Данііла 12 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

І паўстане ў тым часе Міхайла, вялікі князь, што заступаецца за сыноў люду твайго; і настане гаротны час, якога ня бывала адгэнуль, як існуе народ, дагэтуль; і ў тым часе люд твой уцячэць, кажны знойдзены запісаным у кнізе.
 
У гэтым часе паўстане Міхал, вялікі князь, які стаіць за сыноў твайго народу і наступіць цяжкі час, якога ня было з тае пары, як існуюць людзі, да гэтага часу, але збавяцца ў той час з твайго народу ўсе, якія знойдзеныя запісанымі ў кнізе.

І шмат хто ізь сьпячых у пыле зямлі прачхнуцца, гэтыя да жыцьця вечнага, а гэныя на сорам, вечнае грэбаваньне.
 
Многія з тых, што сьпяць у пыле зямлі абудзяцца; адны для вечнага жыцьця, а другія на вечную пагарду і ганьбу.

І разумныя будуць зьзяць, як бліск нябёсны, і тыя, што прывядуць да праўды шмат каго — як зоры, на векі а векі.
 
Тыя-ж, што вучаць іншых, будуць зьзяць, як сьвет на небе, а тыя, што многіх прывялі да праўды — як зоркі — назаўсёды.

Але ты, Данелю, замкні словы гэтыя і запячатуй кнігу аж да часу канца; шмат хто прабяжыць туды-сюды, і памножыцца веданьне».
 
Але ты, Даніла, схавай гэтыя словы і запячатай гэтую кнігу, аж да азначанага часу, бо многа яго пройдзе і памножыцца веда.

І глянуў я, Данель, і вось, стаяла іншых двух, адзін на гэтым баку берагу ракі, а другі на гэным баку берагу ракі.
 
Тады я, Даніла, пагледзеў і вось стаяць ішыя два, адзін на гэтым беразе ракі, другі на тым беразе ракі.

І сказаў мужу ў ляньніне, што над вадою ракі: «Калі будзе канец гэтым чудосам?»
 
І сказаў да мужа апраненага ў ільняную вопратку, што стаяў над вадою той ракі: — калі-ж будзе канец гэтых дзіўных рэчаў?

І пачуў я мужа ў ляньніне, што быў над вадою ракі, як ён падняў правіцу сваю й лявіцу сваю к небу і прысягнуў Жывучым вечна, што да часу, часоў а палавіцы, і як скончыцца расьцярушэньне сілы сьвятога люду, тады ўсе гэта будзе здойсьнена».
 
І чуў я, як муж у ільняной вопратцы, што стаяў над вадой тае ракі ўзьняў правую і левую руку да неба і кляўся жывучым на векі, што пасьля азначанага часу і па азначаных часох і па палове часу і калі дарэшты аслабее сіла народу сьвятога, усё гэтае здарыцца.

І я пачуў, але не зразумеў, тады сказаў: «Спадару мой! што за канец гэтаму?»
 
Я чуў гэтае, аднак не зразумеў і дзеля гэтага сказаў: — валадару мой, што-ж будзе пасьля гэтага?

І ён сказаў: «Ідзі, Данелю, бо словы замкнёныя а запячатаваныя аж да часу канца.
 
І адказаў ён: — ідзі Даніла, бо схаваныя і запячатаныя гэтыя словы аж да азначанага часу.

Шмат хто будзе ачышчаны а выбелены а вылітаваны; нягодныя, адылі, будуць рабіць нягодна, і ніхто зь нягодных не зразумее, але разумныя зразумеюць.
 
Шмат будзе ачышчаных і выбеленых і пераплаўленых, а бязбожныя будуць рабіць бязбожна і не зразумее гэтага ніхто з бязбожных, а мудрыя зразумеюць.

І ад часу аддаленьня кажначаснага аброку і пастанаўленьня агіды спустошаньня мінець тысяча дзьвесьце дзевяцьдзясят дзён.
 
Ад часу, калі будзе спыненая штодзённая ахвяра і пастаўлена агіда спусташэньня, пройдзе тысяча двесьце дзевяцьдзесят дзён.

Дабраславёны, хто дачакае а дойдзе да тысяча трыста трыццаць пятага дня.
 
Шчасьлівы, хто чакае і дойдзе тысячы трохсот трыццаці пяцёх дзён.

Але ты йдзі да канца, і супачынеш, і паўстанеш да свае долі ў канцу дзён».
 
А ты ідзі да свайго канца і адпачнеш і ўстанеш для атрыманьня твайго лёсу ў канцы дзён.