Нээміі 11 разьдзел

Кніга Нээміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І жылі князі народу ў Ерусаліме, а рэшта народу кідала жэрабя, каб адзін з дзесяці жыў у Ерусаліме, горадзе сьвятым, а дзевяць засталіся ў іншых гарадах.
 
Кіраўнікі ж народа жылі ў Ерузаліме; а астатні народ кідаў жэрабя, каб адна дзесятая частка з іх ішла жыць у святы горад Ерузалім, а дзевяць дзесятых — у іншыя гарады.

І дабраславіў народ усіх тых, якія дабраахвотна вырашалі жыць у Ерусаліме.
 
А народ дабраславіў усіх людзей, якія добраахвотна вырашылі жыць у Ерузаліме.

Гэта галовы краю, якія жылі ў Ерусаліме, а ў гарадах Юдэі жыў кожны ва ўласнасьці сваёй, у гарадах сваіх, Ізраільцяне, сьвятары і лявіты, нэтынэі і сыны слугаў Салямона.
 
Такім чынам, гэта кіраўнікі краю, якія жылі ў Ерузаліме і ў гарадах Юдэі. Кожны жыў на зямлі сваёй, у гарадах сваіх: ізраэльцы, святары, левіты, нявольнікі і сыны нявольнікаў Саламона.

А ў Ерусаліме жылі [некаторыя] з сыноў Юды і з сыноў Бэн’яміна. З сыноў Юды: Атая, сын Узіі, сына Захарыі, сына Амарыі, сына Шэфатыі, сына Магалялеля, з сыноў Пэрэса,
 
У Ерузаліме жылі сыны Юды і сыны Бэньяміна. Спаміж сыноў Юды: Атая, сын Озіі, сына Захарыі, сына Амарыі, сына Сафаціі, сына Малаліэля з сыноў Пэрэса;

і Маасэя, сын Баруха, сын Каль-Хазэя, сына Хазаі, сына Адаі, сына Ёярыва, сына Захарыі, сына Гашылоні.
 
і Маасія, сын Баруха, сына Хальгозы, сына Хазіі, сына Адаі, сына Ёярыба, сына Захарыі, з сыноў сіланітаў.

Усіх сыноў Пэрэса, якія жылі ў Ерусаліме, [было] чатырыста шэсьцьдзясят восем ваяроў.
 
Усіх сыноў Пэрэса, пражываючых у Ерузаліме, было чатырыста шэсцьдзесят восем чалавек, здатных да бою.

А гэта сыны Бэн’яміна: Сальлю, сын Мэшуляма, сына Ёэда, сына Пэдаі, сына Калаі, сына Маасэі, сына Ітыэля, сына Ешаі,
 
А вось сыны Бэньяміна: Салу, сын Масалы, сына Ёэда, сына Падаі, сына Калаі, сына Маасіі, сына Этгээля, сына Есаі;

і за ім Габай, Салай, [разам] дзевяцьсот дваццаць восем.
 
і таксама братоў гэтых мужоў, усіх разам — дзевяцьсот дваццаць восем.

І Ёэль, сын Зіхры, наглядчык над імі, і Юда, сын Гасэнуі, — другі [наглядчык] над горадам.
 
І Ёэль, сын Зэхры, быў кіраўніком, і Юда, сын Асаны, быў другім над горадам.

Са сьвятароў: Едая, сын Ёярыва, Яхін,
 
І паміж святароў: Ядая, сын Ёярыба,

Сэрая, сын Хількіі, сына Мэшуляма, сына Цадока, сына Мэраёта, сына Ахітува, начальнік у Доме Божым,
 
сына Сараі, сына Хэлькіі, сына Масалы, сына Садока, сына Мэраёта, сына Ахітуба, кіраўнік у доме Божым;

і браты іхнія, якія рабілі працу ў Доме — васемсот дваццаць два; і Адая, сын Ерахама, сына Пэлаліі, сына Амцы, сына Захарыі, сына Пашхура, сына Малькіі,
 
ды браты іх, што выконваюць работы ў святыні — восемсот дваццаць два чалавекі. І Адая, сын Ерахама, сына Пэлеліі, сына Амсі, сына Захарыі, сына Пасура, сына Мэльхіі;

і браты ягоныя, галовы [дамоў] бацькоў — дзьвесьце сорак два; і Амашсай, сын Азарэля, сына Ахзая, сына Мэшылемота, сына Імэра,
 
і браты яго, галовы сем’яў, — дзвесце сорак дзве асобы. І Амасай, сын Азарыэля, сына Ахазі, сына Масаламота, сына Эмэра;

і браты ягоныя, ваяры мужныя — сто дваццаць восем. А наглядчык над імі — Заўдыэль, сын Гагедаліма.
 
і браты іх, здатныя да бою, — сто дваццаць восем; і кіраўнік над імі — Забдзіэль, муж высакародны.

А з лявітаў: Шэмая, сын Хашува, сына Азрыкама, сына Хашавіі, сына Буні,
 
І з левітаў: Сямэй, сын Гасуба, сына Эзрыкі, сына Гасабіі, сына Буні,

і Шабэтай, і Ёзавад, якія былі над вонкавымі працамі Дому Божага; [яны] — галовы лявітаў,
 
і Сабэтай, і Ёзабад, якія былі даглядчыкамі над усімі работамі, якія вяліся звонку ў доме Божым, — з кіраўнікоў левітаў;

і Маттанія, сын Міхі, сына Заўдыя, сына Асафа, галоўны пачынальнік хвалы пры малітве, і Бакбукія, другі сярод братоў ягоных, і Аўда, сын Шамуа, сына Галала, сына Едутуна.
 
і Матанія, сын Міхі, сына Зэбэдэя, сына Асафа, кіраўнік хору, пачынаў малітву; і Бэкбэцыя, другі паміж сваіх братоў, і Абда, сын Самуа, сына Галала, сына Ідытуна.

Усіх лявітаў у горадзе — дзьвесьце восемдзясят чатыры.
 
Усе левіты ў святым горадзе налічвалі дзвесце восемдзесят чатыры чалавекі.

І прыдзьвернікі: Аккуў, Тальмон і браты іхнія, якія вартавалі ў брамах — сто семдзясят два.
 
І прыдзверныя: Акуб, Тэльмон ды браты іх, якія пільнавалі брамы — сто семдзесят два чалавекі.

А рэшта Ізраіля, сьвятары і лявіты [жылі] ў-ва ўсіх гарадах Юдэі, кожны ў спадчыне сваёй.
 
І іншыя ізраэльцы, святары і левіты, жылі ва ўсіх гарадах Юдэі, кожны ў сваім уладанні.

А нэтынэі жылі ў Афэле; а Цыха і Гішпа [былі] над нэтынэямі.
 
І нявольнікі жылі ў Афэлі; і Сіга і Гаспа былі над нявольнікамі.

А наглядчыкам над лявітамі ў Ерусаліме [быў] Узі, сын Бані, сына Хашавіі, сына Маттаніі, сына Міхі, з сыноў Асафа, сьпевакоў, якія былі на службе ў Доме Божым,
 
І кіраўніком над левітамі ў Ерузаліме быў Озі, сын Бані, сына Гасабіі, сына Матаніі, сына Міхі, з сыноў Асафа, якія былі спевакамі ў час службы ў доме Божым.

бо быў загад валадара адносна іх, і вызначана, хто павінен сьпяваць, дзень у дзень.
 
Было бо адносна іх царскае распараджэнне, хто ў які дзень мае спяваць.

А Пэтахія, сын Мэшэзабэля, з сыноў Зэраха, сына Юды, быў пад рукою валадара ў-ва ўсіх справах адносна народу.
 
А Пэтагія, сын Мэсазабэля з сыноў Зары, сына Юды, быў царскім паслом ва ўсякай справе [адносна] народа.

Адносна паселішчаў з палямі іхнімі: сыны Юды жылі ў Кірыят-Арбе і вёсках ейных, і ў Дыбоне і ў вёсках ягоных, і ў Екаўцэлю і вёсках ягоных,
 
Што да жыўшых у вёсках, ва ўсіх мясцовасцях іх, дык некаторыя сыны Юды жылі ў Карыят-Арбе і ў яго ваколіцах, і ў Дыбоне і ў яго вёсках, і ў Кабсээлі ды ў яго вёсках,

і ў Ешуі, і ў Малодзе, і ў Бэт-Палеце,
 
і ў Ешуа, і ў Маладзе, і ў Бэтпэлеце,

і ў Хацар-Шуале, і ў Бээр-Шэве і вёсках ейных,
 
і ў Асарсуалі, і ў Бээр-Сэбе, і ў яго вёсках,

і ў Цыклазе, і ў Мэхоне і ў вёсках ейных,
 
і ў Сікэлазе, і ў Махоне, і ў яго вёсках,

і ў Эн-Рымоне, і ў Цоры, і ў Ярмуце,
 
і ў Рэмоне, і ў Цоры, і ў Ярымоце,

у Занааху, у Адуламе і вёсках іхніх, у Ляхішу і ваколіцах ягоных, у Азэцы і вёсках ейных. І яны расьсяліліся ад Бээр-Шэвы аж да даліны Гінном.
 
у Заноэ, у Адаламе і іх вёсках, у Лахісе і ў яго ваколіцах, у Азэцы і яго мястэчках. І абжыліся яны ад Бээр-Сэбы аж да лагчыны Гэном.

А сыны Бэн’яміна [жылі] ў Міхмасе, Гаі, Бэтэлі і вёсках іхніх,
 
Сыны ж Бэньяміна жылі ў Габе, Міхмасе, і Гаі, і Бэтэлі і ў яго вёсках,

Анатоце, Нове, Ананіі,
 
у Анатоце, Нобе, Ананіі,

Хацоры, Раме, Гіттаіме,
 
у Асоры, Раме, Гет-Таіме,

Хадызе, Цэвоіме, Нэвалце,
 
Хадыдзе, Сэбаіме і Нэбалаце,

Лодзе, Оне ў даліне Харашым.
 
Лодзе і Оне, і на раўніне Харашым.

І [некаторыя] лявіты з чэргаў Юды [жылі ў] Бэн’яміна.
 
І левіты мелі паселішчы свае ў ваколіцах Юды і Бэньяміна.