1 У той дзень Табіэль прыпомніў грошы, якія аддаў на захаванне Габаэлю ў Рагэс у Мідыі.
2 І сказаў ён у сэрцы сваім: «Вось, я папрасіў сабе смерці. Чаму не паклікаць мне сына свайго і не сказаць яму аб гэтых грошах, якія я аддаў на захаванне, перш чым памру?»
3 І паклікаў ён сына свайго Тобію, і ён прыйшоў да яго, і сказаў ён яму: «Сыне, калі я памру, пахавай мяне старанна, і шануй маці сваю, і не пакідай яе ва ўсе дні жыцця свайго, і рабі ўсё для яе дабра, і не засмучай дух яе ніякім чынам.
4 Памятай пра яе, сыне, бо яна многа небяспек убачыла дзеля цябе, калі ты быў у чэраве. Калі яна памрэ, пахавай яе каля мяне ў адной магіле.
5 І ва ўсе дні жыцця свайго, сыне, май Госпада ў памяці, і сцеражыся грахоў і парушэння Яго загадаў. Жыві справядліва ва ўсе дні жыцця свайго ды не сыходзь на дарогі злачыннасці,
6 бо калі будзеш рабіць справядліва, будуць шчасныя твае шляхі ў працах тваіх, як усіх тых, што робяць справядліва.
7 І з маёмасці сваёй, сыне, давай міласціну і не адварочвай аблічча твайго ад ніводнага беднага і тады не адвернецца ад цябе аблічча Божае.
8 Колькі будзеш мець, сыне, па колькасці давай міласціну з гэтага. Калі будзеш мець багацейшую маёмасць, большую з яе давай міласціну. Калі меншую будзеш мець, не бойся і пры меншай даваць міласціну:
9 бо адложыш сабе на дзень бяды добрую ўзнагароду,
10 бо міласціна вызваляе ад смерці і не дапускае ісці ў апраметную.
11 Міласціна бо мілы дар усім, хто ўскладае яе перад Узвышнім.
12 Сцеражыся, сынку, усякай распусты. Жонку бяры з нашчадкаў бацькоў сваіх і не бяры жонкі чужой, якая не з пакалення твайго бацькі, бо мы з’яўляемся сынамі прарокаў: Ной, Абрагам, Ізаак і Якуб — бацькі нашыя адвеку. Памятай, сынку, што яны ўсе ўзялі жонак з пакалення бацькоў сваіх і дабраславёныя былі ў сынах сваіх ды нашчадкі іх будуць мець спадчыну зямлі.
13 І ты, сынку, любі братоў сваіх, і не ўзносся ў сэрцы сваім над братамі тваімі, і над сынамі і дочкамі народа твайго, і вазьмі сабе жонку з іх, бо ў пыхлівасці ёсць пагібель і вялікая пераменлівасць, і ў пустаце — страта, недахоп вялікі. Бо пустата — гэта маці голаду.
14 Заробку любога чалавека, які ў цябе будзе працаваць, — не затрымлівай у сябе, а зараз жа аддавай яму, і плата твая хай не памяншаецца; калі будзеш праўдаю служыць Богу, Ён табе адгодзіць. Уважай на сябе, сынку, ва ўсёй сваёй дзейнасці ды будзь мудры ва ўсіх сваіх размовах,
15 Ды што сам ненавідзіш, нікому не рабі. Не пі віна да ап’янення і хай п’янства не праводзіць цябе ў дарозе тваёй.
16 Хлебам сваім падзяліся з галодным, і адзеннем — з голым; з усяго, што залішне ў цябе, — давай міласціну, і хай вока тваё не глядзіць нядобра, калі даеш міласціну.
17 Разламай хлеб свой і вылі віно сваё на грабах справядлівых, і не давай грэшнікам.
18 Парады шукай у кожнага мудрага і не пагарджай парадаю ўсякаю карыснаю.
19 Увесь час дабраслаўляй Госпада і прасі ў Яго, каб кіраваў тваімі дарогамі і ўсімі сцежкамі тваімі і каб распараджаўся добра намерамі тваімі, бо ўсе пагане не маюць добрых парадаў, але сам Госпад дасць ім добрую параду. Каго бо Ён захоча — падымае, і каго захоча Госпад — паніжае аж да пекла ўніз. Дык цяпер, сынку, памятай пра загады мае і хай не знікнуць яны з твайго сэрца.
20 І цяпер, сынку, паведамляю табе, што я аддаў дзесяць талентаў срэбра Габаэлю, сыну Габрыя ў Рагэс у Мідыі.
21 Не саромся, сынку, што бедна мы жылі. Будзеш мець многа дабра, калі будзеш баяцца Бога і сцерагчыся ўсякага граху ды добра трымаць сябе перад абліччам Госпада, Бога твайго».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Тобіі, 4 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017