Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Тобіі 12 Кніга Тобіі 12 разьдзел

1 І калі скончылася вяселле, паклікаў Табіэль сына свайго Тобію і сказаў яму: «Чалавеку таму, што праводзіў цябе, дадзім належнае з дадаткам да платы яго».
2 І ён сказаў яму: «Тату, якую дам я яму плату? Я не буду пакрыўджаны, калі дам яму з усяго, што ён са мной даставіў, палову.
3 Ён мяне прывёў здаровым, і паклапаціўся аб жонцы маёй, і грошы прынёс са мной дый цябе аздаравіў! Дык якую маю даць яму плату?»
4 І сказаў яму Табіэль: «Справядліва, сыне, каб ён атрымаў з усяго таго, што прынёс з табой, палову».
5 І паклікаў яго, і сказаў: «Вазьмі палову з усяго таго, што з сабою прынёс, за плату сваю ды ідзі здароў».
6 Тады Рафаэль папрасіў іх абодвух таемна і сказаў ім: «Бога дабраслаўляйце і Яго ўслаўляйце перад усімі жывучымі, якое дабро аказаў Ён вам, каб дабраслаўлялі вы і ў песнях апявалі імя Яго; словы Божыя шануйце, ды не лянуйцеся хваліць Яго.
7 Добрая рэч — скрываць таямніцу цара, а справы Божыя выяўляць і славіць — пачэсна. Рабіце дабро, і зло вас абміне.
8 Добрая ёсць малітва з постам, і міласціна — са справядлівасцю. Лепш — невялікае са справядлівасцю, чым вялікае — са злачыннасцю. Лепш даваць міласціну, чым будаваць скарбніцы для золата.
9 Міласціна вызваляе ад смерці ды ачышчае ўсякі грэх. Тыя, хто дае міласціну, — насычаюцца жыццём;
10 тыя, што дапускаюцца граху і злачыннасці, з’яўляюцца ворагамі сваёй душы.
11 Выяўлю перад вамі ўсю праўду ды не скрыю ад вас аніводнага слова. Ужо я вам растлумачыў і сказаў: добрая справа — хаваць таямніцу цара, але выяўляць справы Божыя ёсць пачэсна.
12 І цяпер, калі ты і Сара маліліся, я прадставіў перад веліччу Госпада напамін мальбы вашай; і калі ты хаваў памерлых, падобна.
13 І таму што ты не паленаваўся ўстаць ды пакінуць страву сваю, і пайшоў і пахаваў памерлага, то я быў пасланы да цябе, каб цябе выпрабаваць.
14 І паўторна паслаў мяне Бог паклапаціцца пра цябе ды пра тваю нявестку Сару.
15 Я Рафаэль, адзін з сямі святых анёлаў, якія служаць і ўваходзяць перад абліччам велічы Госпада».
16 І яны абодва ўстрывожыліся, і ўпалі на твар свой, і надта баяліся.
17 І ён сказаў ім: «Не бойцеся! Супакой з вамі. Бога дабраслаўляйце навек.
18 Калі я быў з вамі, не з волі сваёй быў з вамі, але з волі Божай. Яго дабраслаўляйце праз усе дні, дый Яму спявайце гімны.
19 І бачылі вы, хоць я нічога не еў, а вам прадстаўляўся від.
20 І цяпер дабраслаўляйце Госпада на зямлі ды дзякуйце Богу. Вось, я ўзыходжу да Таго, Хто мяне паслаў. Апішыце ўсё гэта, што з вамі здарылася». І адышоў.
21 І яны падняліся, і ўжо не маглі яго бачыць.
22 Дык дабраслаўлялі Бога, і спявалі гімны, і дзякавалі Яму за ўсе гэтыя вялікія справы Яго, што аб’явіўся ім анёл Божы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Тобіі, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017