Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Тобіі 7 Кніга Тобіі 7 разьдзел

1 І калі прыбыў у Эктабану, сказаў яму: «Браце Азарыю, завядзі мяне простай дарогай да брата нашага Рагуэля». Ды павёў яго да дома Рагуэля, і спаткалі яго, які сядзеў каля брамы панадворка свайго, і першыя яго прывіталі. І ён сказаў ім: «Будзьце здаровыя, браты, увайдзіце, калі ласка». І ўвёў іх у свой дом.
2 І сказаў Эдне, жонцы сваёй: «О як падобны гэты юнак да брата майго Табіэля!»
3 І Эдна запытала іх гэтымі словамі: «Скуль вы, браты?» І яны сказалі ёй: «З сыноў Нэфталі мы, мы нявольнікі ў Нініве».
4 І яна спытала іх: «А ведаеце вы Табіэля, брата нашага?»
5 І яны адказалі ёй: «Ведаем яго». І яна сказала ім: «Ці здаровы ён?» І яны сказалі ёй: «Здаровы і жывы». І Тобія сказаў: «Ён бацька мой».
6 І Рагуэль кінуўся і з плачам пацалаваў яго,
7 і сказаў: «Будзь дабраславёны, сыне, добрага і высакароднага бацькі сын. О, якое вялікае гора, што аслеп ён, чалавек справядлівы і дабрадзейны!» І кінуўся з плачам на шыю Тобіі, сына брата свайго.
8 І Эдна, жонка яго, расплакалася дзеля яго, дый Сара, дачка іх, расплакалася і яна.
9 І забіў ён барана са статкаў, і прыняў іх ахвотна. І калі выкупаліся, і ачысціліся, і ўзляглі да ежы, Тобія сказаў Рафаэлю: «Браце Азарыю, скажы Рагуэлю, каб аддаў мне Сару, сястру маю, за жонку».
10 І пачуў Рагуэль слова гэта, і сказаў хлопцу: «Еж і пі ды хай прыемна будзе табе ў гэту ноч. Няма бо такога чалавека, якому належалася б узяць дачку маю Сару, як толькі табе, браце. Таксама і мне нельга аддаваць яе іншаму мужу, як толькі табе, бо ты мне найбліжэйшы. Аднак мушу сказаць табе праўду, сынок.
11 Аддаваў яе сямі мужам, братам нашым, ды ўсе паўміралі ноччу, калі ўваходзілі да яе. І цяпер, сынку, еш і пі, і Госпад дапаможа вам». І сказаў Тобія: «Адсюль не буду ані есці, ані піць, пакуль не вырашыш тое, што да мяне тычыцца». І Рагуэль сказаў яму: «Я гэта раблю; і яна мае быць тваёй па прысудзе кнігі Майсея, і неба так рашыла, каб я табе яе даў. Дык вазьмі сваю сястру; адсюль ты яе брат, а яна твая сястра. Ад сёння дадзена яна табе назаўсёды. Хай Госпад неба добра распарадзіцца вамі, сыне, у гэту ноч і акажа міласэрнасць і супакой».
12 І пазваў Рагуэль дачку сваю Сару, і яна прыйшла да яго. І ён узяў яе руку, аддаў яе яму, ды сказаў: «Вазьмі яе па законе і па прысудзе, які запісаны ў кнізе Майсея, каб была аддадзена яна табе за жонку. Бяры яе і вядзі да бацькі свайго ў здароўі. І хай Бог неба дасць вам шчаслівую дарогу і супакой».
13 І паклікаў яе маці, і загадаў прынесці папірус, каб зрабіць шлюбнае пасвячэнне, што аддае яму яе за жонку па прысудзе Майсеевага закону. Дык прынесла яе маці папірус, і ён запісаў і запячаткаваў.
14 І з тае хвіліны пачалі есці і піць.
15 І паклікаў Рагуэль Эдну, жонку сваю, і сказаў ёй: «Сястрыца, прыгатуй іншую спальню і ўвядзі яе туды».
16 І яна пайшла, паслала пасцель, як загадаў ёй, і ўвяла яе туды, і расплакалася дзеля яе, і, выцерла слёзы, сказала ёй:
17 «Будзь адважная, дачушка. Госпад неба дасць табе радасць замест смутку твайго. Будзь мужная!» І выйшла.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Тобіі, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017