Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Тобіі 6 Кніга Тобіі 6 разьдзел

1 І яна перастала плакаць.
2 І выбраўся ў дарогу хлопец і анёл разам з ім; і сабака выбег з ім і пабег за імі. І ішлі абодва, і захапіла іх першая ноч; і затрымаліся каля ракі Тыгр.
3 І хлопец пайшоў на раку памыць ногі, і вынырнула з вады вялікая рыба, і хацела праглынуць нагу хлопцаву, і ён закрычаў.
4 І сказаў яму анёл: «Схапі яе і трымай!» І хлопец схапіў рыбу і выцягнуў яе на сухмень.
5 І сказаў яму анёл: «Разрэж гэту рыбу, і вазьмі сэрца, і печань, і жоўць яе, і пакінь гэта пры сабе, а нутро выкінь. Бо жоўць, і сэрца, і печань яе — карысныя лякарствы».
6 І хлопец, разрэзаўшы тую рыбу, выняў жоўць, сэрца і печань; і рыбу спёк і з’еў, і рэшту пасоленую захаваў. І пайшлі разам абодва, аж пакуль не прыйшлі ў Мідыю.
7 І тады спытаўся хлопец у анёла і сказаў яму: «Браце Азарыя, што за лякарства ў сэрцы, і ў печані рыбы, і ў жоўці?»
8 І ён адказаў яму: «Калі каго мучыць дэман або найгоршы дух, то спалі сэрца і печань рыбы перад мужчынам або жанчынай, і ўцячэ ад іх усякая напасць, і не прыступіцца да іх навек.
9 І жоўць — дзеля націрання вачэй чалавека, якія зацягнула бяльмо, дзеля таго, каб падзьмуць на іх, на тое бяльмо, і стануць яны здаровымі».
10 А калі ўвайшоў ён у Мідыю і ўжо падыходзіў да Эктабаны,
11 Рафаэль сказаў хлопцу: «Браце Тобію!» І ён адказаў яму: «Вось я». І сказаў яму: «Гэтую ноч мы мусім прабыць у Рагуэля. Чалавек гэты — сваяк твой і мае дачку на імя Сара,
12 але апрача дачкі Сары, аднае, ён не мае ані сына, ані другой дачкі; і ты — найбліжэйшы сваяк яго паміж усіх людзей, каб узяць яе; і правільна, каб ты атрымаў усё, што належыць яе бацьку. І гэта дзяўчына мудрая, і жвавая, і вельмі добрая, і бацька яе любіць яе».
13 І далей казаў: «Правільна, каб ты ўзяў яе. Ды слухай мяне, браток, і гэтай ноччу пагавару пра дзяўчыну, каб узяць яе табе за жонку, і, калі вернемся з Рагэса, справім вяселле з ёю. Ведаю таксама, што Рагуэль не можа адмовіць адносна яе табе. Бо ён ведае, што калі аддасць яе іншаму мужчыне, той смерцю памрэ паводле прысуду кнігі Майсеевай, бо табе выпадае атрымаць спадчыну і дачку яго, болей чым якому іншаму чалавеку. Дык цяпер, браток, слухай мяне, і будзем гаварыць у гэтую ноч аб гэтай дзяўчыне, і заручым яе з табою, і, калі будзем вяртацца з Рэгэса, возьмем яе з сабой, і павядзём яе з сабой ў твой дом».
14 Тады Тобія сказаў Рафаэлю ў адказ: «Азарыя, браце, чуў я, што яна ўжо выдадзена была замуж сямі мужам і памерлі яны ноччу ў сваіх спальнях; калі ўваходзілі да яе — паміралі. Чуў таксама ад некаторых: яны казалі, што дэман іх пазабіваў;
15 і баюся я цяпер, што любіць ён яе і прытым саму яе не мучыць, але таго, хто хоча прыблізіцца, таго забівае. Адзін я ў бацькі майго; калі часам памру, то жыццё бацькі свайго і маці маёй з болем дзеля мяне давяду да труны іх. А яны не маюць іншага сына, які б іх пахаваў».
16 І анёл сказаў яму: «Ці ж не памятаеш пра загады бацькі твайго, які загадаў табе ўзяць жонку з дому бацькі твайго? Ды цяпер паслухай мяне, браце: не турбуйся дзеля гэтага дэмана, але бяры яе, і ведаю, што ў гэту ноч аддадуць яе табе за жонку.
17 І, калі толькі ўвойдзеш у спальню, вазьмі частку печані рыбы і сэрца, і пакладзі на попел каджэння. І пах разойдзецца, і дэман яго пачуе ды ўцячэ, і не з’явіцца каля яе зусім навек.
18 І калі пачнеш быць з ёю, дык перш устаньце абое, і маліцеся, і прасіце нябеснага Госпада, каб аказана вам была міласэрнасць і здароўе. Не бойся, бо яна табе была прызначана спрадвеку, і ты яе вылечыш, і яна пойдзе з табою, і спадзяюся, што будзеш мець з ёю сыноў і будуць яны табе, як браты. Не сумуй». І калі Тобія выслухаў словы Рафаэля, што яна яму сястра і што яна з нашчадкаў бацькі яго, палюбіў яе надта ды сэрца яго прытулілася да яе.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Тобіі, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017