Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Тобіі 2 Кніга Тобіі 2 разьдзел

1 І пры цары Асархадоне вярнуўся я ў дом свой, і вярнулася да мяне жонка мая Ганна і сын мой Тобія. На Пяцідзесятніцу, наш святочны дзень, гэта значыць на свята Тыдняў, прыгатаваны быў мне багаты баль, і я ўзлёг, каб паесці.
2 І застаўлены быў для мяне стол, і ўбачыў я шмат страў, і сказаў я сыну свайму Тобіі: «Ідзі і прывядзі сюды, каго знойдзеш, беднага з братоў нашых, якія ёсць у няволі ў Нініве, якія помняць пра Госпада ўсім сэрцам сваім, і ён будзе есці разам са мною; вось, я чакаю цябе, сыне, пакуль не прыйдзеш».
3 І пайшоў Тобія шукаць якога-колечы беднага з братоў нашых, і, вярнуўшыся, сказаў мне: «Бацьку!» І я яму сказаў: «Вось я, сыне». І ён у адказ сказаў: «Бацьку! Вось, адзін наш зямляк быў забіты і ляжыць, кінуты на рынку, і там жа нядаўна толькі быў ён задушаны пятлёю».
4 Дык я выскачыў, кінуў страву, якую нават не пакаштаваў, і сцягнуў чалавека з плошчы, і памясціў яго ў адзін дом, чакаючы заходу сонца, каб яго пахаваць.
5 І, вярнуўшыся, я памыўся ды еў хлеб свой з сумам,
6 і прыпомніў сабе слова прарока Амоса, якое ён сказаў у Бэтэлі, кажучы: «І замяню святы вашы ў жалобу, а ўсе спевы вашы — у плач»,
7 І я расплакаўся. І затым, калі сонца зайшло, пайшоў, і, выкапаўшы магілу, пахаваў яго.
8 І блізкія мае кпілі з мяне ды казалі: «Не баіцца яшчэ гэты чалавек, бо ўжо шукалі яго з-за гэтае справы, каб забіць, — і мусіў уцякаць, і, вось, ізноў хавае памерлых».
9 І той ноччу, як пахаваў яго, я памыўся, і выйшаў на панадворак мой, і лёг ля мура панадворка, і твар мой быў голы з-за спякоты.
10 І не заўважаў я, што на муры нада мною былі вераб’і, цёплы памёт якіх трапіў на мае вочы і выклікаў бяльмо. І я хадзіў да лекараў, каб вылечыцца, і тым больш вочы мае тухлі дзеля бяльма, чым больш мяне націралі мазямі, аж пакуль зусім не аслеп. І чатыры гады не карыстаўся я вачамі сваімі, і ўсе мае браты дзеля мяне сумавалі. Ахікар жа меў мяне на ўтрыманні два гады, а затым адправіўся ў Элімаіду.
11 У той час жонка мая Ганна за плату займалася жаночай працай — прала воўну.
12 І адсылала гэта гаспадарам іх, і яны ёй плацілі. Сёмага ж дня, месяца Дыстры спрала пражу і аддала яе гаспадарам, і яны поўнасцю заплацілі ёй і далі ёй за пражу казляня ад коз.
13 І калі казляня ўвайшло да мяне, стала бляяць. Дык я паклікаў яе і спытаў: «Адкуль гэта казляня? Можа, украдзенае, дык вярні яго гаспадарам яго; бо нам нельга есці штосьці крадзенае».
14 І яна сказала мне: «Дадзены ён мне як падарунак па-за платай». І я не верыў ёй, але сказаў, каб вярнула яго гаспадарам, і саромеўся з гэтай прычыны перад ёю. І ў адказ сказала яна мне: «І дзе твае міласціны? Дзе твае дабрадзействы? Вось, ты ўжо ва ўсім пераканаўся».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Тобіі, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017