Езэкііля 32 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І сталася двананцатага году, двананцатага месяца, першага дня месяца, было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
 
У адзінаццатым годзе, у дванаццатым месяцы, у першы дзень месяца прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:

«Сыну людзкі! завядзі пахоўную песьню па фараону, каралю Ягіпецкім, і скажы яму: "Ты падобны да маладога лява меж народаў, і ты, як дзіўствы ў морах, і прарваўся рэкамі сваімі, і муціш воды нагамі сваімі, і брудзіш рэкі іх"».
 
«Сын чалавечы, галасі над фараонам, царом Егіпецкім, ды скажы яму: “Леў сярод народаў, прапаў ты, а быў ты, як кракадзіл на моры; пускаў ты бурбалкі ў рэках сваіх, і муціў ваду сваімі лапамі, ды рабіў мутнымі рэкі іх”.

Гэтак кажа Спадар СПАДАР: «І расьцягну сець Сваю на цябе ў грамадзе шмат якіх людаў, і яны выцягнуць цябе ў сеці Маёй.
 
Гэта кажа Госпад Бог: “Я расцягну над табою сетку Маю пры сходзе многіх народаў, і выцягнуць цябе Маёй сеткаю,

Тады пакіну цябе на зямлі, кіну цябе на чыстае поле, і прычыню, што ўсі птушкі нябёсныя будуць перабываць на табе, і насычу табою жывёлу ўсяе зямлі.
 
і Я кіну цябе на сушу, выкіну цябе на паверхню палёў, і зраблю, што на табе абжывуцца ўсе птушкі паднебныя і звяры дзікія табою пажывяцца;

І раськіну мяса твае па горах, і напоўню даліны здыхатою тваёю.
 
і цела тваё раскідаю па гарах, і запоўню лагчыны ўсяе зямлі тваім гноем.

І напаю зямлю плаваньня твайго крывёю Тваёй аж да гор, і цур’і будуць поўныя цябе.
 
І зямлю напаю смуродам тваёй крыві аж па горы, і запоўняцца табою ямы;

І, як Я згашу цябе, Я закрыю неба і зацямню гвезды яго, пакрыю сонца болкаю, і месяц ня дасьць сьвятліні свае.
 
і калі будзеш чэзнуць, Я закрыю нябёсы і зацямню зоркі іх: сонца закрыю хмараю, і месяц не дасць свайго бляску;

Увесь бліск сьвятліні нябёснае зацямню над табою і навяду цямноту на зямлю, — агалашае Спадар СПАДАР. —
 
усе светачы на небе Я дзеля цябе зацямню ды навяду цемру на тваю зямлю, — кажа Госпад Бог. —

І засмучу сэрцы шмат якіх людаў, як агалашу ўпад твой меж народаў краёў, каторых ты ня знаў.
 
І Я занепакою сэрца многіх народаў, калі ўчыню знішчэнне тваё сярод народаў, на землях, якіх не ведаеш.

Але, Я ўчыню, што шмат якія люды зумяцца зь цябе, і каралі іхныя здрыгануцца із жаху, як Я замахаю мячом Сваім перад імі, і яны будуць трымцець што часіны, кажны за собскае жыцьцё свае ў дзень упаду твайго»;
 
І многія народы Я ўстрывожу дзеля цябе, і цары іх спалохаюцца дзеля цябе, калі пачне меч Мой уздымацца перад іх вачамі, і кожны будзе безупынна дрыжаць у страху аб жыцці сваім у дзень твайго падзення”.

Бо гэтак кажа Спадар СПАДАР: «Меч караля Бабілёнскага, прыйдзе на цябе.
 
Бо вось гэтак кажа Госпад: “Прыйдзе на цябе меч цара Бабілона,

Мячамі дужых, усіх найстрашнейшых із народаў, прычыню ўпад грудоў тваіх, яны зьнішчаць гордасьць Ягіпту, і ўвесь люд ягоны будзе выгублены.
 
Я разаб’ю мечамі мужных тваё мноства: яны належаць да найстрашнейшых сярод усіх народаў, і зломяць яны пыху Егіпта, і прападзе ўсё мноства яго.

І прычыню згубу ўсяе жывёлы ягонае ля вялікіх водаў, наперад нага людзкая ня будзе муціць іх, ані капыты жывёлы не замуцяць іх.
 
І Я знішчу ўсю жывёлу яго, якая жыла над многімі водамі, і не патрывожыць іх больш нага чалавечая, ані капыт жывёлы не занепакоіць іх;

Тады зраблю воды іхныя глыбокімі і прычыню, што рэкі іхныя будуць цячы, як аліва, — агалашае Спадар СПАДАР. —
 
тады цалкам ачышчу іх воды, і рэкі іх, як алей, правяду Я, — кажа Госпад Бог.

Як абярну зямлю Ягіпецкую ў пустыню, і край будзе спустошаны з паўніні свае, як зражу ўсіх тых, што жывуць у ім, тады даведаюцца, што Я — СПАДАР.
 
Калі Я перамяню зямлю Егіпецкую ў пустыню, а зямля будзе пазбаўлена багацця свайго, калі заб’ю ўсіх жыхароў яе, тады даведаюцца, што Я — Госпад.

Гэта пахоўная песьня, каторай будуць галасіць па ім; дачкі народаў будуць галасіць па ім, па Ягіпце і па ўсім людзе яго», — агалашае Спадар СПАДАР.
 
Вось, лямант, і будуць ім лямантаваць; будуць ім галасіць дочкі народаў; будуць ім плакаць дзеля Егіпта і дзеля ўсяго мноства яго будуць галасіць”, — кажа Госпад Бог».

І сталася двананцатага году, пятнанцатага дня месяца, што было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
 
І сталася ў дванаццатым годзе, у першым месяцы, у пятнаццаты дзень месяца прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:

«Сыну людзкі! плач па людзе ягіпецкім і паніж яго, яго а дачкі дужых народаў у дольнія часьці зямлі із зыходзячымі ў яму.
 
«Сын чалавечы, бядуй над людзьмі Егіпта і звядзі яго ў глыбіні падземныя, яго і дачок вялікіх народаў, з тымі, хто сыходзіць у магілу.

Каго ты перайшоў харашынёю? ісступі й ляж ізь неабрэзанымі.
 
За каго ты лепшы? Сыдзі і супачні з неабрэзанымі.

Яны паваляцца сярод забітых мячом; ён адданы мячу; цягнуць яго і ўсі груды ягоныя.
 
Палягуць яны сярод забітых мечам; аддадзены мечу; сцягнулі яны яго і ўсе яго народы.

Дужыя воі з нутра шэолю будуць гукаць яму а памачніком ягоным: "Зышлі й ляжаць ізь неабрэзанымі сярод забітых мячом".
 
Хай скажуць пра яго ў сярэдзіне апраметнай наймагутнейшыя з магутных, калі разам са сваімі паплечнікамі сышлі яны ў магілу: “Маўчаць неабрэзаныя, забітыя мечам!”

Там Асур і ўся грамада ягоная; навокал яго грабы ягоныя; усі яны забітыя, яны загінулі ад мяча.
 
Там Асірыя і ўсе яе дружыны, кругом яе труны яе — гэта ўсё забітыя, што паляглі ад меча;

Грабы ягоныя зроблены ў бакох ямы, груд ягоны навокал гробу ягонага, усі яны забітыя, загінулі ад мяча, каторыя прычынялі жах на зямлі жывых.
 
іх труны былі змешчаны ў найглыбейшай рацэ, і яго дружыны сталі вакол яго труны; усе пазабіваныя паляглі ад меча — тыя, што палохалі калісьці краіну жывых.

Там Елам а ўвесь люд ягоны навокал гробу ягонага; усі яны забітыя, загінулі ад мяча, каторыя зышлі далоў неабрэзаныя ў дольнія часьці зямлі, каторыя прычынялі жах на зямлі жывых, панесьлі, адылі, сорам свой з тымі, што зышлі ў яму.
 
Там Элам і ўсё мноства яго — кругом яго труны; гэта ўсё пазабіваныя, што паляглі ад меча, якія сышлі неабрэзаныя да падземнай краіны, гэта тыя, што сеялі калісьці страх у зямлі жывых, і ганьбу сваю яны панеслі з тымі, што сышлі ў магілу.

Пастанавілі ложак ягоны сярод забітых із усім людам ягоным; грабы іхныя навокал яго; усі яны неабрэзаныя, забітыя мячом; каторыя прычынялі жах на зямлі жывых, панесьлі, адылі, сорам свой з тымі, што зышлі ў яму, і памешчаны памеж забітых.
 
Паміж забітымі прыгатавалі яму ложак, паміж ўсяго яго мноства, кругом яго — труны яго, усе яны неабрэзаныя і забітыя мечам; пасеялі бо яны страх свой на зямлі жывых і панеслі ганьбу сваю з тымі, што сыходзяць у магілу, размясціліся яны сярод забітых.

Там Мешэх, Тувал а ўвесь люд ягоны, грабы ягоныя навокал яго; усі яны неабрэзаныя, забітыя мячом, бо зрабілі жах на зямлі жывых.
 
Там — Масок, Тубал і ўсё яго мноства вакол яго — магілы яго, усе яны неабрэзаныя і мечам пазабіваныя, бо страх свой пасеялі ў зямлі жывых;

І не ляжаць із дужасіламі, загінулымі зь неабрэзаных, што зышлі да шэолю з ваеннымі зброямі сваімі, і палажылі ўзгалоўям мячы свае; але бяспраўі іхныя будуць на касьцёх іхных, бо былі жахам дужых на зямлі жывых.
 
і ляжаць яны не пры ваярах, якія загінулі ў даўні час і ў сваёй зброі баявой сышлі ў апраметную, і паклалі мечы свае пад галовы свае, і былі шчыты іх — на костках іх, бо былі яны страхам для ваяроў у зямлі жывых.

І ты будзеш патрышчаны сярод неабрэзаных і будзеш ляжаць із забітымі мячом.
 
Такім чынам, ты будзеш знішчаны сярод неабрэзаных і будзеш ляжаць сярод пазабіваных мечам.

Там — Едом, каралі ягоныя а ўсі князі ягоныя, напярэк усяе моцы свае, паложаны ля забітых мячом; яны ляжаць ізь неабрэзанымі й зошлымі да ямы.
 
Там — Ідумея, цары яе і ўсе князі яе, якія, хоць і мелі вялікую сілу, былі пакладзены між пазабіванымі мечам і якія ляжаць з неабрэзанымі і з тымі, што сышлі ў магілу.

Там князі поўначы, усі яны і ўсі Сыдоняне, што зышлі із забітымі із страхам сваім, саромячыся моцы свае, і ляжаць неабрэзаныя із забітымі мячом, і будуць несьці ганьбу сваю із зыходзячымі да ямы.
 
Там усе валадары поўначы і ўсе сідонцы, якія сышлі разам з пазабіванымі ў страху сваім, асаромленыя ў адвазе сваёй; ляжаць яны, неабрэзаныя, з мечам пазабіванымі, і панеслі яны сваю ганьбу з тымі, што сыходзяць у магілу.

Фараон абача іх і ўсьцешыцца з усёга люду свайго, забіты мячом Фараон а ўсе войска ягонае, — агалашае Спадар СПАДАР; —
 
Убачыць іх фараон і цешыцца будзе са сваім мноствам. Фараон і ўсё яго войска ляжа ад меча, — кажа Госпад Бог, —

Бо Я навяду жах Свой на зямлю жывых, і яго паложаць сярод неабрэзаных із забітымі мячом, фараона а ўвесь люд ягоны», — агалашае Спадар СПАДАР.
 
бо страх Свой пасеяў Я ў зямлі жывых; і кінуць яго сярод неабрэзаных, забітых мечам, фараона і ўсё яго мноства, — кажа Госпад Бог».