Езэкііля 48 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Гэта ймёны плямёнаў: з паўночнага канца па дарозе да Гэтлёну, як яна йдзець на Гамаф, Гацар-Енон, граніцаю Дамашку з поўначы ўздоўж Гамафу, з усходняе стараны й заходняе — Дану, дзель адна.
 
«І вось імёны пакаленняў: у межах поўначы, ідучы ў напрамку Гэталона да ўваходу ў Эмат, Асарэнон — межы Дамаска да поўначы каля Эмата — будзе ад усходу аж да мора, атрымае Дан адну частку ва ўласнасць.

А ля граніцы Дана ад усходняе стараны аж да стараны заходняе — Ашэру, дзель адна.
 
І каля мяжы Дана, ад усходу аж да мора, атрымае Асэр адну частку ва ўласнасць.

А ля граніцы Ашэра ад усходняе стараны аж да стараны заходняе — Наффаліму, дзель адна.
 
І каля мяжы Асэра, ад усходу аж да мора, атрымае Нэфталі адну частку ва ўласнасць.

І ля граніцы Наффаліма ад усходняе стараны аж да стараны заходняе — Манасу, дзель адна.
 
І каля мяжы Нэфталі, ад усходу аж да мора, атрымае Манаса адну частку ва ўласнасць.

І ля граніцы Манаса ад усходняе стараны аж да стараны заходняе — Яхрэму, дзель адна.
 
І каля мяжы Манасы, ад усходу аж да мора, атрымае Эфраім адну частку ва ўласнасць.

І ля граніцы Яхрэма ад усходняе стараны аж да стараны заходняе — Рувіну, дзель адна.
 
І каля мяжы Эфраіма, ад усходу аж да мора, атрымае Рубэн адну частку ва ўласнасць.

І ля граніцы Рувіна ад усходняе стараны аж да стараны заходняе — Юдзе, дзель адна.
 
І каля мяжы Рубэна, ад усходу аж да мора, атрымае Юда адну частку ва ўласнасць.

І ля граніцы Юды ад усходняе стараны аж да стараны заходняе будзе аброк, каторы вы абрачыце, дваццаць пяць тысячаў прутоў ушыркі, а ўдаўжкі, як адна зь дзеляў, з усходняе стараны аж да стараны заходняе; і сьвятыня будзе сярод яго.
 
І каля мяжы Юды, ад усходу аж да мора, мае быць частка аддзеленая, шырынёю ў дваццаць пяць тысяч прутоў і даўжынёю — як усе часткі, ад усходу аж да мора, і пасярэдзіне яе будзе знаходзіцца святыня.

Тый аброк, што вы абрачыце СПАДАРУ — дваццаць пяць тысячаў удаўжкі і дзесяць тысячаў ушыркі.
 
Частка, якую вы аддзеліце для Госпада, будзе даўжынёю ў дваццаць пяць тысяч прутоў і шырынёю ў дваццаць тысяч прутоў.

І тым сьвятаром будзе сьвяты аброк, на поўнач дваццаць пяць тысячаў і на захад дзесяць тысячаў ушыркі, і на ўсход дзесяць тысячаў ушыркі, і на паўдня дваццаць пяць тысячаў удаўжкі; і сьвятыня СПАДАРОВА будзе пасярод яго,
 
Святая ж частка належаць будзе ім, святарам: на поўнач дваццаць пяць тысяч прутоў, і да мора шырынёю дзесяць тысяч прутоў, і на ўсход шырынёю дзесяць тысяч прутоў, і на поўдзень даўжынёю ў дваццаць пяць тысяч прутоў; і святыня Госпада будзе пасярэдзіне яе.

Сьвятаром, пасьвячаным із сыноў Садокавых, што стаялі на варце Маёй, каторыя ня зблудзілі, як зблудзілі сынове Ізраелявы, як зблудзілі Левітаве.
 
Будзе яна пасвячоным святарам, нашчадкам Садока, якія спаўнялі Мае службы і не блукалі, калі блукалі ізраэльцы, як блукалі левіты.

І аброк із абрачонае зямлі будзе ім, рэч найсьвятшая, ля граніцы Левітаў.
 
І належаць ім будзе частка з асаблівай часткі зямлі, з святога з святых, каля мяжы левітаў;

І супроці граніцы сьвятароў Левітам дваццаць пяць тысячаў удаўжкі і дзесяць тысячаў ушыркі; уся даўжыня дваццаць пяць тысячаў, а шырыня дзесяць тысячаў.
 
але і левітам падобна мае належаць частка адпаведная межам святароў, даўжынёю ў дваццаць пяць тысяч прутоў і шырынёю ў дзесяць тысяч прутоў, цалкам даўжынёю ў дваццаць пяць тысяч і шырынёю ў дваццаць тысяч прутоў;

І яны ня маюць прадаваць із гэтага ані мяняць, хай не пераходзе пяршына зямлі, бо пасьвячаная СПАДАРУ.
 
і не будуць яны магчы з яе нічога прадаць, ані замяніць, ані не будуць магчы перанесці гэтую частку зямлі, бо была яна пасвячона Госпаду.

І засталыя пяць тысячаў ушыркі супроці дваццаць пяцёх тысячаў будуць будзеннымі пад места, на сялібы а на перадмесьці; і места будзе ў сярэдзіне іх.
 
А пяць тысяч прутоў, якія яшчэ застаюцца з шырыні ў дваццаць пяць тысяч прутоў, не будуць святыя, а будуць служыць гораду як месца на жыллё і на пашы, і горад будзе пасярэдзіне [гэтай тэрыторыі].

І вось памеры іх: паўночная старана чатыры тысячы пяцьсот і паўднявая старана чатыры тысячы пяцьсот, і ўсходняя старана чатыры тысячы пяцьсот, і заходняя старана чатыры тысячы пяцьсот.
 
І вось яго памеры: на бок паўночны — чатыры тысячы пяцьсот прутоў; і на бок паўднёвы — чатыры тысячы пяцьсот прутоў, і на бок усходні — чатыры тысячы пяцьсот прутоў, і на бок заходні — чатыры тысячы пяцьсот прутоў.

А перадмесьці места маюць быць на поўнач на дзьвесьце пяцьдзясят, і на паўдня на дзьвесьце пяцьдзясят, і на ўсход на дзьвесьце пяцьдзясят, і на захад на дзьвесьце пяцьдзясят.
 
А горад будзе мець пашы на дзвесце пяцьдзесят прутоў на поўнач, і на дзвесце пяцьдзесят прутоў на поўдзень, і на дзвесце пяцьдзесят прутоў на ўсход, і на дзвесце пяцьдзесят прутоў да мора.

І астача ўдаўжкі супроці сьвятога аброку — дзесяць тысячаў на ўсход і дзесяць тысячаў на захад, і яна мае быць супроці сьвятога аброку, і прыбытак ізь яе мае быць на емя тым, што служаць месту.
 
Тое ж, што застанецца на даўжыню ля святой часткі, будзе на дзесяць тысяч прутоў на ўсход і дзесяць тысяч прутоў на захад, будзе яно ля святой часткі, і будуць плады яго на хлеб тым, хто служыць гораду.

І службіты места служыць будуць яму з усіх плямёнаў Ізраелявых.
 
А будуць працаваць работнікі горада з усіх пакаленняў ізраэльскіх.

І аброк будзе мець дваццаць пяць тысячаў на дваццаць пяць тысячаў, чатыракутні абрачыце сьвяты аброк зь дзяржаваю месцкаю.
 
Уся частка будзе мець дваццаць пяць тысяч прутоў даўжыні на дваццаць пяць тысяч шырыні; вазьміце святую частку разам з уласнасцю горада.

І астача князю; абапал сьвятога аброку й дзяржавы месцкае перад дваццаць пяцьма тысячамі аброку аж да граніцы ўсходняе і на захад перад дваццаць пяцьма тысячамі ля граніцы заходняе супроці гэтых дзеляў, князю будзе; і будзе сьвяты аброк, і сьвятліня дому будзе ў сярэдзіне яго.
 
А рэшта мае належаць валадару з абодвух бакоў святой часткі і ўласнасці горада, уздоўж тых дваццаці пяці тысяч прутоў часткі аж да мяжы ўсходняй, але і з абшару да мора ўздоўж тых дваццаці пяці тысяч прутоў аж да мяжы мора, адпаведна часткам пакаленняў: гэта будзе належаць валадару. І святая частка і свяцілішча святыні будуць пасярэдзіне яе,

А ад дзяржавы Левітаў і ад дзяржавы места ў прамежку таго, што ўжо княжае меж граніцаю Юды і граніцаю Веняміна, мае быць князю.
 
яна будзе аддзеленая ад уласнасці левітаў і ўласнасці горада сярод частак, што належаць валадару: паміж мяжою Юды і мяжою Бэньяміна будзе знаходзіцца ўласнасць валадара.

Што да засталых плямёнаў, то ад усходняе стараны аж да стараны заходняе — Веняміну, дзель адна.
 
І рэшце пакаленняў, ад усходу аж да захаду: Бэньяміну — адна частка.

І ля граніцы Веняміновае ад усходняе стараны аж да стараны заходняе — Сымону, дзель адна.
 
І каля мяжы Бэньяміна, ад усходу аж да захаду, адна частка Сімяону.

І ля граніцы Сымонавае ад усходняе стараны аж да стараны заходняе — Іссасхару, дзель адна.
 
І каля мяжы Сімяона, ад усходу аж да захаду, адна частка Ісахару.

І ля граніцы Іссасхаровае ад усходняе стараны аж да стараны заходняе — Завулону, дзель адна.
 
І каля мяжы Ісахара, ад усходу аж да захаду, адна частка Забулону.

І ля граніцы Завулонавае ад усходняе стараны аж да стараны заходняе — Ґаду, дзель адна.
 
І каля мяжы Забулона, ад усходу аж да мора, адна частка Гаду.

І ля граніцы Гада на паўднявой старане на паўдня будзе граніца ад Тамары аж да вады сьпярэчкі Кадэшу, да цур’я ля вялікага мора.
 
І каля мяжы Гада, з боку паўднёвага, на поўдзень будзе ісці мяжа ад Тамара аж да водаў Мэрыбы каля Кадэса і ўздоўж ракі аж да Вялікага мора.

Гэта зямля, што вы маеце падзяліць жэрабям плямёнам Ізраелявым на спадак, і гэта дзель іх, — агалашае Спадар СПАДАР.
 
Гэта вось зямля, якую вы падзеліце жэрабем між пакаленнямі Ізраэля, і гэтыя вось часткі іх, — кажа Госпад Бог.

І гэта граніца места: з паўночнае стараны чатыры тысячы пяцьсот мера;
 
І вось выхад з горада: з паўночнага боку, памер якога будзе чатыры тысячы пяцьсот прутоў,

І брамы места маюць быць названы подле ймёнаў плямён Ізраелявых; тры брамы на поўнач: адна брама Рувінава, адна брама Юдзіна, адна брама Левава.
 
брамы горада будуць названыя паводле імёнаў пакаленняў Ізраэля: тры брамы з паўночнага боку: адна брама Рубэна, адна брама Юды, адна брама Левія.

І на ўсходняй старане чатыры тысячы пяцьсот; і тры брамы: адна брама Язэпава, адна брама Венямінова, адна брама Данава.
 
І з усходняга боку на адлегласці чатырох тысяч пяцісот прутоў тры брамы: адна брама Язэпа, адна брама Бэньяміна, адна брама Дана.

І на паўднявой старане чатыры тысячы пяцьсот мера; і тры брамы: адна брама Сымонава, адна брама Завулонава.
 
І з паўднёвага боку, памер якога будзе чатыры тысячы пяцьсот прутоў, тры брамы: адна брама Сімяона, адна брама Ісахара, адна брама Забулона.

На заходняй старане чатыры тысячы пяцьсот; тры ў ёй брамы: адна брама Ґадова, адна брама Ашэрава, адна брама Наффалімова.
 
І з заходняга боку, на адлегласці чатырох тысяч пяцісот прутоў, тры брамы: адна брама Гада, адна брама Асэра, адна брама Нэфталі.

Навокал асьмінанцаць тысячаў. А імя места адгэнуль: "СПАДАР там"».
 
Наўкола горад мае васемнаццаць тысяч прутоў, і назва горада будзе з таго дня: “Госпад ёсць там!”»