Майсейбыў верным ва ўсім доме Яго як слуга дзеля сведчання пра тое, што трэба было сказаць.

А Хрыстос — як Сын у дамове Сваей, Каторага дамова мы, калі давер і пахвалу надзеі моцна дадзяржым аж да канца.
 
Хрыстус жа як Сын у доме Яго, а Ягоным домам з’яўляемся мы, калі толькі захаваем адвагу і слаўную надзею.

Затым, як кажа Дух Сьвяты: «Цяпер, як пачуеце голас Ягоны,
 
Як кажа Дух Святы: «Сёння, калі пачуеце Ягоны голас,

Не каляньце сэрцаў сваіх, як у часе ўзбурэньня ў дзень спакушэньня на пустыні,
 
нерабіце жорсткімі сэрцы вашыя, як учас бунту, у дзень выпрабавання ў пустыні,

Ідзе спакушалі Мяне айцове вашы, прабуючы Мяне, і бачылі ўчынкі мае сорак год.
 
дзе, спакушаючы, выпрабоўвалі Мяне бацькі вашыя хоць бачылі справы Мае

Затым Я ўгневаўся на тое пакаленьне й сказаў: "Яны заўсёды блудзяць сэрцам, не пазналі яны дарогаў Маіх";
 
напрацягу сарака гадоў. Таму Я і разгневаўся на пакаленне тое, і сказаў: Яны заўсёды блукаюць у сэрцы, не пазналі яны шляхоў Маіх.

Затым, Я прысягнуў у гневе Сваім: "Хіба яны ўвыйдуць у супакой Мой?"»
 
Таму Я прысягнуў у гневе Маім, што яны не ўвойдуць у Мой адпачынак».

Глядзіце, браты, каб ня было ў кім-колечы з вас нягоднага сэрца няверы, што адступала б ад Бога жывога.
 
Глядзіце, браты, каб не было ў каго з вас ліхога сэрца бязвер’я, якое аддаляе ад жывога Бога.

Але захочуйце самы сябе кажнага дня, пакуль завецца «Цяпер», каб ніхто з вас не закалянеў ашукнасьцяй грэху;
 
Але настаўляйце адзін аднаго штодня, пакуль можна казаць «сёння», каб ніхто з вас не стаў жорсткім праз падман граху.

Бо мы сталі сябрамі Хрыстовымі, калі запраўды пачатак пэўнасьці цьверда захаваем аж да канца,
 
Бо мы станемся саўдзельнікамі Хрыста, калі да канца захаваем моцную надзею, якую мелі ад пачатку.

Пакуль кажацца: «Цяпер, як вы пачуеце голас Ягоны, не каляньце сэрцаў сваіх, як у часе ўзбурэньня».
 
Таму гаворыцца: «Сёння, калі пачуеце голас Ягоны, не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя, як падчас бунту».

Бо хто гэта былі, што, пачуўшы, узбурыліся? Ці ня ўсі, што вышлі зь Ягіпту з Масеям?
 
Дык хто ж тыя, хто, пачуўшы, узбунтаваўся? Гэта ж не ўсе тыя, хто з Майсеем выйшаў з Егіпта?

І на кога Ён гневаўся сорак год? Ці не на тых, што ізграшылі, каторых трупы палі на пустыні?
 
На каго Ён гневаўся сорак гадоў? Ці не на тых, хто зграшыў і чые трупы засталіся на пустыні?

І каму прысягаў, што ня ўвыйдуць у супакой Ягоны, як ня тым, што былі непаслухменыя?
 
Каму пакляўся, што не ўвойдуць у Ягоны адпачынак, калі не тым, хто не паслухаўся?

І мы бачым, што яны не маглі ўвыйсьці з прычыны няверы.
 
І мы бачым, што яны не змаглі ўвайсці з прычыны бязвер’я.