Ісаі 45 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Гэта кажа ГОСПАД да памазанца Свайго Кіра: «Я моцна трымаю цябе за правую руку тваю, каб скарыць перад абліччам тваім народы і зьняць паясы са сьцёгнаў валадароў, каб адчыніць перад абліччам тваім дзьверы і каб брамы не былі зачынены.
 

Я пайду перад абліччам тваім, і зраўняю ўзвышанае, і дзьверы мядзяныя разаб’ю, і засаўкі жалезныя паламаю.
 

І дам табе скарбы, якія ў цемры, і багацьці схаваныя, каб ты ведаў, што Я — ГОСПАД, Які паклікаў цябе імем тваім, Бог Ізраіля.
 

Дзеля слугі Майго Якуба і дзеля Ізраіля, выбранца Майго, Я назваў цябе імем тваім, вызначыў цябе, хоць ты ня ведаеш Мяне.
 

Я — ГОСПАД, і няма іншага. Акрамя Мяне няма Бога. Я падперазаў цябе, хоць ты ня ведаеш Мяне,
 

каб ведалі ад усходу сонца аж да захаду, што акрамя Мяне няма нічога. Я — ГОСПАД, і няма іншага.
 

Я ўкшталтаваў сьвятло і стварыў цемру, раблю мір і ствараю ліхоту. Я — ГОСПАД, Які робіць усё гэта».
 

Крапіце, нябёсы, з гары, і з хмараў няхай ліецца праведнасьць, няхай раскрыецца зямля і вырасьціць збаўленьне; і няхай праведнасьць вырасьце разам [з ім]. Я, ГОСПАД, стварыў гэта.
 

Гора таму, хто спрачаецца з Творцам сваім, чарапок паміж чарапкоў зямных! Ці кажа гліна ганчару: «Што ты робіш?», або ці кажа выраб [майстру]: «Ты ня маеш рук»?
 

Гора таму, хто кажа бацьку: «Навошта ты нарадзіў [мяне]?», або маці: «Навошта ты нарадзіла [мяне]?»
 

Гэта кажа ГОСПАД, Сьвяты Ізраіля і Творца ягоны: «Вы пытаеце Мяне пра будучыню сыноў Маіх і загадваеце Мне пра творы рук Маіх?
 

Я зрабіў зямлю, і чалавека на ёй Я стварыў, рукі Мае расьцягнулі неба, і Я загадваў усяму войску ягонаму.
 

Я падняў яго ў праведнасьці і ўсе шляхі ягоныя раўняю. Ён адбудуе горад Мой і вызваліць палонных Маіх, бяз выкупу і без аднагараджэньня, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
 

Гэта кажа ГОСПАД: «Праца Эгіпту і прыбытак Кушу, і Савейцы, людзі высокія, пяройдуць да цябе і будуць тваімі; яны пойдуць за табой, пойдуць у кайданах, будуць пакланяцца табе і ўмольваць цябе: “Толькі ў цябе ёсьць Бог, і няма іншага”».
 

Сапраўды, Ты — Бог таямнічы, Бог Ізраіля, Збаўца!
 

Зьніякавеюць і асаромяцца ўсе разам, і пойдуць у ганьбе тыя, якія робяць выявы [ідалаў].
 

Ізраіль будзе збаўлены ГОСПАДАМ збаўленьнем вечным. Ня будзеце вы асаромленыя і ня будзеце зьняважаныя на вякі вечныя.
 

Бо гэта кажа ГОСПАД, Творца неба, Ён — Бог, Які ўкшталтаваў зямлю і зрабіў яе, Ён умацаваў яе, Ён стварыў яе, каб не была пустэчай, але ўкшталтаваў яе для пражываньня: «Я — ГОСПАД, і няма іншага».
 

Не прамаўляў Я патаемна ў цёмным закутку зямлі, не казаў Я насеньню Якуба: «Дарэмна вы шукаеце Мяне». Я — ГОСПАД, Які гаворыць пра праведнасьць, абвяшчае справядлівасьць.
 

Зьбярыцеся і прыходзьце, наблізьцеся разам, выратаваныя з народаў. Ня ведаюць [нічога] тыя, якія носяць драўлянага ідала свайго і моляцца да бога, які ня можа збавіць.
 

Распавядзіце і наблізьцеся, і будзем радзіцца разам. Хто расказаў пра гэта здаўна, і хто распавёў пра гэта раней? Ці ж ня Я, ГОСПАД? Бо няма іншага Бога акрамя Мяне, Бога праведнага і Таго, Хто збаўляе. Няма іншага апрача Мяне.
 

Павярніцеся да Мяне і будзеце збаўленыя, усе канцы зямлі, бо Я — Бог, і няма іншага.
 

Я прысягнуў на Самога Сябе, з вуснаў Маіх выйшла праведнасьць, слова, якое не вяртаецца, бо перада Мною схіліцца кожнае калена і [Мною] будзе прысягаць кожны язык.
 

«Толькі ў ГОСПАДЗЕ, — скажуць пра Мяне, — праведнасьць і сіла! Да Яго прыйдуць і будуць асаромлены ўсе, якія працівяцца Яму».
 

У ГОСПАДЗЕ будзе апраўдана і ўслаўлена ўсё насеньне Ізраіля.