Ісаі 13 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Цяжар узглядам Бабілёну, што відзеў Ісая Амасёнак.
 

На гары высокай падыміце харугаў; пусьціце голас да іх; кіўніце рукою, і прыйдуць у брамы дабрародных.
 

Я расказаў пасьвячаным Сваім, Я таксама гукаў дужых Сваіх да гневу Свайго, тых, што цешацца з узвышаньня Майго.
 

Шум множасьці на горах, падобна, як вялікага люду; галасьлівы шум каралеўства зьбертых народаў. СПАДАР войскаў робе перагляд баявога войска.
 

Прыходзяць із далёкага краю, ад канца нябёсаў, СПАДАР і зброя абурэньня Ягонага, зьнішчыць усю зямлю.
 

Галасіце, бо блізкі дзень СПАДАРОЎ, прыйдзе, як зьнішчэньне ад Усемагучага.
 

Затым усі рукі скволеюць, і сэрца кажнае людзіны замлее.
 

Яны жахаюцца; сударгі а болі схопяць іх; яны чуюць болі, як жонка родзячы; із зуменьням глядзяць адзін на аднаго; як выгляд поламя віды іхныя.
 

Вось, прыходзе дзень СПАДАРОЎ, неміласьціўны а гнеўны, з палкім гневам, каб абярнуць зямлю ў пустыню і грэшнікаў ейных выгубіць ізь яе;
 

Бо нябёсныя зоры а сузор’і не дадуць свае сьвятліні; сонца пацямнела ўсходам сваім, і месяц ня будзе зьзяць сьвятлінёю сваёй.
 

І Я пакараю сьвет за ліха і нягодных за бяспраўе іхнае; зраблю, каб перастала пыхатасьць гордых і вяльмуваньне гвалтоўнікаў паніжу;
 

Я ацаную людзіну даражэй за чыстае золата, чалавека за золата Офірскае.
 

І затым Я захістаю нябёсы, і зямля затрасецца на сваім месцу ў вабурэньню СПАДАРА войскаў, у дзень палкага гневу Ягонага.
 

І будзе, як алень, за каторым гоняцца, і як авечкі, безь зьбіраючага, кажны паверне да люду свайго, і ўцячэць кажны да краю свайго;
 

Кажны знойдзены будзе прабіты, і кажны, што прылучыцца да іх, падзець ад мяча;
 

І дзецяняты іхныя будуць разьбіты перад ачыма іхнымі; дамы іхныя будуць аглабаны, і жонкі іхныя будуць паганбены.
 

Вось, Я падыйму на іх Мідзян, што ня важаць срэбра й ня любуюць золата.
 

І лукі іхныя зломяць дзяцюкоў, і ня зьмілуюцца над плодам жывата; вока іхнае не пажалее дзяцей.
 

І Бабілён, слава каралеўстваў, харашыня вялічча Хальдэяў, станецца як разбураныя Богам Содома а Ґомора.
 

Ён ніколі ня будзе населены, і ня будуць у ім жыць ад пакаленьня аж да пакаленьня. Арабаве не пастановяць там буданоў сваіх, і пастухі ня будуць ляжаць там;
 

І будуць ляжаць там дзікія зьвяры, і напоўняцца дамы іхныя пугачамі, і будуць жыць там стравусы, і касматыя скакаць там будуць,
 

І шакалы будуць выць там у багатых дамох, і смокі ў прыемных палацах. І блізкі час прыходу ягонага, і дні ягоныя не працягнуцца.