У той дзень была дзяўчына вельмі маркотная ў душы і плакала, і пайшла ў верхні пакой бацькі свайго, і захацела павесіцца ў пятлі. І адумалася, і казала: «Каб часам не дакаралі майго бацьку і не казалі: “Адзіную меў ты дачушку, і тая павесілася з гора”; і давяду старога бацьку свайго ў смутку, у апраметную. Лепей мне не вешацца ў пятлі, але прасіць Госпада, каб памерці ды ўжо ў жыцці маім не чуць горкіх дакораў».
І пацалаваў дачку сваю Сару, і сказаў ёй: «Дачушка, паважай свайго свёкра і свякроў сваю, бо яны адсёння з’яўляюцца бацькамі тваімі, як тыя, што цябе нарадзілі. Ідзі ў супакоі, дачушка! Каб толькі ў жыцці сваім чуў я пра цябе ўсё добрае». І яшчэ пацалаваў яе і адпусціў іх. І Эдна сказала Тобіі: «Сынок і мілы браток, хай Госпад неба прывядзе яшчэ цябе, і каб пабачыла я дзетак тваіх і дачушкі маёй Сары, пакуль не памру, каб пацешылася я перад Госпадам. Я табе даручаю дачушку маю, быццам у апеку, каб не засмучаў яе ва ўсе дні жыцця твайго. Ідзі, сынок, у супакоі. Я адсюль маці твая, а Сара — сястра твая. Хай пашле шчасце ўсім нам Ён ва ўсе дні жыцця нашага». І пацалавала іх абодвух, і адпусціла іх у здароўі.