Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Тобіі 14 Кніга Тобіі 14 разьдзел

1 І спыніліся словы вызнавання Табіэля. І памёр ён у супакоі, маючы сто дванаццаць гадоў, і пахаваны быў пышна ў Нініве.
2 А меў шэсцьдзесят два гады, калі запаў на вочы; і, калі ўбачыў святло, жыў у дастатку і даваў міласціны, і дабраслаўляў Бога і ўзвялічваў веліч Божую.
3 І перад смерцю пазваў сына свайго Тобію і загадаў яму, кажучы: «Сынок, выведзі дзяцей сваіх
4 і ідзі скора ў Мідыю, бо я веру слову Божаму, якое выказаў Навум у Нініве, бо ўсё будзе і здзейсніцца на Асірыі і Нініве, што прадказалі прарокі Ізраэля, якіх Бог паслаў; усё споўніцца і нішто не выпадзе з усіх слоў, але ўсё здзейсніцца ў свой час. І хутчэй будзе збаўленне ў Мідыі, чым у Асірыі і Бабілоне, бо я ведаю і веру, што ўсё, што сказаў Бог — будзе. І споўніцца, і не выпадзе слова з прадказанняў. І браты нашы, якія жывуць на зямлі Ізраэля, усе будуць рассеяны і заведзены ў няволю з зямлі найлепшай, і ўся зямля Ізраэля стане пустыняй, і Самарыя, і Ерузалім будуць пустыняю, і дом Божы будзе ў смутку, і будзе спалены, і стане пустыняю аж да часу.
5 І зноў Бог акажа міласэрнасць ім, і вернецца іх Бог у зямлю Ізраэля, ды зноў адбудуюць дом, але не такі, як раней, пакуль не споўніцца час праклёну. І затым вернуцца з няволі сваёй усе, і адбудуюць пышна Ерузалім, і ў ім адбудуюць дом Божы, як аб гэтым прадказалі ўсе прарокі Ізраэля.
6 І ўсе народы на ўсёй зямлі навернуцца і будуць сапраўды баяцца Бога, і ўсе яны пакінуць сваіх ідалаў, якія іх ілжыва зводзілі ў падман.
7 Ды будуць дабраслаўляць вечнага Бога па справядлівасці. Усе сыны Ізраэля, якія будуць вызвалены ў тыя дні, успамінаць будуць Бога ў праўдзе, сабяруцца разам і прыйдуць у Ерузалім і абжывуцца навечна і бяспечна ў зямлі Абрагама, і яна будзе вернута ім. І тыя, што любяць Бога, будуць радавацца ў праўдзе; а тыя, якія дапускаюцца злачыннасці і грахоў, — знікнуць з усяе зямлі.
8 І цяпер, дзеці, загадваю вам: служыце Богу ў праўдзе і рабіце перад Ім, што Яму падабаецца. І дзецям вашым перадайце, каб спаганялі справядлівасць і давалі міласціны, ды каб памяталі пра Бога і дабраслаўлялі імя Яго ўвесь час у праўдзе і паводле ўсіх сіл сваіх.
9 Цяпер жа, дзіця, выйдзі з Нінівы, і не заставайся тут,
10 але ў які дзень пахаваеш маці сваю каля мяне, у той самы дзень не заставайся ў гэтых мясцінах. Бачу бо, што вялікая злачыннасць завялася ў ёй, і вялікі падман у ёй, і яны не саромеюцца. Паглядзі, сынок, што зрабіў Надаб Ахікару, які яго ўзгадаваў. Ці ж жывога не закапаў у зямлю? Але Бог аддаў яму за гэта крыўдаю на віду Сваім, і Ахікар выйшаў на святло, а Надаб пайшоў у вечную цемру, бо хацеў забіць Ахікара. Бо ён даваў міласціну, таму ўсцярогся ад сіла смерці, якую задумаў яму Надаб, і Надаб трапіў у сіло смерці і сябе загубіў.
11 Ды цяпер, дзеткі, глядзіце, што робіць міласціна, і да чаго даводзіць злачыннасць, дзеля яе [той] загінуў. І вось, жыццё маё спыняецца!» І паклалі яго на ложак, і ён памёр, і пахавалі яго пышна.
12 І калі памерла маці яго, Тобія пахаваў яе каля бацькі свайго, і сам і жонка яго пайшлі ў Мідыю, і абжыўся ў Экбатане, у цесця свайго, Рагуэля.
13 І клапаціўся ён з павагаю аб іх старасці, ды пахаваў іх у Экбатане, у Мідыі, і прыняў спадчыну дома Рагуэля і бацькі свайго Табіэля.
14 І ён памёр у славе, маючы сто семнаццаць гадоў.
15 І перад смерцю бачыў ён і чуў пра гібель Нінівы, і бачыў яе палонных, прыведзеных у Мідыю, якіх прывёў Асуэр, цар мідыйцаў, і ён дабраславіў Бога за ўсё, што Ён учыніў сынам Нінівы і Асірыі. І ўсцешыўся перад сваёй смерцю дзеля Нінівы, дый дабраславіў Госпада Бога ва ўсе векі вечныя.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Тобіі, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017