Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Тобіі 13 Кніга Тобіі 13 разьдзел

1 І напісаў малітву Табіэль у радасці гэтымі словамі:
2 «Дабраславёны Бог спрадвечны і Яго валадарства, бо Ён карае і шкадуе, зводзіць аж у цемру пад зямлю і выводзіць ад гібелі моцаю Сваёй, ды няма нікога, хто б ухіліўся ад рукі Яго.
3 Сыны Ізраэля, слаўце Яго на віду народаў, бо Ён вас рассеяў паміж іх
4 і там аб’яўляе Сваю веліч. Дык узвышайце Яго радасна перад усім жывым, бо Ён Госпад наш, і Ён Айцец наш, і Ён Бог наш ва ўсе вякі.
5 Пакарае Ён вас за правіннасці вашы, і пашкадуе ўсіх вас ды сабярэ вас паміж усіх народаў, дзе толькі вы будзеце рассеяны.
6 Калі навернецеся да Яго ўсім сэрцам вашым і ўсёю душою вашай, каб рабіць перад Ім папраўдзе, тады Ён павернецца да вас і ніколі ўжо не схавае аблічча Свайго ад вас. Ды зараз паглядзіце, што Ён зрабіў вам, і дзякуйце Яму ўсімі вуснамі сваімі. Дабраслаўляйце Госпада справядлівага і ўзвышайце Валадара спрадвечнага. У зямлі няволі маёй слаўлю я Яго і выяўляю моц і веліч Яго народу грэшнаму. Навярніцеся, грэшнікі, і рабіце справядліва перад Ім. Хто ведае, можа, захоча аказаць вам міласэрнасць?
7 Я і душа мая выяўляем радасць Валадару неба, і душа мая будзе радавацца праз усе дні жыцця свайго.
8 Дабраслаўляйце Госпада, усе выбраннікі; і ўсе праслаўляйце веліч Яго. Жывіце дні ў радасці і дзякуйце Яму.
9 Ерузалім — святы горад, будзе караць цябе за ўчынкі рук тваіх.
10 Слаў Госпада добраю дзейнасцю і дабраславі Валадара вечнага; каб зноў пабудавана была Твая палатка ў Цябе з радасцю ды каб вярнуў Ты радасць усім зняволеным і ўзлюбіў у Цябе ўсіх няшчасных ва ўсе векі вечныя.
11 Святло яркае будзе выпраменьвацца на ўсе канцы зямлі; многія народы прыйдуць да цябе здалёку і жыхары з самых далёкіх краёў зямлі да святога імя Твайго, несучы дары свае ў руках сваіх Валадару неба. З пакалення ў пакаленне будуць хваліць Цябе радасна, а імя «выбранніцы» пяройдзе ў векі вечныя.
12 Праклятыя ўсе, хто гаворыць благое слова. Праклятыя будуць усе, хто нішчыць цябе і бурыць муры твае, дый усе, хто разбурае вежы твае і паліць памяшканні твае. І дабраславёныя будуць усе, хто баіцца Цябе, навек.
13 Дык вось, радуйся і цешся з сыноў справядлівых, бо ўсе сабяруцца і будуць дабраслаўляць Госпада вечна.
14 Шчасныя, хто любіць Цябе, шчасныя тыя, што будуць цешыцца ў супакоі Тваім. Ды шчасныя ўсе людзі, якія будуць сумаваць дзеля ўсіх пакаранняў Тваіх, бо будуць яны цешыцца ў Цябе, ды будуць радавацца ўсёю радасцю Тваёй вечна.
15 Дабраславі, душа мая, Госпада, Валадара вялікага,
16 бо ў Ерузаліме горадзе будзе адбудаваны дом Яго ў векі вечныя. Шчасны буду, калі рэшткі роду майго ўбачаць хвалу Тваю, ды славіць будуць Валадара неба. Брамы Ерузаліма будуць адбудаваны з сапфіру і смарагду, і з каштоўнага каменю — усе муры твае; і вежы Ерузаліма будуць адбудаваны з золата, і валы яго — з чыстага золата.
17 Плошчы Ерузаліма высланы будуць карбункулам і каменем з Афіра;
18 і брамы Ерузаліма будуць гудзець песнямі радасці, і ўсе яго вуліцы загамоняць: Алілуя! Дабраславёны Бог Ізраэля і дабраславёны тыя, што будуць дабраслаўляць імя святое і цяпер і вечна».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Тобіі, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017