Да Габрэяў 6 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Анатоля Клышкi
Таму вось адложым пачатае вучэнне аб Хрыстусе, а пяройдзем да паўнейшае веды, заміж закладання зноў фундаманту (навукова) аб пакуце за учынкі мяртвые, аб веры ў Бога,
Таму, пакінуўшы пачатку слова Хрыстовага, перанясемся да дасканаласці, не кладучы зноў асновы: з пакаяння ад мёртвых спраў і з веры ў Бога,
аб хросьце і ўскладанні рук ды згробуўстанні і судзе вечным.
з навукі пра хрышчэнні і з ускладання рук, з уваскрэшання мёртвых і з вечнага суда.
Мы зробім і гэта, калі Бог пазволіць.
І гэта мы зробім, калі дазволіць Бог.
Яно бо немагчыма — тых, якіе раз былі прасьвечаны, скаштавалі нябеснага дару й сталіся супольнікамі Святога Духа,
Бо немажліва тым, якія аднойчы былі асвечаны і паспыталі нябеснага дару, і сталі саўдзельнікамі Святога Духа,
засмакаваўшы соладзі Божага слова і сіл будучага веку,
і паспыталі добрага слова Божага і сілаў будучага веку,
ды й адпалых — зноў аднаўляць пакутаю; тых, якіе ў сабе крыжуюць паўторна Сына Божага й выстаўляюць яго на зьнявагу.
але адпалі, — зноў абнаўляць сябе да пакаяння, зноў укрыжоўваючы ў сабе Сына Божага і выстаўляючы Яго на ганьбу.
Зямля, часта поеная дажджом, родзіць для абрабляючых яе ужыткоўную расьліну — мае багаслаўленства ад Бога;
Бо зямля, што п’е дождж, які часта зыходзіць на яе і родзіць расліны, карысныя для тых, хто ўрабляе яе, атрымлівае дабраславенне ад Бога,
а вось тая, што плодзіць пустазелле й церні, блізкая пракляцьцю, канец яе — спаленне.
а тая, што прыносіць церні і дзядоўнік, непрыдатная і блізкая да праклёну, канец яе — спаленне.
Хоць гэтак гаворымо, то аднак мы спадзяёмся ад вас, мілые, чагось лепшага й бліжэйшага збаўленню.
Але што да вас, любыя, мы ўпэўнены ў лепшым і ў тым, што трымаецеся выратавання, хоць і кажам так.
Бог бо ня ёсьць несправядлівы, каб забыўся аб вашай працы й любасьці, якую ў імя ягона аказвалі ды шчэ аказваеце на паслугах сьвятым.
Бо не несправядлівы Бог, каб забыць вашу работу і любоў, якую вы паказалі ў Яго імя, паслужыўшы святым і яшчэ служачы.
Жадаем толькі, каб кажны з вас з такоюж руплівасьцю дахаваў поўню надзеі аж да канца,
Але мы хочам, каб кожны з вас выяўляў тую ж руплівасць да поўнай упэўненасці нашай надзеі да канца,
каб вам не абняхаіцца, насьледуйце тых, каторые праз веру й цярплівасьць успадкуюць абяцанні.
каб вы не былі марудлівымі, а былі пераймальнікамі тых, якія праз веру і доўгацярплівасць атрымліваюць у спадчыну абяцанні.
Калі Бог даваў прырачэнні Абрагаму, дык, ня маючы нікога вышэйшага за сябе, на кагоб мог прысягнуць, на сябе самога прысягнуў,
Бог жа, даўшы абяцанне Аўрааму, паколькі не мог паклясціся нікім большым, пакляўся Самім Сабою,
кажучы: «Сапраўды убагаслаўлю цябе і размножу шчодра» (Быць. 22:17).
кажучы: «Сапраўды, добраслаўляючы, дабраслаўлю цябе і, памнажаючы, памножу цябе».
І ён, як доўгацярплівы, атрымаў абецанае.
І так Аўраам доўгацярплівасцю дасягнуў абяцання.
Людзі вышэйшым за сябе заручаюцца, а ўсякіе спрэчкі іхнія канчаюцца сьцьвярджальнаю прысягай.
Бо людзі клянуцца большым, і ва ўсялякай спрэчцы ў іх клятва — канец для пацвярджэння.
Таму і Бог, жадаючы даць спадкаемцам абяцанне нязьменнасьці сваей волі, далучыў прысягу,
Таму Бог, хочучы больш яскрава паказаць спадкаемцам абяцання нязменнасць Сваёй волі, ужыў як сродак клятву,
гэтымі двама незьмянімымі актамі, ў якіх немагчыма, каб Бог казаў няпраўду, мы мелі суцешную заахвоту — мы, што прыбеглі празначану нам надзею,
каб у дзвюх нязменных рэчах, у якіх немажліва, каб Бог салгаў, мы мелі моцную ўцеху, пабегшы, каб ухапіцца за надзею, якая перад намі,
якое трымаемся як бяспечнае й пэўнае катвігі душы нашай, шукаем апоры моцнай, пранікаючай аж у сярэдзіну за заслону,
якая ў нас як якар душы, і надзейны, і трывалы, і ўваходзіць усярэдзіну свяцілішча за заслону,
куды, як наш папярэднік, увайшоў Езус, стаўшыся Усесьвятарам навекі водле абрадку Мэльхісэдэха.
куды ўвайшоў Папярэднікам за нас Ісус, стаўшы навекі Першасвятаром паводле чыну Мельхіседэка.