Да Каласянаў 1 разьдзел
Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Цяпінскага
Паўла, з волі Божае апостал Хрыста Ісуса, а Цімох брат,
Сьвятым а верным братом у Хрысту, каторыя ў Колосе: ласка вам а супакой ад Бога Айца нашага а Спадара Ісуса Хрыста.
Дзякуем Богу а Айцу Спадара нашага Ісуса Хрыста, кажначасна молячыся за вас,
Чуўшы празь веру вашу ў Хрысту Ісусу а празь міласьць, каторую вы маеце да ўсіх сьвятых
Дзеля надзеі, пакладзенай вам у нябёсах, праз што вы ўперад чулі ў слове праўды Дабравесьці,
Каторая прышла да вас, як і на ўвесь сьвет, даець плады й расьціць, як і памеж вас, з тога дня, калі вы пачулі й запраўды пазналі ласку Божую ў праўдзе,
Як і навучыліся ад Епафры, любовага сунявольніка нашага і вернага слугачага Хрыстовага дзеля вас,
Каторы і наказаў нам праз міласьць вашу ў Духу.
Затым і мы з тога дня, як пачулі, не перастаем маліцца й прасіць за вас, каб вы напоўніліся запраўдным веданьням волі Ягонае ў вусёй мудрасьці й разуменьню духоўным;
Каб хадзілі годна Спадара ў вусім годзячы, даючы плод у кажнай добрай працы і растучы праўдзівым знацьцём Бога,
Мацуючыся кажнай сілаю подле магутнасьці славы Ягонае ў вусёй трывалкосьці а цярплівосьці з радасьцяй,
Дзякуючы Айцу, Каторы ўчыніў нас годнымі да ўчасьця ў дзелі сьвятых на сьвеце,
Каторы выбавіў нас ад улады цемні і перавёў да гаспадарства ўмілаванага Сына Свайго,
У каторым мы маем адкупленьне, дараваньне грахоў,
Каторы ё абраз Бога нявідомага, народжаны ўперад за ўсе стварэньне;
Бо Ім створана ўсе, што на нябёсах і што на зямлі, відомае й нявідомае: ці пасады, ці спадарствы, ці князствы, ці ўлады, — усе Ім і дзеля Яго створана;
І Ён ёсьць уперад за ўсе, і ўсе Ім дзяржыцца.
І Ён галава цела царквы; Ён — пачатак, пяршак ізь мертвых, каб Ён меў пяршынство ў вусім;
Бо ўзьлюб было Айцу, каб у Ім жыхарыла ўся паўніня,
І каб пагадзіць Ім усе із Сабою, сьціхамірыўшы Ім, крывёй крыжа Ягонага, ці то земнае, ці то нябёснае.
І вас, што калісь былі аддаленыя і непрыяцелі ў душы, робячы благія ўчынкі,
Цяпер Ён пагадзіў целам Сваім перазь сьмерць, каб пастанавіць вас сьвятымі а беззаганнымі а бязупічнымі перад Сабою,
Калі запраўды трываеце ў веры непахісныя а цьвярдыя і не адхінаецеся ад надзеі Евангелі, каторую вы чулі, каторая абяшчана ўсім стварэнцам пад небам, каторай я, Паўла, стаў слугачым.
Цяпер я цешуся зь цярпеньняў сваіх за вас і дапаўняю нястачу атугаў Хрыстовых на целе сваім за цела Ягонае, каторае ё Царква,
Каторай я стаў слугачым подле загады Божае, данае імне ўзглядам вас, каб выпаўніць слова Божае,
Тайну, закрытую ад вякоў і пакаленьняў, але цяпер аб’яўленую сьвятым Ягоным,
Каторым Бог зычыў наказаць, што за багацьце было б славутае тайны гэтае памеж народаў, каторая ё Хрыстос у вас, надзея славы,
Каторага мы абяшчаем, перасьцерагаючы кажную людзіну і навучаючы кажную людзіну ўсяе мудрасьці, каб пастанавіць кажную людзіну дасканальнай у Хрысту;
Дзеля чаго я й працую, змагаючыся подле дзеяньня Ягонага, каторае дзее ў імне магутна.