Дзеі 17 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Анатоля Клышкi
А прайшоўшы праз Амфіпаль і Апалёнію, прыйшлі ў Тэсалоніку, дзе была сынагога Юдэйская.
І, прайшоўшы праз Амфіпаль і Апалонію, яны прыйшлі ў Фесалоніку, дзе была іудзейская сінагога.
І Павал, паводле звычаю, прыйшоў да іх і тры суботы вёў гутаркі з імі з Пісаньня,
І Павел, як звычайна, увайшоў да іх і тры суботы гутарыў з імі на падставе Пісанняў,
паказваючы і адкрываючы, што Хрыстос мусіў цярпець і ўваскрэснуць з мёртвых і што: «Гэты Ісус, пра Якога я абвяшчаю вам, ёсьць Хрыстос».
адкрываючы і даводзячы, што Хрыстос павінен быў пакутаваць і ўваскрэснуць з мёртвых і што: Гэты Хрыстос ёсць Ісус, Якога я вам абвяшчаю.
І некаторыя з іх былі перакананыя і далучыліся да Паўла і Сілы, і вялікае мноства Грэкаў, якія пакланяліся [Богу], і жанчынаў першых нямала.
І некаторыя з іх пераканаліся і прымкнулі да Паўла і Сілы, гэтак жа як вялікае мноства набожных элінаў і нямала знатных жанчын.
А Юдэі, якія не паверылі, зайздросьцячы і паклікаўшы нейкіх нягодных мужоў з плошчы, учынілі натоўп і ўзрушылі горад. І, стаўшы каля дому Язона, шукалі іх, каб прывесьці да народу.
Але іудзеі, [якія не паверылі], пазайздросціўшы і падабраўшы нейкіх ліхіх людзей з рыначнай плошчы, сабралі натоўп і ўзбунтавалі горад і, падступіўшы да Іясонавага дома, яны дамагаліся вывесці іх да народу;
Не знайшоўшы ж іх, пацягнулі Язона і некаторых братоў да бурмістраў, крычучы, што гэтыя сусьветныя бунтаўнікі прыйшлі і сюды,
але, не знайшоўшы іх, пацягнулі Іясона і некаторых братоў да гарадскіх начальнікаў, крычачы: Гэтыя людзі, што ўзбурылі ўвесь свет, прыйшлі і сюды;
а Язон іх прыняў, і што яны ўсё чыняць супраць пастановаў цэзара, называючы іншага валадаром, Ісуса.
і іх прыняў Іясон; і ўсе яны ідуць супроць пастановаў цэзара, кажучы, што ёсць другі цар, Ісус.
І, чуючы гэта, устрывожыўся натоўп і бурмістры,
І яны ўзбударажылі натоўп і гарадскіх начальнікаў, што слухалі гэта.
але, узяўшы заклад ад Язона і рэшты, вызвалілі іх.
І, узяўшы заклад з Іясона і астатніх, яны адпусцілі іх.
Браты ж адразу ўначы выправілі Паўла і Сілу ў Бэрэю, і тыя, прыйшоўшы, пайшлі ў сынагогу Юдэйскую.
Браты ж адразу ўначы адаслалі Паўла і Сілу ў Верыю, і яны, прыбыўшы, пайшлі ў іудзейскую сінагогу.
А гэтыя былі высакароднейшыя, чым у Тэсалоніцы; яны прынялі слова з усёй ахвотаю, штодня дасьледуючы Пісаньне, ці гэтак яно ёсьць.
А гэтыя людзі былі больш адкрытыя, чым тыя, што ў Фесалоніцы; яны прынялі слова з усёй шчырасцю, штодня разбіраючы Пісанні, ці так гэта.
Тады шмат з іх паверыла, і жанчынаў Грэцкіх паважаных, і мужчынаў нямала.
І шмат з іх уверавалі: і з паважаных элінскіх жанчын, і з мужчын нямала.
Калі ж Юдэі з Тэсалонікі даведаліся, што і ў Бэрэі абвяшчаецца праз Паўла слова Божае, прыйшлі і сюды, падбухторваючы натоўп.
Але калі іудзеі з Фесалонікі даведаліся, што і ў Верыі Паўлам было абвешчана слова Божае, яны прыйшлі і туды, хвалюючы і бударажачы натоўпы.
Тады браты адразу паслалі Паўла, каб ішоў быццам да мора, а Сіла і Цімафей засталіся там.
І тады браты адразу адаслалі Паўла, каб ён ішоў да мора, а Сіла і Цімафей засталіся там.
Тыя ж, што праводзілі Паўла, прывялі яго ў Атэны і, атрымаўшы прыказаньне для Сілы і Цімафея, каб чым хутчэй ішлі да яго, пайшлі.
І тыя, хто праводзіў Паўла, давялі [яго] да Афінаў, і, атрымаўшы загад для Сілы і Цімафея, каб тыя, як мага хутчэй прыйшлі да яго, пайшлі.
А калі Павал чакаў на іх у Атэнах, узрушыўся ў ім дух ягоны, бачачы горад, апанаваны ідаламі.
І пакуль Павел чакаў іх у Афінах, яго дух раздражняўся ў ім, калі ён бачыў, што горад поўны ідалаў.
Дык ён вёў гутаркі ў сынагозе з Юдэямі і пабожнымі, і на рынку кожны дзень з тымі, з кім надарыцца.
І таму ён гутарыў у сінагозе з іудзеямі і з богабаязнымі і штодня на рыначнай плошчы з выпадковымі сустрэчнымі.
Некаторыя ж з філосафаў эпікурэйцаў і стоікаў спрачаліся з ім, і адны казалі: «Што хоча сказаць гэты баўбатун?», а другія: «Здаецца, ён прапаведуе чужыя боствы», — бо ён дабравесьціў ім пра Ісуса і ўваскрасеньне Ягонае.
І некаторыя з філосафаў эпікурэйцаў і стоікаў сутыкаліся з ім. І адны казалі: Што хоча сказаць гэты пустазвон? — А другія: Здаецца, ён абвяшчае чужыя боствы, — бо ён дабравесціў Ісуса і ўваскрэсенне.
І, узяўшы яго, прывялі ў арэапаг, кажучы: «Ці можам мы ведаць, што гэта за новае вучэньне ты распавядаеш?
І, узяўшы яго, яны прывялі ў Арэапаг, кажучы: Ці можам мы даведацца, што гэта за новае вучэнне, якое ты прапаведуеш?
Бо нешта незвычайнае ты ўкладаеш у вушы нашыя, дык хочам ведаць, што гэта мае быць?»
Бо нешта дзіўнае ты даносіш да нашых вушэй. Дык мы хочам даведацца, што ўсё гэта значыць.
Усе ж Атэнцы і прыйшоўшыя [туды] чужынцы ні чым іншым ня бавіліся, як гаварыць і слухаць нешта новае.
А ўсе афіняне і прышэльцы-чужаземцы нічым іншым не бавілі час, як тым, каб расказваць ці слухаць што-небудзь новае.
А Павал, стаўшы пасярод арэапагу, прамовіў: «Мужы Атэнскія! З усяго я бачу, што вы быццам асабліва пабожныя.
І Павел, стаўшы пасярэдзіне Арэапага, сказаў: Мужы афінскія, я з усяго бачу, што вы вельмі набожныя.
Бо, праходзячы і аглядаючы месцы пакланеньня вашыя, знайшоў я і ахвярнік, на якім напісана: “Невядомаму Богу”. Дык Таго, Каго вы, ня ведаючы, ушаноўваеце, я вам абвяшчаю.
Бо, праходзячы і аглядаючы вашы святыні, я знайшоў і ахвярнік, на якім было напісана: «невядомаму богу». Вось Гэтага, Якога вы, не ведаючы, ушаноўваеце, я і абвяшчаю вам.
Бог, Які стварыў сьвет і ўсё, што ў ім, Які ёсьць Госпад неба і зямлі, не жыве ў бажніцах, зробленых рукамі,
Бог, Які стварыў свет і ўсё, што ў ім, — Ён, будучы Госпадам неба і зямлі, не ў рукатворных храмах жыве;
і не ўтрымліваецца ад рук чалавечых, быццам нечага патрабуючы, Сам даючы ўсім жыцьцё, і дыханьне, і ўсё.
і не служаць Яму чалавечымі рукамі, нібы Ён мае ў чым-небудзь патрэбу; Сам Ён дае ўсім жыццё, і дыханне, і ўсё.
Ён учыніў з аднае крыві кожны народ чалавечы, каб жылі на ўсім абліччы зямлі, вызначыўшы акрэсьленыя часы і межы пражываньня іхняга,
І Ён стварыў з аднаго50 кожны чалавечы народ, каб яны жылі на ўсім абліччы зямлі, вызначыўшы акрэсленыя часы і межы іх пражывання,
каб шукалі Госпада, можа, дакрануцца Яго і знойдуць, хоць Ён і недалёка ад кожнага з нас,
каб яны шукалі Бога — ці не намацаюць яны Яго і не знойдуць, — хоць Ён і недалёка ад кожнага з нас.
бо ў Ім мы жывем, і рухаемся, і існуем, як і некаторыя з вашых паэтаў гавораць: “Бо мы і род Ягоны”.
Бо ў Ім мы жывём, і рухаемся, і існуём, як і некаторыя з паэтаў у вас казалі: «Бо мы і род Яго».
Дык мы, як род Божы, не павінны думаць, быццам Боства падобнае да золата, ці срэбра, ці камяня, назначанага майстэрствам і думкаю чалавечай.
Будучы ж родам Божым, мы не павінны думаць, што Боскае падобнае да золата, ці серабра, ці каменя — да вобраза мастацтва і задумы чалавека.
Дык Бог, зважаючы на часы няведаньня, загадвае цяпер усім людзям паўсюль навярнуцца,
Дык, пакінуўшы без увагі часы няведання, Бог цяпер загадвае усім людзям, каб скрозь пакаяліся,
бо прызначыў дзень, у які мае судзіць сусьвет паводле справядлівасьці праз Мужа, Якога вызначыў, даўшы ўсім пэўнасьць, уваскрасіўшы Яго з мёртвых».
бо Ён вызначыў дзень, у які Ён будзе справядліва судзіць свет праз Чалавека, якога Ён прызначыў, даўшы ўсім доказ — уваскрэсіўшы Яго з мёртвых.
Пачуўшы ж пра ўваскрасеньне мёртвых, адны кпілі, а другія казалі: «Паслухаем цябе пра гэта другім разам!»
І, пачуўшы пра ўваскрэсенне мёртвых, адны насміхаліся, а другія сказалі: Мы паслухаем цябе пра гэта яшчэ раз.
І гэтак Павал выйшаў спасярод іх.
[І] так Павел пайшоў ад іх.
А некаторыя мужчыны, якія прысталі да яго, паверылі; між імі і Дыяніс Арэапагіт, і жанчына на імя Дамар, і іншыя з імі.
Але некаторыя людзі, прымкнуўшы да яго, уверавалі, сярод іх і Дыянісій Аэрапагіт, і жанчына імем Дамар, і іншыя з імі.