Да Габрэяў 4 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Сабілы і Малахава
Затым боймася, каб, як застаецца абятніца ўходу да супакою Ягонага, не спазьніўся ніхто з вас.
Дык будзем ру́піцца, каб увайсьці ў супакой Ягоны, пакуль яшчэ застаецца абяцаньне, каб ня стаўся хто з вас спазьніўшымся.
Бо запраўды мы мелі Евангелю, даную нам, аднолькава як яны; але не дало ім карысьці чутае, не рашчыненае вераю слухачых.
Бо і нам было абвешчана (гэта Слова Бога), як і тым; але ім ня дало карысьці пачу́тае слова, бо ня спалу́чана было зь вераю тых, што пачу́лі.
Бо мы, каторыя ўверылі, увыйдзем да супакою, як Ён сказаў: «Як Я прысягаў у гневе Сваім: "Яны ня ўвыйдуць у супакой Мой"», хоць учынкі былі скончаны ад закладзінаў сьвету.
Бо ўваходзім у супакой мы, што паве́рылі, бо Ён сказаў: «Гэтак Я пакляўся ў гневе Маім: “ня ўвойдуць яны ў супакой Мой”», хаця дзеі Ягоныя былі скончаныя ўжо ад пачатку сьвету.
Бо нейдзе сказана празь сёмы гэтак: «І супачыў Бог сёмага дня ад усіх учынкаў Сваіх».
Бо сказана недзе пра сёмы дзень гэтак: «І супачыў Бог у дзень сёмы ад усіх дзеяў Сваіх».
І ўзноў на тым месцу: «Ня ўвыйдуць у супакой Мой?»
І ўсё ж такі (Ён гаворыць): «Ня ўвойдуць яны ў супакой Мой!»
Дык бачым, што некатрым застаецца ўвыйсьці ў яго, а тыя, што першыя чулі Дабравесьць, ня ўвыйшлі з прычыны непаслухменства.
Дык, як нікаторым застаецца ўвайсьці ў яго, а тыя, якім раней было дабравешчана, ня ўвайшлі за няпакорлівасьць,
І зноў прызначае якісь дзень, кажучы ў Давіда «Цяпер», па такім часе, як сказана вышэй: «Цяпер, як пачуеце голас Ягоны, не каляньце сэрцаў сваіх».
(Ён) ізноў прызначае нейкі дзень, «сягоньня», кажучы праз Давіда, пасьля столькі доўгага часу, як сказана: «сягоньня, калі пачуеце голас Ягоны, ня рабіце жорсткімі сэрцы вашыя».
Бо, калі б Ісус Нунянок даў ім супакой, не казаў бы пасьлей празь іншы дзень.
Бо калі б Ісус (Навін) увёў іх у супакой, то (Ён) ня казаў бы пра іншы дзень.
Значыцца, застаецца сыбоцтва люду Божаму.
Таму застаецца для народу Божага сьвяткаваньне суботы.
Бо хто ўвыйшоў у супакой Ягоны, тый таксама супачыў ад працаў сваіх, як Бог ад Сваіх.
Бо хто ўвайшоў у супакой Ягоны, той і сам супакоіўся ад дзеяў сваіх, як і Бог ад Сваіх.
Дык стараймася ўвыйсьці ў тый супакой, каб ніхто ня ўпаў подле прыкладу таго ў няслуханьне.
Таму пастараймася ўвайсьці ў той супакой, каб ніхто паводля таго ж прыкладу ня ўпаў у няпакорнасьць.
Бо слова Божае жывое а дзеючае, і астрэйшае за кажны абаротны меч, і праходзячае да падзелу душы й духа, суставаў і шпіку, і распазнаець думкі а замеры сэрца.
Бо Слова Бога жывое і дзейснае, і вастрэйшае за ўсякі меч двусечны, і пранікае ажно да разьдзяленьня сувязяў паміж душой і духам, і розумам, і здольна судзіць помыслы і намеры сэрца.
І няма стварэньня, няяўнага Яму, але ўсе аголена а адкрыта перад ачыма Ягонымі: Яму здамо лічбу.
І няма стварэньня ўкрытага ад Яго; але ўсё аголена і адкрыта перад вачамі Ягонымі, перад Якім наша справаздача.
Дык, маючы вялікага найвышшага Сьвятара, што перайшоў нябёсы, Ісуса, Сына Божага, дзяржымася моцна вызнаньня.
Дык маючы Архірэя вялікага, Які прайшоў Нябёсы — Ісуса, Сына Бога, цьвёрда трымаймася (нашага) веравызнаньня.
Бо мы маем не такога найвышшага сьвятара, што ня здольны быў бы спагадаць нам у няўздоленьнях нашых: Ён быў спакушаны ў вусім, будучы ў нашай падобнасьці, але бяз грэху.
Таму што мы маем Архірэя ня такога, Які ня мог бы спагадаць нам у немачах нашых, але маем спакушанага ва ўсім падобна нам, але застаўся бяз грэху.
Затым дабліжмася з адвагаю да пасаду ласкі, каб адзяржаць міласэрдзе і знайсьці ласку да паравое помачы.
Таму прыступайма з адвагаю да пасаду Багадаці, каб атрымаць нам зьмілаваньне, і дзеля своечасовай дапамогі атрымаць спрыяньне (Бога).