Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Тобіі 5 Кніга Тобіі 5 разьдзел

1 Затым Тобія ў адказ сказаў свайму бацьку: «Усё, што ты мне загадаў, бацьку, зраблю.
2 А як змагу гэтыя грошы атрымаць ад яго? Ён мяне не ведае, ані я яго не ведаю. Які знак дам яму, каб мяне пазнаў, і паверыў, і аддаў мне тыя грошы? Дый не ведаю дарог у Мідыю, каб ісці туды».
3 Тады сказаў Табіэль у адказ сыну свайму Тобію: «Ён пакінуў мне свой подпіс і я даў яму свой подпіс ды падзяліў на дзве часткі і ўзялі кожны па адной з іх, і я даў яму адну частку з грашыма. І вось, цяпер мінае дваццаць гадоў, калі пакінуў у яго гэтыя грошы. І цяпер, сынок, пашукай сабе надзейнага чалавека, які пойдзе разам з табой, і дамо яму плату, як вернешся. І пакуль яшчэ я жывы, забяры грошы ад яго».
4 І выйшаў Тобія шукаць чалавека, які пайшоў бы з ім у Мідыю і які б ведаў дарогу. І знайшоў ён Рафаэля анёла, які стаяў перад ім, і ён не ведаў, што той анёл Божы.
5 І ён загаварыў да яго: «Адкуль ты, юнача?» І ён адказаў яму: «Я з сыноў Ізраэля, братоў тваіх, і прыйшоў сюды, каб наняцца». Дык сказаў яму Тобія: «Ці ведаеш дарогу, якая ідзе ў Мідыю?»
6 Ён адказаў: «Чаму ж не, шмат разоў быў там і ведаю, прытым ведаю ўсе дарогі і некалькі разоў бываў у Мідыі і прабываў у Габаэля, брата нашага, які пражывае ў Рагэсе ў Мідыі, і ад Эктабаны да Рагэса патрэбны добрых два дні дарогі. Рагэс бо стаіць на гары, а Эктабана — сярод поля».
7 Ды сказаў яму Тобія: «Пачакай мяне, юнача, пакуль я пайду і бацьку свайму скажу. Мне бо ты патрэбны, каб ішоў са мной, і дам табе тваю плату».
8 І ён сказаў яму: «Добра, пачакаю, толькі не марудзь».
9 І Тобія пайшоў і паведаміў Табіэлю, бацьку свайму, і сказаў яму: «Вось, знайшоў я чалавека з братоў нашых, з сыноў Ізраэля, які пойдзе са мной». І ён сказаў яму: «Запрасі да мяне чалавека, каб я ведаў, з якога роду і з якога пакалення ён і ці надзейны, каб меў ісці з табой, сынку».
10 Ды выйшаў Тобія, і паклікаў яго, і сказаў яму: «Юнача, бацька цябе запрашае». Ды ўвайшоў да яго, а Табіэль прывітаў яго першы. І ён сказаў яму: «Хай будзе табе вялікая радасць!» І Табіэль спытаўся ў яго: «Якая мае мне быць яшчэ радасць? Чалавек я бескарысны дзеля вачэй, і не бачу святла неба, але ў цемры жыву, як памерлыя, якія не бачаць ужо святла. Жыву я між мёртвых. Голас людзей чую, але іх не бачу». І сказаў яму ён: «Будзь моцны духам; хутка будзеш Богам вылечаны. Будзь мужны!» І сказаў яму ў адказ Табіэль: «Сын мой Тобія хоча ісці ў Мідыю. Ці не мог бы ты ісці з ім і праводзіць яго? І дам табе тваю плату, браце». І ён адказаў яму: «Змагу ісці з ім, бо ведаю ўсе дарогі, і некалькі разоў хадзіў у Мідыю ды абыходзіў усе закуткі яе і горы і ведаю ўсе праходы».
11 І спытаўся ў яго: «Браце, з якой сям’і ты ды з якога пакалення? Раскажы мне, браце».
12 І ён адказаў: «Нашто табе патрэбна пакаленне?» І ён спытаўся ў яго: «Хачу ведаць папраўдзе — чый ты і імя тваё». І ён адказаў:
13 «Я Азарыя, вялікага Ананіі сын, з тваіх братоў».
14 І сказаў яму Тобія: «Вітаю цябе, і бывай здароў, браце, і не гневайся, бо я хацеў ведаць праўду і тваю сям’ю. Ты брат мой, з роду добрага і найлепшага! Ведаў я Ананію і Натана, двух сыноў Сэмэі вялікага; і яны са мною хадзілі ў Ерузалім і са мной там пакланяліся і не сышлі з дарогі. Браты твае — людзі надта добрыя; з добрага роду ты. Дык з радасцю вяртайся!»
15 І Табіэль сказаў: «Я табе як плату дам драхму на дзень, і ўтрыманне такое самае, як сыну свайму;
16 дык ідзі з ім, і я дадам табе да платы».
17 І ён яму сказаў: «Пайду з ім, так што не бойся, здаровыя пойдзем і здаровыя вернемся да цябе, бо дарога бяспечная». І сказаў яму ён: «Хай будзе дабраславенне на табе, браток!» І паклікаў сына свайго і сказаў яму: «Сынок, прыгатуй усё ў дарогу і ідзі са сваім братам. Бог жа, Які ў небе, хай абароніць вас там і верне вас здаровымі да мяне; ды хай анёл Яго праводзіць вас, сынок, у здароўі». І ён выйшаў, каб ісці ў сваю дарогу, і пацалаваў бацьку свайго і маці. І сказаў яму Табіэль: «Ідзі здаровы!»
18 І маці яго заплакала і сказала Табіэлю: «Нашто паслаў ты сына майго? Ці ж ён не падпора рук нашых? Ці ж ён не хадзіў перад намі то тут, то там?
19 Хай грошы не прыкладаюцца да грошай, але смеццем будуць дзеля сына нашага.
20 Колькі нам Госпадам дадзена жыць, заўсёды хапала нам».
21 І ён сказаў ёй: «Не сумуй, наш сын здаровы пойдзе і здаровым вернецца да нас, і ў той дзень вочы твае ўбачаць яго, калі прыйдзе да цябе здаровы.
22 Не сумуй і не бойся за іх, сястрыца. Бо анёл добры пойдзе з ім, і падарожжа добра складзецца, і вернецца ён здаровы».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Тобіі, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017