Лікі 34 разьдзел
Лікі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
«Загадай сынам Ізраіля і скажы ім: “Калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, вось зямля, якая будзе вам у спадчыну, зямля Ханаан у межах ейных.
Паўднёвая мяжа будзе ад пустыні Сін да ваколіц Эдому, і будзе паўднёвая мяжа з усходу ад краю Мора Салёнага.
І зьверне мяжа вашая на поўдзень да ўзвышша Акраббім, і пойдзе праз Сін на поўдзень да Кадэш-Барнэа, і пойдзе да Хацар-Адару, і дойдзе да Ацмону.
Ад Ацмону паверне [мяжа] да ручаю Эгіпецкага і спыніцца на беразе мора.
Вашай мяжой заходняй будзе для вас Мора Вялікае, гэта будзе ваша мяжа заходняя.
На поўначы будзе ў вас мяжа ад Мора Вялікага пачынаючы і аж да гары Гор,
і ад гары Гор павядзіце [мяжу] да ўваходу ў Хамат і далей, да мяжы Цэдаду.
І пойдзе мяжа да Зіфрону, і дойдзе да Гацар-Энану. Гэта будзе для вас мяжа паўночная.
Усходнюю мяжу правядзіце ад Гацар-Энану да Шэфамы,
і ад Шэфамы пойдзе мяжа да Рыўлі на ўсход да Аіну, і зыйдзе мяжа далей, і пройдзе праз горы на ўсход ад мора Кінэрэт,
і зыйдзе мяжа ўздоўж Ярдану, і спыніцца пры Моры Салёным. Гэта будзе зямля вашая з межамі сваімі наўкола”».
І загадаў Майсей сынам Ізраіля, кажучы: «Вось зямля, якую маеце падзяліць жэрабям і якую загадаў ГОСПАД даць дзевяці пакаленьням і палове пакаленьня.
Бо пакаленьне сыноў Рубэна паводле дамоў бацькоў сваіх, і пакаленьне сыноў Гада паводле дамоў бацькоў сваіх, і палова пакаленьня Манасы атрымалі спадчыну сваю.
Гэтыя два пакаленьні і палова пакаленьня ўзялі спадчыну сваю з таго боку Ярдану насупраць Ерыхону на ўсход».
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
«Гэта імёны людзей, якія падзеляць вам зямлю: Элеазар сьвятар і Егошуа, сын Нуна.
І возьмеце па адным князі з кожнага пакаленьня, каб падзяліць зямлю на ўласнасьць.
Вось імёны тых людзей: з пакаленьня Юды — Халеў, сын Ефунны,
з пакаленьня сыноў Сымона — Шэмюэль, сын Амігуда,
з пакаленьня Бэн’яміна — Элідад, сын Кісьлёна,
з пакаленьня сыноў Дана — Букі, сын Ёглі,
з сыноў Язэпа, з пакаленьня сыноў Манасы — Ханіэль, сын Эфода,
з пакаленьня сыноў Эфраіма — Кэмуэль, сын Шыфтана,
з пакаленьня сыноў Завулёна — Эліцафан, сын Парнаха,
з пакаленьня сыноў Ісахара — Пальтыэль, сын Азана,
з пакаленьня сыноў Асэра — Эхігуд, сын Шэломіі,
з пакаленьня сыноў Нэфталі — Пэдагель, сын Амігуда».
Гэта тыя, якім загадаў ГОСПАД падзяліць зямлю Ханаан між сыноў Ізраіля.