Дзеі 28 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Анатоля Клышкi
Тады, уратаваўшыся, мы даведаліся, што востраў называецца Мэліта.
І тады мы, уратаваныя, даведаліся, што востраў называецца Мэліта69.
Барбары ж зьявілі нам незвычайную людзкасьць, бо, распаліўшы агонь, прынялі нас усіх, бо быў дождж і сьцюжа.
І тубыльцы70 праявілі да нас незвычайнае чалавекалюбства, бо яны, распаліўшы вогнішча, прынялі ўсіх нас з-за нахлынутага дажджу і з-за холаду.
А калі Павал набраў мноства ламачча і клаў на агонь, яхідна, выйшаўшы ад жару, прычапілася да рукі ягонай.
Калі ж Павел назбіраў бярэмя галля і паклаў на вогнішча, ад гарачыні вылезла гадзюка і прычапілася да яго рукі.
Калі ж барбары ўбачылі зьвера, які вісеў на руцэ ягонай, гаварылі між сабою: «Напэўна, чалавек гэты забойца, якому, уратаванаму ад мора, прысуд жыць не дазваляе».
І калі тубыльцы ўбачылі, што з яго рукі звісае гадзіна, яны казалі адзін аднаму: Напэўна гэты чалавек — забойца, якому, хоць ён уратаваўся ад мора, Дзікэ71 не дазволіла жыць.
А ён, абтросшы зьвера ў агонь, не дазнаў аніякага ліха.
Але ён, абтросшы гадзіну ў агонь, не зазнаў ніякай шкоды.
Яны ж чакалі, што ён стане пухнуць ці раптам упадзе мёртвы. А доўга чакаючы і бачачы, што нічога благога з ім ня сталася, зьмянілі думку і казалі, што ён — бог.
Яны ж чакалі, што ён апухне альбо раптоўна ўпадзе мёртвы. Але, доўга чакаючы і бачачы, што нічога незвычайнага з ім не робіцца, яны, змяніўшы думку, казалі, што ён Бог.
А ў тым месцы былі палі першага [чалавека] вострава, на імя Публій, які, прыняўшы нас, тры дні прыязна гасьцяваў.
А навокал таго месца былі землі галоўнага чалавека вострава, імем Публій, які прыняўшы нас, тры дні прыязна частаваў.
Сталася ж, што бацька Публія ляжаў, хворы на гарачку і крываўку. Павал, увайшоўшы да яго і памаліўшыся, усклаў на яго рукі і аздаравіў яго.
І сталася: Публіеў бацька ляжаў хворы на гарачку і дызентэрыю. Павел, увайшоўшы да яго і памаліўшыся, усклаў на яго рукі і вылечыў яго.
Калі ж гэта сталася, і іншыя хворыя на востраве прыходзілі, і былі аздароўленыя.
А калі гэта здарылася, і астатнія на востраве, у каго былі хваробы, прыходзілі і былі вылечаны.
І яны ўшанавалі нас шанаваньнем вялікім, і, як мы адплывалі, далі, што было патрэбна.
Яны і многімі ўшанаваннямі нас ушанавалі і, калі мы адплывалі, панакладалі, што трэба было.
А праз тры месяцы паплылі мы на Александрыйскім караблі са знакам Дыяскуры, які зімаваў на востраве,
А праз тры месяцы мы адплылі на александрыйскім караблі з выяваю Дзеўсавых сыноў-блізнятаў, карабель якраз зімаваў на востраве.
і, прыстаўшы ў Сіракузах, заставаліся [там] тры дні.
І, прыстаўшы ў Сіракузах, мы заставаліся тры дні,
Адтуль, плывучы ўздоўж [берагу], прыйшлі мы ў Рэгію; і, як праз адзін дзень узьняўся паўднёвы вецер, на другі дзень прыйшлі ў Путэолі,
адкуль, плывучы ўздоўж узбярэжжа, мы прыбылі ў Рыгій. І праз дзень, калі падзьмуў паўднёвы вецер, мы прыйшлі на другі дзень у Путэолы,
дзе, знайшоўшы братоў, былі запрошаныя імі застацца на сем дзён; і гэтак прыйшлі ў Рым.
дзе знайшлі братоў, і яны ўпрасілі нас застацца ў іх на сем дзён; і гэтак мы прыйшлі ў Рым.
Тамтэйшыя браты, пачуўшы пра нас, павыходзілі нам насустрач аж да Апіявае плошчы і Трох Корчмаў. Убачыўшы іх, Павал падзякаваў Богу і набраўся адвагі.
А адтуль браты, пачуўшы пра нас, выйшлі насустрач нам да Апіевага Форума і Трох Тавернаў. Убачыўшы іх, Павел падзякаваў Богу і ўзбадзёрыўся.
Калі ж мы прыйшлі ў Рым, сотнік перадаў вязьняў гетману, а Паўлу было дазволена жыць асобна з жаўнерам, які яго вартаваў.
А калі мы ўвайшлі ў Рым, [сотнік перадаў вязняў ваеначальніку,] Паўлу ж было дазволена заставацца самому па сабе з воінам, што яго вартаваў.
Сталася ж, што праз тры дні Павал склікаў першых з Юдэяў, і калі яны зыйшліся, сказаў да іх: «Мужы браты! Нічога не зрабіўшы супраць народу ці звычаяў бацькоўскіх, я выдадзены як вязень з Ерусаліму ў рукі Рымлянаў.
І сталася: праз тры дні ён72 склікаў тых, што былі першымі людзьмі між іудзеяў; і калі яны зышліся, ён сказаў ім: Я, мужы браты, хоць нічога не зрабіў супроць народа альбо бацькоўскіх звычаяў, вязнем быў перададзены з Іерусаліма ў рукі рымлянаў,
Яны, дапытаўшы мяне, хацелі вызваліць, бо ніякае сьмяротнай віны на мне не было.
якія, дапытаўшы мяне, хацелі вызваліць, бо ніякай смяротнай віны няма на мне.
А як Юдэі працівіліся, я быў змушаны прызваць [суд] цэзара, але не таму, што меўся ў чым вінаваціць народ мой.
Але таму што іудзеі пачалі пярэчыць, я быў вымушаны апеляваць да цэзара — аднак не для таго, каб абвінаваціць у чым-небудзь мой народ.
Дзеля гэтае прычыны я запрасіў вас, каб пабачыць і паразмаўляць. Бо за надзею Ізраіля я закаваны ў ланцугі гэтыя».
Вось з гэтай прычыны я паклікаў вас, каб убачыць і пагаварыць, бо з-за надзеі Ізраіля я скаваны гэтым ланцугом.
Яны ж сказалі да яго: «Мы ані лістоў адносна цябе не атрымалі з Юдэі, ані ніхто з братоў, што прыходзілі, не абвяшчаў і не гаварыў пра цябе нічога злога.
Яны ж сказалі яму: Мы ніякіх лістоў пра цябе не атрымлівалі з Іудзеі і ніхто з братоў не прыходзіў і не паведамляў ці казаў пра цябе што-небудзь дрэннае.
Лічым жа вартым пачуць ад цябе, як ты думаеш, бо пра герэзію гэтую вядома нам, што ўсюды ёй працівяцца».
Але мы лічым важным пачуць ад цябе, што ты думаеш, бо пра гэты кірунак нам вядома, што ўсюды кажуць супроць яго.
Вызначыўшы ж яму дзень, большасьць прыйшла да яго ў гасподу. І ён з ранку да вечара выкладаў ім, сьведчачы пра Валадарства Божае і пераконваючы іх пра Ісуса з Закону Майсея і Прарокаў.
І, прызначыўшы яму дзень, вельмі многія прыйшлі да яго ў госці, і ён выкладаў ім, цвёрда сведчачы пра Царства Божае і пераконваючы іх пра Ісуса і з Маісеевага закона, і з прарокаў з раніцы да вечара.
І адны былі перакананыя сказаным, а другія ня верылі.
І адных пераконвала сказанае, а другія не верылі.
І, не згаджаючыся між сабою, яны пайшлі, калі Павал сказаў адно слова: «Добра сказаў да бацькоў нашых Дух Сьвяты праз прарока Ісаю, кажучы:
І нязгодныя адзін з адным, яны пачалі выходзіць, а Павел сказаў ім адно выслоўе: Добра прамовіў Святы Дух праз прарока Ісаію вашым73 бацькам,
“Ідзі да народу гэтага і скажы: 'Слыхам пачуеце, і не зразумееце; і, гледзячы, глядзець будзеце, і ня ўбачыце,
калі казаў: «Пайдзі да гэтага народа і скажы: Слыхам вы будзеце чуць і ні ў якім разе не зразумееце, зрокам глядзець будзеце і ні ў якім разе не ўбачыце;
бо атлусьцела сэрца народу гэтага, і вушамі з цяжкасьцю чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб ня ўбачылі вачыма і не пачулі вушамі, і не зразумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх'.”
бо атлусцела сэрца гэтага народа і вушамі яны з цяжкасцю чулі, і вочы свае яны заплюшчылі, каб не бачыць вачыма і не чуць вушамі і не разумець сэрцам, і не далучыцца, і Я вылечу74 іх».
Дык няхай будзе вам вядома, што паганам паслана збаўленьне Божае, яны і пачуюць».
Дык няхай будзе вядома вам, што гэтае выратаванне Божае было паслана язычнікам; яны яго і пачуюць.
І, як ён гэта сказаў, Юдэі выйшлі, маючы між сабою шмат спрэчак.
[І калі ён сказаў гэта, іудзеі пайшлі, шмат спрачаючыся між сабою.]
А Павал цэлыя два гады заставаўся ў сваёй нанятай кватэры і прыймаў усіх, якія прыходзілі да яго,
І ён75 заставаўся цэлыя два гады ў сваім найманым доме і прымаў усіх, хто прыходзіў да яго,
абвяшчаючы Валадарства Божае і навучаючы пра Госпада Ісуса Хрыста з усёй адвагаю без перашкоды.
прапаведуючы Царства Божае і вучачы пра Госпада Ісуса Хрыста з усёю адвагаю бесперашкодна.