Езэкііля 3 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
І сказаў імне: «Сыну людзкі! што знайшоў — еж; зьеж гэты зьвіток і йдзі, гукай дому Ізраеляваму».
І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, з’еж усё, што атрымаеш, з’еж гэты скрутак і ідзі прамаўляць да ізраэльцаў».
Дык я разявіў рот свой, і Ён даў імне есьці зьвіток гэны,
І адкрыў я вусны свае, і Ён даў мне з’есці той скрутак,
І сказаў імне: «Сыну людзкі! кармі жывот свой і напоўні нутр свой гэтым зьвітком, што Я даю табе». І я ізьеў, і было ў роце маім, як мёд, узглядам саладзіні.
кажучы мне: «Сын чалавечы, хай чэрава тваё наесца, і хай напоўніцца нутро тваё гэтым скруткам, які Я табе даю». Ды я з’еў яго, і стаў ён у вуснах маіх салодкі, як мёд.
І Ён сказаў імне: «Сыну людзкі! ідзі, прыйдзі да дому Ізраелявага й гукай словамі Маімі ім;
І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, ідзі да дому Ізраэля і гавары ім словамі Маімі.
Бо не да люду глыбокае гаворкі й цяжкое мовы ты пасланы, але да дому Ізраелявага,
Бо пасланы ты не да народа з цяжкай і незразумелай мовай, якіх не мог бы ты зразумець, але да дому Ізраэля;
Не да шмат якіх людаў глыбокае гаворкі й цяжкое мовы, каторых словы ты ня можаш разумець; калі б Я паслаў цябе да іх, яны слухалі б цябе;
і не да многіх народаў з незразумелай і невядомай мовай, размоў якіх не можаш ты зразумець; і каб да тых ты быў пасланы, яны слухалі б цябе.
А дом Ізраеляў не захоча слухаць цябе, бо яны ня слухаюць Мяне, бо ўвесь дом Ізраеляў цьвердалобы і закалянелага сэрца.
Аднак дом Ізраэля не захоча цябе слухаць, бо Мяне не хочуць слухаць; бо ўвесь дом Ізраэля мае цвёрды лоб і закамянелае сэрца.
Гля, Я ўчыніў від твой моцным супроці відаў іхных і чало твае моцным супроці чолаў іхных.
Вось, даў я табе твар дужэйшы, чым іх твары, і чало тваё цвярдзейшае, чым чало іх;
Як дыямэнт, цьвердшы за крэмень, Я ўчыніў чало твае; ня бойся іх ані палохайся паглядаў іхных, дарма што яны бунтоўны дом».
даў я табе твар, як дыямент, і цвярдзейшы за крэмень, не бойся іх і не палохайся твару іх, бо яны — упорысты народ».
Адлі Ён сказаў імне: «Сыну людзкі, усі словы Мае, што Я буду гукаць табе, прыймі да сэрца свайго і слухай вушамі сваімі.
І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, усе словы Мае, якія сказаў Я табе, вазьмі ў сэрца сваё і слухай вушамі сваімі.
І йдзі, прыйдзі да палону, да сыноў люду свайго, і гукай ім, і накажы ім: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР", будуць яны слухаць ці адмовяцца».
Ды ідзі ўвайдзі да перасяленцаў, да дзяцей народа твайго, і прамаўляй да іх, і кажы ім: “Гэта кажа Госпад Бог”, — ці будуць слухаць, ці пагардзяць».
І падняў мяне дух, і я пачуў адзаду сябе гук вялікага шуму, кажучы: «Будзь дабраславёная слава СПАДАРОВА із свайго месца!»
І схапіў мяне дух, і пачуў я за сабой водгук страсення вялікага, калі слава Госпада падымалася з месца, на якім прабывала;
І пачуў шум крылаў жывых стварэньняў, што датыкаліся адно да аднаго, і шум колаў побач іх, і шум вялікага руху.
і пачуў я гук крылаў істот жывых, якія біліся адно аб адно, і водгук колаў, якія каціліся за жывымі істотамі, і водгук страсення вялікага.
І дух падняў мяне, і ўзяў мяне, і я пашоў у гарчэлі, парушаны ў духу сваім; але рука СПАДАРОВА была моцнаю на імне.
А дух падняў мяне і забраў мяне; і пайшоў я, раздражнёны, у абурэнні духу майго: бо цяжкая рука Госпада супачывала на мне.
І прышоў я да палону, да Тэль-Авіву, што жылі ля ракі Хевар, і там, ідзе яны сядзелі, там сеў і я, ашалапучаны ў духу, сем дзён.
І прыйшоў я да перасяленцаў у Тэль-Абіб, да тых, якія пражывалі над ракою Кэбар, і сеў, дзе яны сядзелі, і застаўся там, уражаны, на сем дзён між імі.
І сталася ў канцу сямёх дзён, што было слова СПАДАРОВА да мяне, кажучы:
А калі мінула сем дзён, прамовіў да мяне Госпад, кажучы:
«Сыну людзкі! Я прызначыў цябе за вартаўніка над домам Ізраелявым; як ты пачуеш слова з вуснаў Маіх, перасьцерагай іх ад Мяне.
«Сын чалавечы, Я паставіў цябе вартаўніком над пакаленнямі Ізраэля; і пачуеш ты слова з вуснаў Маіх, і папярэдзіш іх у Маё імя.
Як Я скажу нягоднаму: "Сьмерцю памрэш", і ты не перасьцеражэш яго, і ня будзеш гутарыць, каб перасьцерагчы нягоднага ад нягоднае дарогі ягонае, каб ён жыў: тый нягоднік памрэць у бяспраўю сваім, але кроў ягоную ад рукі твае спаганю.
Калі Я скажу бязбожніку: “Смерцю памрэш”, а ты яго не перасцеражэш і не прамовіш да яго, каб адвесці яго ад яго бязбожнай дарогі і захаваць яму жыццё, бязбожнік той памрэ з прычыны правіннасці сваёй, а Я цябе зраблю адказным за яго кроў.
А ты перасьцеражэш нягоднага, і ён не адвернецца ад нягоднасьці свае ані ад нягоднае дарогі свае: ён памрэць у сваім бяспраўю, але ты спас душу сваю.
Калі ж перасцеражэш бязбожніка і ён не адвернецца ад сваёй дарогі ліхой, то памрэ ён менавіта ў злачыннасці сваёй, а ты вызваліш душу сваю.
Ізноў, калі справядлівы адвернецца ад справядлівасьці свае й будзе дзеяць бяспраўе, бо Я палажу спатыкненьне перад ім, і ён памрэць; з тае прычыны, што ты не нерасьцерагаў яго, памрэць у грэсе сваім, і справядлівасьць, зробленая ім, ня будзе ўспомнена, але кроў ягоную Я спаганю з рукі твае.
Але калі і справядлівы адступіцца ад сваёй справядлівасці, дапусціцца злачыннасці, то Я перашкоджу яму; ён памрэ, бо ты не перасцярог яго: ён памрэ ў сваім граху; справядлівасць, якую ён рабіў, не будзе яму залічана; цябе, аднак, зраблю адказным за яго кроў.
Калі б ты, адылі, перасьцерагаў справядлівага, каб не грашыў справядлівы, і ён запраўды ня ізгрэша: ён напэўна будзе жыць, бо ён перасьцярэжаны, таксама ты спасеш душу сваю».
Калі, аднак, перасцеражэш справядлівага, каб справядлівы не грашыў, і калі ён не дапусціцца граху, то, напэўна, застанецца пры жыцці, бо перасцярог ты яго і вызваліў сваю душу».
І была на імне там рука СПАДАРОВА, і Ён сказаў імне: «Устань, ідзі на даліну, і Я там буду размаўляць із табою».
І супачыла на мне рука Госпада, і Ён сказаў мне: «Устань, ідзі на поле, і там Я буду з табою гаварыць».
І я ўстаў, і вышаў на даліну, і вось, там слава СПАДАРОВА стаяла, як слава, што я бачыў ля ракі Хевар; і я паў на від свой.
Ды я ўстаў і пайшоў на поле, і вось, там была слава Госпада, такая, як слава, якую я ўбачыў над ракою Кэбар; і я ўпаў на твар свой.
І ўвыйшоў у мяне дух, і пастанавіў мяне на ногі мае, і гутарыў з імною, і сказаў імне: «Ідзі, запрыся ў доме сваім.
Увайшоў у мяне дух, і паставіў мяне на ногі мае; і размаўляў Ён са мною, кажучы мне: «Ідзі і зачыніся ў сваім доме.
Што да цябе, сыну людзкі — вось, наложаць паварозы на цябе, і зьвяжуць цябе імі, і ты ня выйдзеш да іх.
І ты, сын чалавечы, вось, будуць ускладзены на цябе вяроўкі і ты будзеш звязаны імі так, што не зможаш пайсці ў іх;
І Я ўчыню, што язык твой прыліпне да паднябеньня твайго, і ты занямееш, і ня будзеш упікаць ім, бо яны — бунтоўны дом.
і Я зраблю, што язык твой прыстане да паднябення твайго, і будзеш ты нямы, і як быццам не будзеш іх больш дакараць, бо яны народ упорысты.
Але, як Я буду гутарыць із табою, Я адчыню вусны твае, і ты будзеш казаць ім: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР"; хто слухае, няхай слухае; і хто адмаўляецца, няхай адмаўляецца, бо дом бунтоўны яны.
Калі ж Я буду гаварыць да цябе, адкрыю табе вусны і скажаш ім: “Гэта кажа Госпад Бог” Хто хоча слухаць, хай слухае, а хто пагарджае, той хай пагарджае, бо гэта народ упорысты.