Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Тобіі 3 Кніга Тобіі 3 разьдзел

1 І я вельмі засмуціўся ў душы, і, уздыхаючы, заплакаў, ды пачаў маліцца, цяжка ўздыхаючы:
2 «Справядлівы Ты, Госпадзе, і ўсе справы Твае справядлівыя, і ўсе шляхі Твае — міласэрнасць і праўда, і Ты судзіш увек.
3 І цяпер, Госпадзе, памятай пра мяне і зірні на мяне; ды не помсці мне за грахі мае і за нядбайнасць маю і бацькоў маіх, якімі яны зграшылі перад Табою,
4 бо не слухалі мы прыказанняў Тваіх, і аддаў Ты нас на здабычу, і ў няволю, і на смерць, і на пасмешышча, і на кпіны, і на пагарду ва ўсіх народаў, між якіх Ты нас рассеяў.
5 І зараз — многія і справядлівыя прысуды Твае, выкананыя на мне за грахі мае і маіх бацькоў, бо не рабілі мы паводле прыказанняў Тваіх, і не вялі сябе шчыра на віду ў Цябе.
6 Дык цяпер, што Табе падабаецца — рабі са мной, і загадай, каб прыняты быў дух мой, каб адарваўся я ад паверхні зямлі і стаў зямлёй, бо лепш мне смерць, чым жыццё, бо мушу слухаць ілжывыя дакаранні ды вялікі смутак апанаваў мяне. Загадай, Госпадзе, каб быў вызвалены я ад гэтае нядолі, і пусці мяне ў месца вечнае, і не адварочвай аблічча Твайго ад мяне, Госпадзе, бо лепш мне памерці, чым бачыць такую нядолю ў жыцці маім і слухаць дакоры».
7 У той самы дзень і Сара, дачка Рагуэля, які жыў у Эктабане, у Мідыі, ад адной з паслугачак свайго бацькі чула словы знявагі таму,
8 што была аддадзена за сем мужоў, і Асмадэй, найгоршы дух, забіваў іх, перш чым яны былі з ёй, як звычайна бываюць з жонкай. І сказала ёй паслугачка: «Ты тая, што душыш мужоў сваіх! Вось, выдана ты была ўжо сямі мужам, і ад ніводнага з іх не пачала.
9 Чаму нас караеш за мужоў сваіх, бо яны паўміралі? Ідзі з імі, і ад цябе не пабачым ані сына, ані дачкі павек».
10 У той дзень была дзяўчына вельмі маркотная ў душы і плакала, і пайшла ў верхні пакой бацькі свайго, і захацела павесіцца ў пятлі. І адумалася, і казала: «Каб часам не дакаралі майго бацьку і не казалі: “Адзіную меў ты дачушку, і тая павесілася з гора”; і давяду старога бацьку свайго ў смутку, у апраметную. Лепей мне не вешацца ў пятлі, але прасіць Госпада, каб памерці ды ўжо ў жыцці маім не чуць горкіх дакораў».
11 У той жа час, выцягнуўшы рукі да акна, малілася і сказала: «Дабраславёны будзь, Госпадзе, міласэрны Божа, і дабраславёна імя Тваё святое і слаўнае вечна. Хай дабраслаўляюць Цябе ўсе стварэнні Твае вечна.
12 І цяпер падымаю да Цябе, Госпадзе, твар мой і вочы мае.
13 Загадай мне пакінуць зямлю і не чуць ужо дакораў.
14 Ты ведаеш, Госпадзе, што я чыстая ад усякай заганы мужчыны
15 і не спаганіла імя свайго, ані імя майго бацькі на зямлі няволі маёй. Адзіная я ў бацькі майго, і ён не мае сына, які б займеў спадчыну яго, і не мае брата, ані сваяка, каб берагла я сябе яму за жонку. Ужо загінула ў мяне сем, і нашто мне яшчэ жыць? І калі не падабаецца Табе, Госпадзе, забіць мяне, то загадай, каб не была я пагарджана, і хай пашкадуюць мяне, каб не чула я ўжо дакораў».
16 І ў тую хвіліну маленне абаіх было выслухана перад абліччам святасці Божай,
17 і быў пасланы Рафаэль анёл, каб вылечыць абаіх: Табіэля, каб зняць яму бяльмо з яго вачэй, каб вачамі бачыў ён святло Божае, і Сару, дачку Рагуэля, каб яе даць Тобію, сыну Табіэля, за жонку і адагнаць ад яе найгоршага духа Асмадэя, бо Тобія мае першаснае права ўзяць яе ў жонкі перад усімі, якія хацелі з ёю ажаніцца. У той час вярнуўся Табіэль з панадворка свайго дома; і Сара, дачка Рагуэля, сышла з верхняга пакоя.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Тобіі, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017