Езэкііля 3 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І сказаў імне: «Сыну людзкі! што знайшоў — еж; зьеж гэты зьвіток і йдзі, гукай дому Ізраеляваму».
 

Дык я разявіў рот свой, і Ён даў імне есьці зьвіток гэны,
 

І сказаў імне: «Сыну людзкі! кармі жывот свой і напоўні нутр свой гэтым зьвітком, што Я даю табе». І я ізьеў, і было ў роце маім, як мёд, узглядам саладзіні.
 

І Ён сказаў імне: «Сыну людзкі! ідзі, прыйдзі да дому Ізраелявага й гукай словамі Маімі ім;
 

Бо не да люду глыбокае гаворкі й цяжкое мовы ты пасланы, але да дому Ізраелявага,
 

Не да шмат якіх людаў глыбокае гаворкі й цяжкое мовы, каторых словы ты ня можаш разумець; калі б Я паслаў цябе да іх, яны слухалі б цябе;
 

А дом Ізраеляў не захоча слухаць цябе, бо яны ня слухаюць Мяне, бо ўвесь дом Ізраеляў цьвердалобы і закалянелага сэрца.
 

Гля, Я ўчыніў від твой моцным супроці відаў іхных і чало твае моцным супроці чолаў іхных.
 

Як дыямэнт, цьвердшы за крэмень, Я ўчыніў чало твае; ня бойся іх ані палохайся паглядаў іхных, дарма што яны бунтоўны дом».
 

Адлі Ён сказаў імне: «Сыну людзкі, усі словы Мае, што Я буду гукаць табе, прыймі да сэрца свайго і слухай вушамі сваімі.
 

І йдзі, прыйдзі да палону, да сыноў люду свайго, і гукай ім, і накажы ім: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР", будуць яны слухаць ці адмовяцца».
 

І падняў мяне дух, і я пачуў адзаду сябе гук вялікага шуму, кажучы: «Будзь дабраславёная слава СПАДАРОВА із свайго месца!»
 

І пачуў шум крылаў жывых стварэньняў, што датыкаліся адно да аднаго, і шум колаў побач іх, і шум вялікага руху.
 

І дух падняў мяне, і ўзяў мяне, і я пашоў у гарчэлі, парушаны ў духу сваім; але рука СПАДАРОВА была моцнаю на імне.
 

І прышоў я да палону, да Тэль-Авіву, што жылі ля ракі Хевар, і там, ідзе яны сядзелі, там сеў і я, ашалапучаны ў духу, сем дзён.
 

І сталася ў канцу сямёх дзён, што было слова СПАДАРОВА да мяне, кажучы:
 

«Сыну людзкі! Я прызначыў цябе за вартаўніка над домам Ізраелявым; як ты пачуеш слова з вуснаў Маіх, перасьцерагай іх ад Мяне.
 

Як Я скажу нягоднаму: "Сьмерцю памрэш", і ты не перасьцеражэш яго, і ня будзеш гутарыць, каб перасьцерагчы нягоднага ад нягоднае дарогі ягонае, каб ён жыў: тый нягоднік памрэць у бяспраўю сваім, але кроў ягоную ад рукі твае спаганю.
 

А ты перасьцеражэш нягоднага, і ён не адвернецца ад нягоднасьці свае ані ад нягоднае дарогі свае: ён памрэць у сваім бяспраўю, але ты спас душу сваю.
 

Ізноў, калі справядлівы адвернецца ад справядлівасьці свае й будзе дзеяць бяспраўе, бо Я палажу спатыкненьне перад ім, і ён памрэць; з тае прычыны, што ты не нерасьцерагаў яго, памрэць у грэсе сваім, і справядлівасьць, зробленая ім, ня будзе ўспомнена, але кроў ягоную Я спаганю з рукі твае.
 

Калі б ты, адылі, перасьцерагаў справядлівага, каб не грашыў справядлівы, і ён запраўды ня ізгрэша: ён напэўна будзе жыць, бо ён перасьцярэжаны, таксама ты спасеш душу сваю».
 

І была на імне там рука СПАДАРОВА, і Ён сказаў імне: «Устань, ідзі на даліну, і Я там буду размаўляць із табою».
 

І я ўстаў, і вышаў на даліну, і вось, там слава СПАДАРОВА стаяла, як слава, што я бачыў ля ракі Хевар; і я паў на від свой.
 

І ўвыйшоў у мяне дух, і пастанавіў мяне на ногі мае, і гутарыў з імною, і сказаў імне: «Ідзі, запрыся ў доме сваім.
 

Што да цябе, сыну людзкі — вось, наложаць паварозы на цябе, і зьвяжуць цябе імі, і ты ня выйдзеш да іх.
 

І Я ўчыню, што язык твой прыліпне да паднябеньня твайго, і ты занямееш, і ня будзеш упікаць ім, бо яны — бунтоўны дом.
 

Але, як Я буду гутарыць із табою, Я адчыню вусны твае, і ты будзеш казаць ім: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР"; хто слухае, няхай слухае; і хто адмаўляецца, няхай адмаўляецца, бо дом бунтоўны яны.