Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Тобіі 10 Кніга Тобіі 10 разьдзел

1 І ад таго дня Табіэль штодзень лічыў час, за колькі сходзіць і за колькі вернецца сын яго. І калі дні мінулі, і сын яго не вяртаўся,
2 сказаў сабе: «Можа, затрыманы ён там? Або, можа, Габаэль памёр, і няма нікога, хто б яму аддаў грошы?»
3 І стаў ён непакоіцца.
4 І Ганна, жонка яго, сказала: «Загінуў сын мой, і ўжо няма яго сярод жывых. Чаму ён пазніцца?» І пачала плакаць і галасіць дзеля свайго сына, і сказала:
5 «Гора мне, сынок, што я пусціла цябе ў дарогу, святло маіх вачэй!»
6 А Табіэль ёй казаў: «Маўчы, не непакойся, сястрыца; жывы сын наш, але, напэўна, нейкая перашкода ўзнікла ў іх там, бо і чалавек, які з ім пайшоў, верны, і ён з братоў нашых. Не сумуй дзеля яго, сястрыца, яшчэ прыйдзе ён».
7 І яна адказала: «Ты не гаворыш мне праўды, не зводзь мяне! Загінуў сын мой». І выходзіла штодзень, і паглядала на дарогу, якою выйшаў сын яе, і нічога не ела; і, калі заходзіла сонца, вярталася ды плакала са смутку ўсю ноч і не спала. І калі мінула чатырнаццаць дзён вяселля, якія прысягнуў Рагуэль учыніць дачцэ сваёй, прыйшоў да яго Тобія і сказаў: «Адпусці мяне. Бо ведаю, што бацька мой і маці мая не вераць, што яшчэ пабачаць мяне. Дык цяпер прашу, бацьку, адпусці мяне і яе да бацькі майго; я табе казаў ужо, у якім стане пакінуў яго».
8 І Рагуэль сказаў Тобіі: «Пабудзь, сынок, пабудзь у мяне, і я вестуноў пашлю да Табіэля, бацькі твайго, і яны раскажуць яму пра цябе».
9 І ён сказаў яму: «О не! Адпусці мяне адсюль, прашу, да бацькі майго».
10 І Рагуэль устаў, даў Тобіі жонку яго, Сару, і палову сваёй маёмасці: паслугачоў і паслугачак, валоў і авечак, аслоў і вярблюдаў, адзенне, і грошы, і прылады.
11 І адпусціў іх, і дабраславіў яго, і сказаў яму: «Будзь здароў, сынок, ды ідзі ў здароўі! Хай Госпад неба добра кіруе дарогамі вашымі; і хай пабачу ў вас дзяцей перш, чым памру».
12 І пацалаваў дачку сваю Сару, і сказаў ёй: «Дачушка, паважай свайго свёкра і свякроў сваю, бо яны адсёння з’яўляюцца бацькамі тваімі, як тыя, што цябе нарадзілі. Ідзі ў супакоі, дачушка! Каб толькі ў жыцці сваім чуў я пра цябе ўсё добрае». І яшчэ пацалаваў яе і адпусціў іх. І Эдна сказала Тобіі: «Сынок і мілы браток, хай Госпад неба прывядзе яшчэ цябе, і каб пабачыла я дзетак тваіх і дачушкі маёй Сары, пакуль не памру, каб пацешылася я перад Госпадам. Я табе даручаю дачушку маю, быццам у апеку, каб не засмучаў яе ва ўсе дні жыцця твайго. Ідзі, сынок, у супакоі. Я адсюль маці твая, а Сара — сястра твая. Хай пашле шчасце ўсім нам Ён ва ўсе дні жыцця нашага». І пацалавала іх абодвух, і адпусціла іх у здароўі.
13 І адышоў Тобія ад Рагуэля ў радасці і ў дабраславенні Госпада неба і зямлі, Валадара ўсяго, бо Ён кіраваў дарогай яго. І дабраславіў Рагуэля і Эдну, жонку яго, і сказаў ім: «Хай маю ласку паважаць вас як бацькоў маіх ва ўсе дні жыцця вашага».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Тобіі, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017