Ісаі 12 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Л. Гарошка

 
 

І ты скажаш у той дзень: «Слаўлю Цябе, ГОСПАДЗЕ, бо Ты гневаўся на мяне, але гнеў Твой адвярнуўся [ад мяне], і Ты пацешыў мяне.
 

Вось Бог — збаўленьне маё! Спадзяюся на Яго і ня буду баяцца, бо ГОСПАД, ГОСПАД — моц мая і песьня мая, Ён стаўся збаўленьнем маім».
 

І вы з радасьцю будзеце чэрпаць ваду з крыніцаў збаўленьня.
 

І скажаце ў дзень гэты: «Слаўце ГОСПАДА! Клічце імя Ягонае! Абвяшчайце сярод народаў дзеяньні Ягоныя! Узгадвайце, якое ўзьвялічанае імя Ягонае!
 

Выслаўляйце ГОСПАДА, бо Ён зрабіў велічнае! Няхай гэта будзе вядома па ўсёй зямлі.
 

Гамані і крычы з радасьці, жыхарка Сыёну, бо вялікі пасярод цябе Сьвяты Ізраіля!»