Езэкііля 28 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
 
І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:

«Сыну людзкі! кажы князю Тырскаму: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’За тое, што сэрца тваё загардзела, і ты сказаў: "Бог я, на седаве Божым я сяджу ў сэрцу мораў", ты, адылі, чалавек, а ня Бог, дарма што становіш сэрца сваё як сэрца Божае,
 
«Сын чалавечы, скажы валадару Тыра: гэта кажа Госпад Бог: “Таму што сэрца тваё стала пыхлівым і ты сказаў: “Я — Бог, і я сяджу на Божым пасадзе ў сэрцы мораў!”, хаця ты толькі чалавек, і не бог, хоць розум свой хацеў мець роўным Божаму розуму.

Гля, ты мудрэйшы за Данеля, усе тайнае не схавана ад цябе.
 
Вось, ты мудрэйшы за Даніэля, ніякая таямніца не схавана ад цябе,

Сваёй мудрасьцяй а сваім розумам ты прыдбаў маемасьць і прыдбаў золата а срэбра да скарбаў сваіх;
 
дзеля сваёй мудрасці і разважлівасці здабыў ты сабе багацці і назбіраў золата і срэбра ў скарбоўнях сваіх;

Вялікай мудрасьцяй ты торгам павялічыў багацьці свае, і загардзела сэрца тваё ад маемасьці;
 
дзеля сваёй вялікай мудрасці ды дзеля сваіх здольнасцей купецкіх павялічыў ты сваю маёмасць, і сэрца тваё стала пыхлівым з прычыны багаццяў тваіх”.

Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: "За тое, што ты пастанавіў сэрца сваё як сэрца Божае,
 
Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “За тое, што ты свой розум хацеў лічыць роўным Божаму розуму,

Дык вось, Я прывяду на цябе чужаземцаў, найстрашнейшых із народаў, і яны аголяць мячы свае супроці харашыні мудрасьці твае, і збудзеняць бліск твой.
 
таму, вось, Я ўзвяду на цябе чужынцаў, найгоршых паміж народаў, і яны вынуць мечы свае супраць прыгажосці мудрасці тваёй і збэсцяць бляск твой.

Зьвядуць цябе ў яму, і ты памрэш сьмерцяй забітых сярод мораў.
 
Зацягнуць цябе ў яму, і памрэш ты раптоўнай смерцю ў сэрцы мора.

І нягож скажаш ты перад убіўцам сваім: ’Я бог’? але ты чалавек, а ня Бог у руццэ ўбіўцы свайго.
 
Ці будзеш яшчэ гаварыць: “Я — Бог!” на віду тых, што забіваць будуць цябе, хаця ты толькі чалавек, а не Бог, у руцэ забойцаў тваіх.

Сьмерцяй неабрэзаных памрэш ад рукі чужаземцаў; Я казаў", — агалашае Спадар СПАДАР’"».
 
Ты памрэш смерцю неабрэзаных ад рукі чужынцаў, бо Я сказаў гэта”, — кажа Госпад Бог».

І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
 
І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:

«Сыну людзкі! завядзі пахоўную песьню па каралю Тырскім і скажы яму: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Ты пячаць дасканалства, паўніня мудрасьці, супоўная харашыня.
 
«Сын чалавечы, бядуй над царом Тыра і скажы яму: гэта кажа Госпад Бог: “Быў ты адбіткам дасканаласці, поўны мудрасці і вялікай прыгажосці;

Ты быў у Едэне, у садзе Божым; усялякім дарагім каменьням ты быў прыбраўшыся: рубінам, топазам а дыямэнтам, тарсысам, оніксам а ясьпісам, шафірам, гранатам, хрызолітам а золатам. Работа асадкаў тваіх у цябе зроблена ў дзень стварэньня твайго.
 
ты жыў у раскошы раю Божага, пакрывалі цябе ўсякія каштоўныя камяні; сардый, тапаз і яшма, хрызаліт і онікс, і берыл, і сапфір, і карбункул, і смарагд, і золата чаканнага гатунку былі ў цябе; у дзень нараджэння твайго былі яны прыгатаваны.

Ты памазаны херуў, што ахінае, і Я пастанавіў цябе; ты быў на сьвятой гары Божай, сярод палаючых камянёў ты хадзіў.
 
Паставіў Я цябе з херубінам ахінутым, апекуном тваім, на святой гары Божай ты знаходзіўся, хадзіў ты між бліскучых камянёў,

Ты быў дасканальным у дарогах сваіх ада дня, як ты быў створаны, аж пакуль не знайшлося бяспраўя ў цябе.
 
дасканалы ў шляхах сваіх ад дня нараджэння твайго, аж пакуль не знайшлася ў цябе злачыннасць.

Ад множасьці торгу твайго нутр твой напоўніўся ўсілствам, і ты ізграшыў; за тое Я зрынуў цябе, як будзеннага, з гары Божае, зьнішчыў цябе, херуве ахінаючы, з памеж палаючых камянёў.
 
З пашырэннем гандлю твайго напоўнілася нутро тваё злачыннасцю і зграшыў ты. І скінуў Я цябе з гары Божай, і прагнаў цябе херубін апякун паміж бліскучых камянёў.

Загардзела сэрца тваё з харашыні твае, на ліха ты ўжыў мудрасьць сваю з пазору свайго; Я ськінуў цябе на зямлю, выставіў цябе перад каралямі, каб яны аглядалі цябе.
 
Надзьмулася сэрца тваё дзеля прыгажосці тваёй; згубіў ты мудрасць тваю дзеля бляску твайго: кінуў Я цябе на зямлю, на віду цароў выставіў цябе, каб бачылі цябе.

Множасьцяй бяспраўяў сваіх, бяспраўям торгу свайго ты збудзеніў сьвятыню сваю; за тое Я вазьму з пасярод цябе цяпло, і яно пажарэць цябе, і абярну цябе ў попел на зямлі на ачох усіх, што глядзяць на цябе.
 
Мноствам правіннасцей сваіх і несправядлівасцю гандлю свайго апаганіў ты святыні свае; дык Я выведу агонь з нутра твайго, які з’есць цябе, і зраблю цябе попелам на зямлі ў прысутнасці ўсіх, хто бачыць цябе.

Усі, што знаюць цябе меж людаў, зумеюцца зь цябе, ты будзеш жахам, і ўжо ніколі ня будзе цябе’"».
 
Усе з народаў, якія бачаць цябе, здзівяцца дзеля цябе, бо стаў ты страхоццем, і не будзе цябе вечна”».

І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
 
І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:

«Сыну людзкі! зьвярні від свой на Сыдон, і праракай празь яго,
 
«Сын чалавечы, звярні аблічча сваё на Сідон і праракуй супраць яго,

І скажы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Гля, Я на цябе, Сыдоне, і ўслаўлюся сярод цябе, і даведаюцца, што Я — СПАДАР, як Я зьдзею суды над ім і ўсьвячуся ў ім;
 
і кажы: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я супраць цябе, Сідоне, і хачу, каб хвалілі Мяне ў цябе, ды няхай ведаюць, што Я — Госпад, калі буду рабіць у ім суды і буду ў ім асвячоны.

Бо Я пашлю на яго ліпучку а кроў на вуліцы ягоныя, і раненыя ў ім паваляцца ад мяча на яго адусюль; і даведаюцца, што Я — СПАДАР.
 
І нашлю на яго пошасць і кроў на вуліцы яго, і будуць падаць пасярод яго забітыя ад меча, што паўстае з усіх бакоў, і даведаюцца, што Я — Госпад.

І наперад ён ня будзе бадзючым чупчыньнікам дому Ізраеляваму ані прыкрым церням над усіх, што навокал іх, што грэбуюць імі; і даведаюцца, што Я — Спадар СПАДАР’.
 
І больш не будзе для дому Ізраэля пакуты і церня, што нясе гора адусюль з боку тых, якія акружаюць яго, і будуць ведаць, што Я — Госпад Бог”.

Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Як Я зьбяру дом Ізраеляў зь людаў, меж каторых яны расьцярушаныя, і ўсьвячуся ў іх на ачох народаў, тады яны будуць жыць у зямлі сваёй, што Я даў слузе Свайму Якаву;
 
Гэта кажа Госпад Бог: “Калі Я збяру дом Ізраэля паміж паганаў, сярод якіх былі яны параскіданыя, у іх Я ўслаўлюся на віду ўсіх плямёнаў, і будуць жыць яны на сваёй зямлі, якую даў Я слузе Майму Якубу;

І будуць жыць на ёй бясьпечна, і станавіць дамы, і садзіць вінішчы; і яны будуць жыць у бясьпечнасьці, як Я зьдзею суды на ўсіх тых навокал іх, што грэбуюць імі; і даведаюцца, што Я — СПАДАР Бог іхны’"».
 
і будуць у ёй жыць спакойна, і будуць будаваць дамы, і будуць садзіць вінаграднікі; і будуць жыць бяспечна ў той час, калі над усімі ворагамі іх вакол Я буду праводзіць суд, і даведаюцца, што Я — Госпад, Бог іх”».