Дзеі 11 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

А апосталы і браты, якія былі ў Юдэі, пачулі, што і пагане прынялі слова Божае.
 
І пачулі Апосталы і браты, якія былі ў Іудзеі, што і язычнікі прынялі слова Божае.

І калі Пётар узыйшоў у Ерусалім, тыя, што з абрэзаных, сумняваліся ў ім,
 
І калі Пётр узышоў у Іерусалім, тыя, што з абрэзаных, сталі спрачацца з ім,

кажучы: «Да мужоў неабрэзаных ты хадзіў і еў з імі!»
 
кажучы: Ты ўваходзіў да неабрэзаных людзей і еў з імі.

А Пётар, пачаўшы, выклаў па парадку, кажучы:
 
І Пётр, пачаўшы, стаў ім тлумачыць па парадку, кажучы:

«Я быў у горадзе Ёппе, молячыся, і ў захапленьні ўбачыў відзеж: нейкае начыньне, якое зыходзіла, быццам вялікі абрус, за чатыры канцы апусканы з неба, і прыйшло да мяне.
 
Быў я ў горадзе Іопіі і маліўся, і ў экстазе бачыў з’явенне: уніз сходзіць нейкая пасудзіна, як бы вялікае палотнішча, якое за чатыры канцы спускаецца з неба; і яно падышло да мяне.

Углядаючыся ў яго, я разгледзеў і ўбачыў чатырохногіх зямных, і зьвяроў, і паўзуноў, і птушах нябесных.
 
Угледзеўшыся ў яго, я, разглядаючы, убачыў зямных чацвераногіх, і звяроў, і паўзуноў, і нябесных птушак.

Пачуў жа я голас, які гаварыў мне: “Устаўшы, Пётар, заколвай і еш”.
 
І пачуў я голас, які казаў мне: «Устань, Пётр, закалі і з’еш!»

А я сказаў: “Ніякім чынам, Госпадзе, бо нічога паганага ці нячыстага ніколі ня браў я ў вусны мае”.
 
Але я сказаў: «Ні за што, Госпадзе, бо паганае ці нячыстае ніколі не ўваходзіла ў мае вусны».

А голас адказаў мне другі раз з неба: “Што Бог ачысьціў, ты не пагань”.
 
І голас адказаў з неба другі раз: «Тое, што Бог ачысціў, не лічы паганым».

Сталася ж гэта тройчы, і ізноў усё ўзьнялося ў неба.
 
І гэта адбылося тройчы, і ўсё было зноў паднята ў неба.

І вось, у гэты момант спыніліся перад домам, у якім я быў, тры мужы, пасланыя да мяне з Цэзарэі.
 
І вось адразу тры чалавекі, пасланыя з Кесарыі да мяне, сталі перад домам, у якім мы былі33.

А Дух сказаў мне ісьці з імі, нічога не сумняваючыся. Пайшлі ж са мною і гэтыя шэсьць братоў, і мы прыйшлі ў дом таго мужа.
 
І Дух сказаў мне, каб я пайшоў з імі, ні ў чым не сумняваючыся. Пайшлі са мною і гэтыя шэсць братоў; і мы ўвайшлі ў дом таго чалавека.

І абвясьціў ён нам, як бачыў у доме сваім анёла, які стаў і сказаў яму: “Пашлі ў Ёппу мужоў і пакліч Сымона, называнага Пятром,
 
І ён расказаў нам, як ён убачыў у сваім доме Анёла, які стаў і сказаў [яму]: «Пашлі [людзей] у Іопію і пакліч Сімана, званага Пятром,

які скажа табе словы, праз якія будзеш збаўлены ты і ўвесь дом твой”.
 
ён скажа табе словы, якімі будзеш уратаваны ты і ўвесь твой дом».

Калі ж я пачаў гаварыць, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, як і на нас на пачатку.
 
І калі я пачаў прамаўляць, на іх зышоў Святы Дух, як і на нас у пачатку.

І ўзгадаў я слова Госпада, як Ён сказаў: “Ян хрысьціў вадою, а вы будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым”.
 
І я ўспомніў слова Гасподняе, як Ён казаў: «Іаан хрысціў вадою, а вы будзеце ахрышчаны ў Святым Духу».

Дык калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, што паверылі ў Госпада Ісуса Хрыста, хто ж я такі, каб мог забараняць Богу?»
 
І калі Бог даў ім роўны дар, як і нам, што ўверавалі ў Госпада Ісуса Хрыста, то хто [ж] я, каб мог працівіцца Богу?

Пачуўшы ж гэтае, яны супакоіліся і славілі Бога, кажучы: «Можа, і паганам даў Бог навяртаньне дзеля жыцьця».
 
І, пачуўшы гэта, яны супакоіліся і праславілі Бога, кажучы: Тады і язычнікам Бог даў пакаянне для жыцця.

А тыя, што расьцярушыліся пасьля ўціску, які стаўся з прычыны Стэфана, пайшлі аж да Фінікіі, і Кіпру, і Антыёхіі, нікому не гаворачы слова, адно толькі Юдэям.
 
А тыя, што рассеяліся ад ганення, якое наступіла з-за Стэфана, прайшлі да Фінікіі, Кіпра і Антыёхіі, не абвяшчаючы слова нікому, акрамя адных іудзеяў.

Былі ж некаторыя з іх мужы Кіпрыйскія і Кірэнэйскія, якія, прыйшоўшы ў Антыёхію, гаварылі да эліністаў, дабравесьцячы Госпада Ісуса.
 
Але былі з іх некаторыя, кіпрыёты і кірэнцы, якія, прыйшоўшы ў Антыёхію, казалі і эліністам34, добравесцячы Госпада Ісуса.

І была рука Госпада з імі, і вялікая лічба, паверыўшы, зьвярнулася да Госпада.
 
І рука Гасподняя была з імі, і вялікае мноства, якое ўверавала, далучылася да Госпада.

А слова пра іх дайшло да вушэй царквы, што ў Ерусаліме, і яны паслалі Барнабу пайсьці аж у Антыёхію.
 
І вестка пра іх дайшла да слыху царквы, што была ў Іерусаліме, і яны паслалі Варнаву, каб ён прайшоў да Антыёхіі.

Ён, прыйшоўшы і ўбачыўшы ласку Божую, узрадаваўся і маліў усіх, каб пры пастанове сэрца трывалі ў Госпадзе,
 
Ён, прыйшоўшы і ўбачыўшы ласку Божую, узрадаваўся і заахвочваў усіх трымацца Госпада шчырым сэрцам,

бо ён быў муж добры і поўны Духа Сьвятога і веры. І значная грамада дадалася да Госпада.
 
бо ён быў чалавек добры і поўны Святога Духа і веры. І даволі вялікі натоўп дадаўся да Госпада.

А Барнаба выйшаў у Тарс шукаць Саўла і, знайшоўшы яго, прывёў у Антыёхію.
 
І ён35 пайшоў у Тарс шукаць Саўла.

Сталася ж, што яны цэлы год зьбіраліся ў гэтай царкве і навучалі значную грамаду; у Антыёхіі найперш вучняў сталі называць Хрысьціянамі.
 
І, знайшоўшы, прывёў яго ў Антыёхію. І так сталася, што яны цэлы год збіраліся ў царкве і навучалі даволі вялікае мноства і ў Антыёхіі вучні ўпершыню былі названы хрысціянамі.

У тыя ж дні прыйшлі з Ерусаліму ў Антыёхію прарокі.
 
А ў гэтыя дні з Іерусаліма ў Антыёхію прыйшлі прарокі.

А адзін з іх, на імя Агаў, устаўшы, праз Духа даў знак, што на ўсім сьвеце мае быць вялікі голад, які і стаўся за цэзара Кляўдыя.
 
І адзін з іх, імем Агаў, устаў і прадказаў праз Духа, што па ўсёй населенай зямлі будзе вялікі голад, які настаў пры [кесары] Клаўдзіі.

А вучні, кожны паводле магчымасьці сваёй, вызначылі паслаць [дапамогу] братам, што жылі ў Юдэі.
 
І вучні вызначылі, каб кожны з іх у адпаведнасці са сваім дастаткам, паслаў успамогу братам, што жылі ў Іудзеі;

І ўчынілі гэта, паслаўшы да старостаў праз рукі Барнабы і Саўла.
 
што яны і зрабілі, паслаўшы сабранае да прасвітараў праз руку Варнавы і Саўла.